Малы Клімок ляжаў пад кажухом на палацях і слухаў посвіст ветру за сцяной. Дзед Савось сядзеў перад комінкам, задуменна пазіраў на агонь і пыхкаў люлькай.

— Дзеду, раскажы як прэзідэнт з ханьцамі змагаўся? — раптам папрасіў хлапчук.

— Ат, што тут казаць. Звязаўся ён з імі на сваю галаву і пайшло, паехала…

Цяжка жылося нам тады, унучак. Электрыка, вада — усё па ліміце, а што звыш таго — па цане ў чатыры разы большай.
Пра тое, што настаў крызіс, мы здагадаліся па затаварванні крам гігіенічнай паперай. Яе куплялі толькі крэпкія, заможныя людзі. Ну, тыя, у каго тхор ці ласка не паелі курэй.
А тут яшчэ адна бяда: ханьцы за даўгі пасталіліся забраць у арэнду Гомельскую вобласць на 25 сталеццяў. І яны не жартавалі.
«Белсат» знайшоў іхні экспедыцыйны корпус на Вялікім Саетным Шляху — яны тады ўжо забралі яго ў Расеі за даўгі на 25 тысячалеццяў. Расея рассеклася гэным шляхам напалам: на Паўдзённае Царства і Паўночнае Царства.
Гомельскі губернатар замест таго, каб узначаліць партызанскую барацьбу з акупантамі, кінуўся ў здраду. Пашыў сабе пагоны генерал-аншэфа, загадаў сеяць замест картопляў рыс і сою для соўсу і будаваць свінакомплексы.
Прэзідэнт паслаў свой легендарны АМАП, каб здушыць здраду in vitro і ўсталяваць канстытуцыйны парадак. Але з-за бездаражы АМАП не здолеў прабіцца ў Гомель. Тады прэзідэнт абвясціў усе гарады, мястэчкі і аграмястэчкі рокашнай вобласці цвярдынямі і загадаў бараніцца да апошняй кроплі славянскае крыві. Але здрада саспела даўно.
У Шацілках пятая калона кітайцаў-хуацяваў падкупіла надрукаванымі на Фармозе фальшывымі юаня-далярамі тамтэйшы савет разам з начальствам і вертыкаллю.
З усяго насельніцтва супраць перавароту пратэставалі толькі парыцкія жыды, бо забаяліся канкурэнтаў.
Беларусы ж чакалі, што за іх усё зробіць час.

Шацілкаўскія юды, устанчаючы хуацявам, забаранілі спажыванне кавы і загадалі ўсім піць гарбату.

З усяго грыму-макільяжу дзеўкам была дазволена толькі жоўтая пудра вялікаханьскай вытворчасці.
Далей яны подла скасавалі прэзідэнтаў дэкрэт пра неабмежаваную свабоду сэксу і дзетанараджэння і ўвялі Ірадаву квоту: паўдзіцяці на сям’ю.
У імпэце здрады яны панішчылі нават святое — дзяржаўную ідэалогію — і ўвялі канфуцыянства.
І каб падлізацца да новых паноў, дазволілі ім збудаваць самы вялікі завод адшараванай цэлюлозы ў Еўропе.

— Ад Шацілак да Якімавай Слабады? — спытаў Клімок.

— Да не ж не! Ад Шацілак і да Рэчыцы!

Небяспека была такая вялікая, што амерыканцы на сваіх базах у Еўропе перасталі спаць. Яны самалётамі вазілі салдат спаць у Амерыку, а адтуль прывозілі новых, добра выспаных.
Радары круціліся так хутка, што не вытрымлівалі, гарэлі шведскія падшыпнікі з найлепшай, яшчэ даваеннай, сапраўднай крупаўскай сталі. Яшчэ б трохі — і ракеты падскочылі б для адпомсты за ўсё: і за разбураную еўрапейскую лёгкую прамысловасць, і за непамерны прафіцыт гандлёвага балансу, і за скупленыя дзяржаўныя аблігацыі Вяліказлучаных Штатаў, і за Алімпійскія гульні.

Але нішто не вечнае пад Небам.

Шлях ад Паднябеснай у Беларусь — не вярста з гонямі.
Пакуль корпус таптаў Вялікі Саетны Шлях, ваяры некалькі разоў пераходзілі на службу то да Царства Ху, то да Царства Й, мянялі галаўныя ўборы, ідэалагічныя ўстаноўкі, сэксуальную арыентацыю і харчовыя звычкі. І гэтак загадзілі ўзбочыны Вялікага Саетнага Шляху, так засмуродзілі, што Іран, Узбекістан ды іншыя гаспадарствы абвясцілі пра сваё выйсце з Дамовы пра агульную абарону.

Ваяры старэлі, мерлі па дарозе, слабелі. І пакуль дайшлі да нашага блізкага замежжа, то, каб нацягнуць цеціву лука ці арбалета, трэба было ўжо не два, а чатыры ханьцы.

Здрайцы заняпалі духам, ідэалагічная вертыкаль ізноў засведчыла сваю жыццёвасць і натуральна, перайшла на бок прэзідэнта.
Прэзідэнт усчапіў кайстру, узяў малога, уздыхнуў і паляцеў да мурынаў старцаваць антыханьскія крэдыты. Яго ўважліва паслухалі і грошай пазычылі.

— Пад якія гарантыі? Пад дзяўчынак-беларусак для гарэмаў ураджаю 20. года. Далёка наперад пазіралі паганцы, дбалі пра сэкс-патрэбы не толькі сыноў, але і ўнукаў.

Канечне, абараняючы правы чалавека, прэзідэнт пасля гэтага выдаў жарсценны загад супраць гандлю людзьмі, асабліва жанкамі. Каму трэба, той яго вітаў, асабліва арабскія краіны на сесіі ААН па правах людзей.

На антыханьскія грошы набралі новы АМАП, навучылі яго беларускай мове, ён прабіўся да Гомля, бо ўмеў распытваць пра дарогі і ўсё-ткі павесіў самазванага генерала-аншэфа.

Шацілкаўскія здрайцы, баючыся бязмежнага прэзідэнтавага гневу, павесіліся самі. Пакумекаўшы, колькі хабару давядзецца даваць адвакатам, суддзям ды энкавэдзістам, палічылі пятлю меншым ліхам.

Так мы аднавілі канстытуцыйны лад і захавалі шанцы на канстытуцыйную манархію ў аддаленай будучыні.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?