Нацыянальны банк Беларусі не будзе праводзіць эмісію для дасягнення прагнозных параметраў ВУП, заявіла 21 лістапада журналістам у Мінску старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова. «Мы не маем права рабіць эмісію, і не будзем яе рабіць», — падкрэсліла яна.

Нагадаем, тэмп росту ВУП у Беларусі за дзевяць месяцаў склаў 102,5%, за дзесяць — 102,2% пры гадавым прагнозе 105–105,5%.

Каментуючы 16 лістапада факт запаволення росту ВУП, прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч заявіў: «Маленькі, але залаценькі — мы павінны мець рэальны эканамічны рост.
Мяркуем, што сёлета беларуская эканоміка забяспечвае аздараўленне, і галоўная мэта застаецца ў тым, каб быў стабільны эканамічны рост, рэальны эканамічны рост».
Аднак Аляксандр Лукашэнка, прымаючы Мясніковіча з дакладам 20 лістапада, жорстка запатрабаваў ад урада выканаць усе паказчыкі 2012 года, асабліва па ВУП.

Каб пачуць апаніруючы ўраду пункт гледжання, Лукашэнка запрасіў кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кабякова і памочніка Пятра Пракаповіча. На сустрэчы таксама прысутнічалі міністр эканомікі Мікалай Снапкоў і міністр фінансаў Андрэй Харкавец.

Лукашэнка ў першую чаргу цікавіўся тэмпамі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў 2012 годзе і планамі на год будучы.

«Учора мы такую размову пачалі з міністрам эканомікі і памочнікам па эканоміцы. Аказваецца, поўны разброд і хістанне, — абурыўся Лукашэнка. — Кажуць, галоўнае — гэта экспарт, а ВУП — гэта ўсё роўна. Я разумею, што экспарт для нас — гэта жыццёва важны паказчык, але без ВУП не будзе і вялікіх аб’ёмаў экспарту. Ужо зразумела, што наша эканоміка такая, што калі экспарт ці ВУП паболей трэба, то і імпарт будзе вырастаць. Ну так у нас ёсць дададзены кошт — давайце будзем выпускаць тавары з большым прыбыткам. Не страшна, што імпарт узрасце, галоўнае, каб экспарт адпаведна потым вырас, каб мы не толькі кампенсавалі затраты па імпарту, але і атрымалі добры дададзены кошшт», — заявіў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?