На датэрміновых выбарах у парламент Каталоніі перамог з 31% галасоў памяркоўны Нацыянальны альянс «Канвергенцыя і саюз Каталоніі».
Паслядоўна незалежніцкая Партыя левых рэспубліканцаў здабыла 14% галасоў. Агулам чатыры незалежніцкія партыі сабралі 57% галасоў.
Кансерватыўная Народная партыя і агульнагішпанская Сацыялістычная рабочая партыя, а таксама іншыя сілы, што выступаюць за захаванне адзінства Гішпаніі, здабылі разам 35% галасоў.
Такія вынікі азначаюць, што рэгіён чакае рэферэндум пра поўную незалежнасць ад Гішпаніі.
Такая перспектыва стала магчымай пасля таго як да патрабавання незалежнасці далучылася кіраўнічая партыя «Канвергенцыя і саюз», якая раней абмяжоўвалася патрабаваннямі самастойнасці ўнутры Гішпаніі.
Мадрыд пярэчыць прэтэнзіям Барселоны на суверэнітэт. Да таго ж, вялікія лічбы каталанцаў жывуць за межамі рэгіёна Каталоніі, у суседніх правінцыях. Таму разыходжанне дзвюх краін можа аказацца напружаным, а вызначэнне межаў новай дзяржавы — складаным працэсам.
Каталонія — гэта рэгіён на поўначы Іспаніі, ад Міжземнага мора да Пірэнеяў. Жыве там каля 7 мільёнаў чалавек. Сталіца — Барселона.
Знакамітыя каталанцы: мастакі Сальвадор Далі, Хаан Міро, архітэктар Антоні Гаўдзі, скульптар Арыстыд Маёль, бізнэсовец Факунда Бакардзі — стваральнік рому «Bacardi», жыдоўскі філосаф Нахманід, спевакі Хасэп Карэрас і Мантсэрат Кабалье, спартоўцы Хуан Антоніа Самаранч, Хасэп Гвардыёла.У каталонцаў ёсць свая асобная мова і культура.
У часы франкізму каталанскую мову не вывучалі ў школах, яе вывелі з публічнага ўжытку. Але пасля падзення дыктатуры адбылося яе адраджэнне.На сёння каля 35% насельнікаў Каталоніі аддае перавагу каталанскай, 45% — гішпанскай. 20% актыўна карыстаюцца ў побыце абедзвюма мовамі ці трасянкай.
Пры гэтым у Каталоніі дзейнічаюць меры, накіраваныя на падтрымку нацыянальнай мовы.