Facebook, найбуйнейшая сацыяльная сетка ў свеце, у якой зарэгістраваныя каля мільярда чалавек, заявіла пра свае планы аб’яднаць асабістую інфармацыю карыстальнікаў з фотасэрвісам Instagram. Гэта дазволіць ствараць аб’яднаныя акаўнты з выкарыстаннем баз дадзеных абодвух сэрвісаў.

Падобны крок ужо зрабіла мегакарпарацыя Google, калі ўніфікавала базу дадзеных карыстальнікаў для ўсіх сваіх сэрвісаў: зараз карыстальнікам Gmail, YouTube, Google+ патрэбны усяго адзін акаўнт.

Facebook заўпэўнівае, што такі захад дапаможа палепшыць сэрвісы як самой сацыяльнай сеткі, так і яе падрадзяленняў кшталту Instagram, які каліфарнійская кампанія набыла ў кастрычніку за 715 млн даляраў.

Але абаронцы прыватнасці інфармацыі не задаволеныя рашэннямі карпарацый. Так, Google была жорстка раскрытыкавана ў ЗША і ЕС праз тое, што ўводзіць карыстальнікаў у падман і не гарантуе таямніцу прыватнага жыцця. У красавіку Федэральная гандлёвая камісія ЗША таксама звінаваціла Facebook у тым, што кампанія прымушае карыстальнікаў дзяліцца з ёю нашмат большым аб’ёмам прыватнай інфармацыі, чым яны планавалі. Супярэчнасці былі ўрэгуляваныя, і Facebook пагадзілася пытацца карыстальнікаў пры змене ўмоваў прыватнасці, а таксама праходзіць незалежныя праверкі цягам наступных 20 гадоў.

У гэты ж час аб’яднанне профіляў Facebook і Instagram — не адзіная значная змена, якую запланавала Facebook. Кампанія таксама жадае зняць у карыстальнікаў сацсеткі магчымасць кантраляваць кола асобаў, якія могуць ліставаць ім.

Цяпер прапанаваныя змены адкрыты для публічнага каментавання. У тым выпадку, калі колькасць каментароў дасягне 7 000, аўтаматычны сэрвіс запусціць галасаванне сярод карыстальнікаў. Але раней Facebook таксама казала, што галасаванне можа быць зменена на нейкі іншы механізм зваротнай сувязі, бо для прыняцця зменаў неабходны ўдзел не менш як 30% карыстальнікаў сэрвісу, але два папярэднія разы «яўка» не дасягала гэтага ўзроўню.

Instagram — бясплатны сэрвіс абмену фотаздымкамі, які дазваляе карыстальнікам рабіць фотаздымкі з дапамогай мабільных прыладаў (смартфонаў, планшэтаў, г.д.), хутка апрацоўваць іх ды загружаць у сеціва. Карыстальнікі Instagram дазваляе сачыць за абнаўленнямі сваіх «сяброў», каментаваць і «лайкаць» іх. Фота, зробленае ў Instagram, можна аўтаматычна «запосціць» у Facebook, Twitter, Tumblr, Flickr. Сярод актыўных карыстальнікаў Instagram — шмат знакамітасцяў: сэрвіс дае магчымасць «пабачыць» жыццё вачамі Джэніфер Лопэс, Вікторыі Азаранкі, Сяргея Гудзіліна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?