26.11.2012 / 10:11

Апазіцыя і дыяспара хочуць правесці інтэрнэт-выбары 24

На кангрэсе ў Таліне абмеркавалі стратэгію на 2013–2015 гады, інтэрнэт-праймерыз як спосаб абрання каардынацыйнай рады апазіцыі, а таксама магчымасці працы з дыяспарай.

V Кангрэс новай беларускай дыяспары Еўропы і ЗША дэмакратычных сілаў Беларусі ў Таліне сабраў амаль 50 удзельнікаў. Традыцыйным арганізатарам выступіў палітычны ўцякач Павал Марозаў і яго арганізацыя «Трэці шлях».

Беларускую дыяспару прадстаўлялі «Беларускі інфармацыйны дом» (Польшча), «Беларускі трыбунал» (Нідэрланды), «Альянс за мадэрнізацыю» (Чэхія), Беларускі дом у Вільні (Літва), Deutsch-belarussische Gesellschaft (Нямеччына), Беларусы Пецярбурга (Расія).

У якасці экспертаў — палітуцекачы Алесь Міхалевіч і Алесь Зарэмбюк, намеснік старшыні «Руху за Свабоду» Юрась Губарэвіч, сябра Сойму Партыі БНФ Юры Чавусаў, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава і шэраг іншых.

На пытанне, чаму менавіта такі склад удзельнікаў, Павал Марозаў патлумачыў, што хацелі сабраць розныя, не толькі палітычныя групы, якія маглі б працаваць разам.

Некаторыя запрошаныя госці ад удзелу адмовіліся.
Напрыклад, рэдактарка сайта Хартыі-97 Наталя Радзіна напярэдадні напісала ў сваім фэйсбуку:

«Са здзіўленнем даведалася, што на „Кангрэсе беларускай дыяспары“ <…> будзе Вольга Абрамава. Выдатная кампанія. Я, мабыць, устрымаюся ад удзелу».

Узяць удзел не змог і намеснік старшыні Рады БНР Сяргей Навумчык. Трэба адзначыць, што арганізатар Кангрэсу Павал Марозаў — сябра Рады БНР.

Паводле Марозава, дзеячам апазіцыі і грамадзянскай супольнасці не хапае шчырасці:

«Вось Мацкевіч, напрыклад, падмяняе паняцці. Чаму б яму не сказаць, чаго ён рэальна хоча. Маўляў, я хачу прыйсці да ўлады. Тады лепш не прыкрывацца грамадзянскай супольнасцю».

Марозаў лічыць, што апазіцыі і НДА ў Беларусі лепш працаваць паасобку:

«Сапраўды, ёсць сэнс раздзяліць палітычныя суб’екты і грамадзянскую супольнасць. Даць магчымасці сфармаваць кааліцыі. Мы чакаем ад палітыкаў простага фіналу: змены сістэмы. Вось Ліпковіч — ён палітык? Не, ён трыбун. Такім людзям трэба даць сваю трыбуну. Для палітыкаў гэта будзе прыманкай, каб з імі працаваць. І для грамадства гэта будзе арыенцірам. З’явяцца новыя твары. Грамадства будзе актывізавацца».

Выступ Алеся Міхалевіча датычыў сённяшняй сітуацыі ў Беларусі:

«Адна з галоўных цяпер праблемаў — масавая эміграцыя, асабліва ў Расію, хаця там падлік беларусаў не вядзецца. Шмат беларусаў з’ехалі ў Кіеў. <…> Згадайце, усе прагназавалі масавую прыватызацыю. Але стала відавочна, што Лукашэнка не збіраецца дзяліцца ані ўладай, ані маёмасцю».

Юрась Губарэвіч пачаў і скончыў выступ прагнозам, што 2013 год наўрад ці прынясе нейкія зрухі.

«Грамадства будзе занятае вырашэннем сваіх уласных, у тым ліку фінансавых праблемаў. Палітычная актывізацыя будзе невялікая, тым больш калі апазіцыя не выступіць кансалідавана. Напярэдадні мясцовых выбараў 2014 года магчымае абранне адзінага кандыдата».

Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава задала пытанне Юрасю Губарэвічу пра раскол апазіцыі на «радыкальную» і «ўмераную»:

«Ваш альянс „Руху за Свабоду“, „Гавары праўду“ і БНФ, на маю думку, вельмі перспектыўны. Ці мадэлявалі вы адносіны з другім лагерам, з радыкаламі? Таксама, як на мяне, Мацкевіч [Уладзімір] бліжэйшы да вашай групы. Якія з ім адносіны?»

Юрась Губарэвіч адказаў, што падзел на «радыкальных» і «ўмераных» умоўны:

«Усе радыкалы ўжо з’ехалі з Беларусі. Іх радыкалізм — у рыторыцы і непрымірымай пазіцыі. На маю думку, пазіцыя іх утапічная, яна толькі кансервуе сітуацыю, наменклатура для сябе не бачыць ніякіх перспектываў. <…> Што да Мацкевіча, да гэтага ён быў крытыкам апазіцыі. Паглядзім, ці зможа ён уліцца ў палітычныя працэсы».

Увогуле, цягам Кангрэсу Вольга Абрамава праяўляла надзвычайную актыўнасць і падчас кожнай дыскусійнай панэлі выступала ці задавала пытанні. Між іншага, яна зрэагавала на выступ палітолага Андрэя Паротнікава пра тое, што Лукашэнка шукае альтэрнатыву Расіі:

«Я думаю, у Беларусі з Расіяй шмат супольных інтарэсаў. І ніякі Катар Расіі не заменіць. Акрамя таго Расія мае ідэалагічную і вайсковую зацікаўленасць у Беларусі. <…> Разам з тым існуе нацыянальны кансэнсус наконт незалежнасці Беларусі», — заявіла Вольга Абрамава і адзначыла, што хоць па нацыянальнасці і руская, але вырашыла наступны раз, калі паўстане пытанне, запісаць сябе беларускай.

Пасля пленарных паседжанняў адбыліся дыскусіі ў працоўных групах. Частка абмяркоўвала магчымасці працы беларускіх прадстаўніцтваў за мяжой. Адзін з удзельнікаў групы Алесь Зарэмбюк адзначыў:

«Беларускія прадстаўніцтвы за мяжой павінныя знайсці паміж сабой агульную мову, а працаваць найперш трэба з арганізацыямі ў Беларусі».

Другая працоўная панэль была прысвечаная інтэрнэт-праймерыз як спосабу працы дэмакратычнай супольнасці з насельніцтвам. Удзельнікі гэтай групы ў цэлым пагадзіліся, што сярод іншага інтэрнэт-праймерыз можна выкарыстаць для вызначэння адзінага кандыдата на выбарах 2015 года альбо для выбараў легітымнага органа апазіцыі і/альбо грамадзянскай супольнасці Беларусі. Эксперты з Расіі расказалі, як ім нядаўна пры дапамозе сеціва ўдалося правесці выбары ў каардынацыйную раду расійскай апазіцыі.

Перад удзельнікамі Кангрэсу выступіў спецдакладчык Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы эстонец Андрыс Херкель, які пачаў з таго, што цяпер шчыльна займаецца справай Алеся Бяляцкага. Ён канстатаваў:

«На жаль, Беларусь — адзіная краіна, якая за апошні час зрабіла крок назад у плане дэмакратычных пераўтварэнняў».

Прадпрымальнікі Віктар Гарбачоў і Алег Мяцеліца расказалі пра сітуацыю з дробным і сярэднім бізнэсам у Беларусі:

«У нас каля мільёна прадпрымальнікаў. Аднак яны не ідуць у палітыку. Не ідуць, бо іх адразу закрыюць», — адзначыў Гарбачоў.

Удзельнікі Кангрэсу расказалі спецдакладчыку пра спробы ціску на незалежныя медыі і выказаліся за ідэю адмены альбо змяншэння кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў. Між іншага, прагучала ідэя правесці кампанію за пашырэнне колькаснага складу супрацоўнікаў дыпламатычных прадстаўніцтваў у Беларусі, што спросціць і паскорыць працэдуру атрымання візаў.

У межах Кангрэсу адбылося адкрыццё выставы мастачкі Таццяны Дзянісавай у вежы Хелемана ў гістарычным цэнтры Таліна, а таксама прэзентацыя беларускай нядзельнай школкі «Пралеска».

0
з дыяспары / Адказаць
26.11.2012 / 11:15
Здаецца, дыяспара тут была прадстаўленая на сотую частку арганізацый. І ніякіх паўнамоцтваў ад Рады БНР на такія ініцыятывы Павал Марозаў ня меў. Надзвычай рэзкая ацэнка арганізацыі мерапрыемства (запрашэньне Абрамавай, расейская мова) у фб Навумчыка, пацьверджаньне гэтаму.
0
з дыяспары / Адказаць
26.11.2012 / 11:19
Дыяспара была прадстаўленая сотай часткай суполак. І выглядае, што ніякіх паўнамоцтваў на такія ініцыятывы ад Рады БНР Павал Марозаў ня меў. Пацьверджаньне гэаму, рэзка негатыўная ацэка арганізацыі мерапрыемства (запрашэньне Абрамавай, расейская мова) у фэйсбуку Навумчыка.
0
Крывіч / Адказаць
26.11.2012 / 12:25
Удзельнікі гэтай сходкі хочуць пад праэкт "інтэрнэт-выбары" атрымаць субсыдыі ад антыбеларускіх спонсараў і гэта іх справа і права.
Паказаць усе каментары/ 24 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру