Павел Латушка быў вызвалены ад пасады міністра культуры Беларусі на падставе ўказа прэзідэнта ад 16 лістапада гэтага года. Пра ягонае прызначэнне паслом у Францыю гаварылі даўно.

Адны расцэньваюць гэта як руку, працягнутую Еўропе. Паслом у адной з галоўных краінаў ЕС прызначаны чалавек, які ўмее весці дыялог і з якім не ганебна весці дыялог. Другія, наадварот, адзначаюць, што з урада сышоў адзіны беларускамоўны міністр і гэта частка курса на русіфікацыю.

А вось «Штодзённіку», нібыта, сталі вядомыя іншыя факты, якія, як піша аўтар выдання, «хутчэй за ўсё, і з’яўляюцца прычынай з’яўлення ў Паўла Латушкі жадання вярнуцца да дыпламатычнай дзейнасці. Гаворка ідзе аб злоўжываньнях у міністэрстве культуры, якія выявіла Генеральная пракуратура».

Праўда, само выданне засцерагаецца, што «Павел Латушка крышталёва чысты і да выяўленых злоўжыванняў не мае наўпроставага дачынення». Але ж «яму можна толькі паставіць у віну недальнабачнасць і занадта вялікую веру ў людзей, гэта значыць у сваіх падначаленых, якія яго і падвялі».

«Цяпер ужо былому міністру культуры, ніхто ніякіх абвінавачванняў прад’яўляць не збіраецца». А ў чым жа тады «скрыня цвікоў» Латушкі?
Аказваецца, «паводле звестак Генпракуратуры, аб’ёмы сродкаў, якія страціў бюджэт за той час, пакуль Міністэрствам культуры кіраваў Павел Латушка, — самыя вялікія за ўсю сучасную гісторыю гэтага ведамства».

Такім чынам, Латушка з гэтай гісторыі паўстае неэфектыўным кіраўніком.

«Па выяўленых фактах Генеральнай пракуратурай ўжо заведзена адна крымінальная справа, але людзі, якія праводзілі праверку засваення міністэрствам бюджэтных сродкаў, што накіроўваюцца на рэканструкцыю і будаўніцтва аб’ектаў культуры, кажуць, што такіх спраў будзе шмат», — палохае выданне з крыніцамі ў сілавых структурах.

Гаворка ідзе аб дзейнасці ААТ «Аб’яднаная дырэкцыя аб’ектаў, якія будуюцца» Міністэрства культуры Беларусі, у вядзенні якога знаходзіцца рэканструкцыя ўсіх значных аб’ектаў культуры ў Беларусі.

«Пакуль у крымінальнай справе фігуруе толькі адна асоба — дырэктар ААТ «Аб’яднаная дырэкцыя аб’ектаў, якія будуюцца», які падазраецца ў здзяйсненні злачынства па ч.3 арт.424 Крымінальнага кодэкса Беларусі (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі,
здзейсненае службовай асобай, якая займае адказнае становішча, альбо пры выкананні функцыяў па раздзяржаўленні ці прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці, альбо якія пацягнулі цяжкія наступствы). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці», — паведамляе выданне.
Паводле звестак праваахоўных органаў, падазраваны з кастрычніка 2010 года да мая 2011 года аддаваў ўказанні падначаленым супрацоўнікам аб неправамерным падпісанні фіктыўных актаў здачы-прыёмкі выкананых будаўніча-мантажных работ, нібыта вырабленых ПБУП «Мілдзіс» пры будаўніцтве аб’екта «Спартыўна-культурны цэнтр Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў на вул. Рабкораўскай, 17 у Мінску».
Акрамя таго, дырэктар нібыта таксама аддаваў незаконныя ўказанні падначаленым аб пералічэнні паказаным прадпрыемству неабгрунтаваных авансаў, пры тым, што нават папярэднія авансы адпрацаваны не былі.
Карацей, дробны гаспадарнік на адным аб’екце, магчыма, — следства яшчэ нават не скончылася, не кажучы пра суд! — парушыў закон. І гэта дае падставу аўтару зрабіць забойчую выснову: «Кажуць, што як міністр Латушка быў вельмі нават добры, але занадта мяккі.
Яму не хапала цвёрдасці для належнага фінансавага кантролю за ўсімі падраздзяленнямі міністэрства».
Але хто ж «кажа», «Ежедневнік» не ўдакладняе.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?