Гарадскія ўлады і прадпрыемства «Гарсвятло», дзе «шыюць» навагодняе ўбранне для горада, вырашылі такім чынам рушыць услед еўрапейскай модзе.

— Залацісты колер — гэта не толькі модна, але і прыгожа, — кажа дызайнер «Гарсвятла» Канстанцін Казакоў. — Шары будуць рознага дыяметра і рознай тэкстуры: парча, глянец, матавыя… развесім іх на ёлцы ў хаатычным парадку. У цёплым свячэнні будуць прамяні, якія працягнуцца ад верхавіны елкі да перыферыі. На флагштоках павесім зіхоткія трубкі, як мы іх назвалі, «слёзы».

Дарэчы, задумку з апошнім упрыгожаннем працаўнікі прадпрыемства «Гарсвятло» ўвасабляюць у жыццё самі. Канстанцін праводзіць мяне ў лабараторыю кантрольна-вымяральных прыбораў і аўтаматыкі. Тут слесары Валерый Чарных, Васіль Старавойтаў і Уладзімір Калешка робяць усе гірлянды, якія толькі можна зрабіць рукамі ва ўмовах лабараторыі.

— Да нас Новы год прыходзіць яшчэ ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада, — жартуюць яны. — Ужо ў гэты час бяромся за навагоднія ўпрыгожанні. Цяпер робім «слёзы» і насычаныя святлодыёдамі шары для піраміды.

Ёлка-піраміда — гэта ідэя Канстанціна Казакова. Металічны каркас, унізанымі шарамі, з’явіцца ў парку імя Жылібера над маленькім фантанам.

— Працу па метале таксама выконваем на прадпрыемстве, — дызайнер паказвае металічную канструкцыю ў выглядзе аленя. — Каля пяці такіх аленяў будуць «гуляць» на плошчы Леніна. Плюс насупраць будынка гарвыканкама «вырастуць» два зіхоткія дрэвы.

Гірлянды на галоўнай ёлцы, як і ў мінулым годзе, будуць свяціцца рознымі колерамі. Амаль без зменаў застанецца навагодняе ўбранне плошчы Савецкай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?