Жыццё пачынаецца не ад моманту нараджэння, а ад моманту зачацця.
Жыццё, якое з’явілася ўва мне, яшчэ не было нават падобным на чалавечка, а ўжо думала, ужо размаўляла са мною, ужо існавала. Магутныя пазітыўныя імпульсы, што ішлі глыбока знутры, стваралі вонкавую ахоўную абалонку. І яна не дазваляла негатыву прабіцца праз яе і адштурхоўвала яго з такой сілай, што навакольныя людзі адчувалі гэта на адлегласці. Мне казалі — ты ззяеш, ад цябе ідуць хвалі супакою… І гэта было — так. Зламыснікі не маглі нам з дачкою нічым пашкодзіць, наадварот, праз тую сілу іхнія злыя намеры вярталіся да іх у шматкратным памеры. А чорныя коткі пры сустрэчы саступалі мне дарогу.
Я чакала гэтага маленькага чалавечка. Я заўсёды верыла, што аднойчы Бог падорыць мне шчасце быць мамай.
Нягледзячы ні на што, мая дачка была мне жаданай. І яна пра гэта ведала. Мы былі адным цэлым і нават Анёл смерці ўразумеў нашую цэласнасць. Загадкавая вялікая постаць у белым з’явілася аднойчы, каб забраць чыюсьці маленькую зорачку. Я ў той час знаходзілася ў шпіталі на захаванні цяжарнасці, і, убачыўшы постаць, якая стаяла паміж мной і суседкай па палаце, постаць, ад якой дыхала пагрозай, — пачала горача маліцца. Анёл знік. Аднак, як аказалася, з ахвярай — суседку на наступны дзень прааперавалі, а з маёй маленькай іскрынкай ўсё сталася добра. Пасля гэтага выпадка мы палатай вырашылі ўчыніць споведзь і запрасілі айца, які даў мне дабраславенне.

Калі я разважала над выбарам імя для дзіцяці, яшчэ не ведаючы, хто будзе, імя Міхаліна — а разам і царкоўнае імя, з якой потым яе пахрысцілі — прыйшло адразу, дзіцё само мне яго падказала. А вось імя для хлопчыка я так і не прыдумала і, хоць і спадзявалася, што будзе сын, да свайго маленькага жыхара жывоціка я ў нейкі момант пачала звяртацца як да дзяўчынкі.

Мы былі адным цэлым. Нас звязвала не толькі пупавіна, але штось значна большае. Мы размаўлялі паміж сабою і вельмі часта дачка падказвала правільныя вырашэнні той ці іншай праблемы.
Мы нават абмяркоўвалі дзень нараджэння — і ўсё выйшла так, як і планавалася, хоць і не зусім. Хаця пра гэтае «не зусім» мая дзяўчынка таксама ведала, таму прымусіла мяне літаральна збегчы з Нясвіжа ў Менск, дзе нам была аказана высокакваліфікаваная дапамога цудоўнага медперсаналу Менскай абласной радзільні.
І хочацца, карыстаючыся нагодай, яшчэ раз падзякаваць усім — акушэрам, дактарам, рэаніматолагам і супрацоўнікам дзіцячага аддзялення, якія даглядалі маю маленькую, калі я знаходзілася пад кропельніцамі і лекамі. Без вас нас бы не было.
Не было б такога шчасця, якое ўжо робіць першыя самастойныя крокі.
Мінуў год. Ад тае самай лепшай хвіліны, калі мы ўпершыню сустрэліся.
Мы вытрымалі ўсё. І па вяртанні дадому для нас абедзвюх пачалася адаптацыя да навакольнага асяроддзя. Калі сябры праз газету прапанавалі нам дапамагчы, я ніколі не думала, што адгукнецца столькі людзей. І я вельмі ўдзячна за тую падтрымку, якую мне пачалі аказваць знаёмыя і зусім не знаёмыя. За тое, што знаходзілі час і магчымасць прыехаць і падбадзёрыць, падтрымаць. Дзякуй вялізны ўсім, хто знайшоў для нас некалькі словаў у лістах, некаькі хвілінак у дарозе і ў тэлефанаваннях. Для мяне гэта было насамрэч важным.
Хтось казаў, што першыя месяцы ад нараджэння — самыя цяжкія. З аднаго боку — так. Цяжка ў псіхалагічным плане. Быць замкнёнай у чатырох сценах на працягу доўгіх месяцаў, калі безадрыўна знаходзішся каля дзіцяці, выскокваеш на двор літаральна хвілінак на пяць дыхнуць свежага паветра — і назад, да сваёй лялькі.
Страціць магчымасць камунікацыі са светам. Інтэрнэт? Моўчкі клацаць па клавіатуры у той час, як ўзрастае неабходнасць пачуць жывое слова. Тэлефон? Абмежаванасць размоваў на адлегласці, калі ўсё зводзіцца да банальных запытаў наконт здароўя. Дый на лісты не маеш часу. Адчуванне поўнай ізаляванасці заганяла мяне ў нябачныя краты, я пачувала сябе ў зняволенні строгага рэжыму, і толькі мая дачушка дапамагала мне не ўпасці ў поўную дэпрэсію.
Міхалінка дапамагла мне ўбачыць свет новымі вачыма, зірнуць на ўсё з іншага ракурсу, з іншай вяршыні, пераасэнсаваць каштоўнасці і расставіць прыярытэты.
Зразумець — хто мне сябар, а хто — мінак.
Цяпер некалькі словаў пра набалелае. Зразумела, аборт — гэта забойства.
Зразумела, з гэтым трэба штосьці рабіць. Але забараняць аборты нельга. Калі цяпер такая працэдура робіцца ў санітарных умовах кампетэнтнымі медыкамі — і гэта не заўсёды забяспечвае захаванне здароўя жанчыны-то пасля забароны ўсё будзе значна горш. У падпольных умовах за вялікія грошы, якія не ўратуюць ад інфекцыі, а то і самімі жанчынамі, што прывядзе ў большасці выпадках да фатальных вынікаў, яшчэ ў палове — да калецтва. Пытанне аборта — вельмі тонкае, каб яго можна было вырашаць вось так наводмаш. На яго ўплываюць сацыяльныя, фізіялагічныя, медычныя і маральныя аспекты, і было б значна лепей, каб пры жаночых кансультацыях былі створаны цэнтры псіхалагічнай дапамогі. Бо і атрымліваецца, што
ў гэтым няшчасці, у гэтай бядзе застаецца вінаватай толькі жанчына — велізарная грэшніца, якой няма прабачэння. А пра тое, што ў першую чаргу мужчына павінен несці адказнасць за будучага чалавечка — усе маўчаць.
Не ў крыўду, аднак большасць мужчын цяпер — хваробістыя і немачныя. Яны пакутуюць праз сваю дыскрымінацыю і патрабуюць гендарнай роўнасці — зноў жа такі, імкнучыся перакласці ўсё на плечы жанчыны, якая і без таго цягне на сабе акрамя працы-гаспадаркі-дзяцей яшчэ і яго самога. Ні пра якую гендарную роўнасць не можа быць і гаворкі, пакуль гэты слабенькі кволы мужчынка будзе падымаць руку, а то і нагу на жанчыну. Пакуль гэты мужчынка ў грамадскім транспарце будзе прыкрывацца сваёй немаччу, каб ні ў якім разе не саступіць месца цяжарнай жанчыне, ды яшчэ і смяяцца ёй у вочы — дзе вы бачылі тут мужчын.
Сапраўды, дзе вы, мужчыны? Куды падзеліся? Можа, хопіць плакацца пра дыскрымінацыю вас, гаротнікаў, гэтымі сцервамі-жанчынамі?
Самая вялікая дыскрымінацыя, якую сама прырода ўчыніла да вас — гэта тое, што мужчына па сутнасці сваёй не можа зацяжарыць і, суадносна, нарадзіць.
Калі б мужчына зведаў той боль, які мы церпім падчас родаў — усе іхнія размовы наконт «моцнага/слабога полу» скончыліся б.
Памаўчыце ж, мужчыны. На размовы вы ўсе героі, а як дойдзе да справы — вас не знойдзеш, вы будзеце хавацца ў бульбе і кідацца камянямі ў спіну жанчыне, вы будзеце абвінавачваць яе ў вядзьмарстве, а яе дзіця зневажаць толькі за тое, што вы калісьці збаяліся і не пажадалі браць на сябе адказнасць за жыццё маленькага чалавечка.
Маці-адзіночкі і іх дзеці заўсёды былі і застаюцца самай безабароннай часткай грамадства. Раней іх цкавалі прылюдна, а цяпер пагарда схаваная, але таксама адчувальная.
І мы вымушаныя быць моцнымі, бо спадзявацца няма на каго, толькі на Бога і свае ўласныя сілы.
А з Міхалінкай я нібыта перажываю ўсё сваё жыццё наноў.
Спасцігаю новы для сябе свет і вучуся жыць у ім. Першы ўдых паветра, балючы для нас абедзвюх. Першы глыток мамінага малака — а яно, аказваецца, смачнейшае за гэтыя штучныя сумесі, і заўсёды побач, і заўсёды столькі, колькі хочацца. І можна, насмактаўшыся мамінага малака, паспаць на яе грудзях — яны такія цёплыя, утульныя і смачна пахнуць.
І калі мама побач — ужо ўсё не так і страшна, бо яна заўсёды прытуліць і абароніць, сцішыць, супакоіць.
Першыя гукі, якімі дзіця вучыцца камунікаваць… Дарэчы, чаму немаўля? Мова ў маленькага чалавечка ёсць, проста мы, дарослыя, не разумеем яе. А мова дзіцяці багатая. Інтанацыі, з якімі дачка прасіла пустышку, малачка, вадзічку — розныя. Калі прачынаецца і кліча да сябе, калі проста хоча звярнуць на штосьці ўвагу. Ты вучыш дзіця самым простым складам — і яно вымаўляе іх акурат да месца і па тэме. Бліжай да года дзіця валодае мінімумам неабходных для камунікацыі гукаў — і мама заўсёды разумее, чаго хоча яе сонейка.
Скажу нават болей — сувязь паміж мамай і дзіцем амаль што тэлепатычная.
Маленькі чалавечак, пакуль не навучыцца размаўляць на зразумелай усім мове — гаворыць на мове старажытнага Вавілона. Прыслухайцеся — і вы пачуеце.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?