На адным з узгоркаў у Паўночнай Карэі 20-метровымі літарамі быў выкладзены прапагандысцкі лозунг, які праслаўляе новага лідара КНДР Кім Чэн Ына, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Лозунг даўжынёй 548 метраў абвяшчае: «Няхай жыве Генерал Кім Чэн Ын, зіхатлівае Сонца!»

Вялізныя белыя літары бачныя з космасу. Надпіс з’явіўся ў правінцыі, якая мяжуе з Кітаем.

Кім Чэн Ын стаў лідарам Паўночнай Карэі пасля смерці свайго бацькі Кім Чэн Іра ў снежні 2011 года.

Неўзабаве пасля гэтага яго сталі называць «Вялікім Пераемнікам» і «вялікім чалавекам, народжаным на нябёсах», працягваючы традыцыю культу асобы, якая склалася ў часе кіравання яго дзеда і бацькі.

Як і ў выпадку з яго папярэднікамі, паўночнакарэйскія СМІ ўяўляюць Кім Чэн Ына чалавекам з выдатнымі здольнасцямі.

У пачатку гэтага года паведамлялася пра тое, як ён кіраваў навучаннем пілотаў, а затым вучыў граць ваенны аркестр.

У адной з паўднёвакарэйскіх газет адзначаецца, што з’яўленне гіганцкага лозунга працягвае традыцыі паўночнакарэйскіх правадыроў.

Мяркуючы па ўсім, традыцыя гэтая зарадзілася ў 1970-я гады, калі лозунгі, якія праслаўляюць Кім Ір Сэна і Кім Чэн Іра, высякалі на схілах паўночнакарэйскіх гор.

Лічыцца, што самі правадыры сцвярджалі, што будучыя пакаленні павінны ведаць, якім вялікім людзям служылі іх продкі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?