«Многія лічаць, што мы маглі б разыгрываць чэмпіянат СНД. Я таксама з’яўляюся перакананым прыхільнікам гэтай ідэі.
Калі надыдзе час ствараць новы чэмпіянат, мы будзем дзейнічаць і рабіць абдуманыя крокі толькі ўзгоднена з людзьмі, якія падтрымліваюць мэту стварыць чэмпіянат па футболе краін Садружнасці. Такая размова на днях адбылася, так што адказ станоўчы: можа быць, мы і будзем гуляць у іншым чэмпіянаце, — цытуе словы кіраўніка «Газпрама» і галоўнага чалавека ў ФК "Зеніт" Аляксея Млера «Советский спорт».

Пасля знікнення СССР у 1991 г. знік і чэмпіянат гэтай краіны. Напачатку меркавалася, што наймацнейшыя каманды былога СССР будуць у студзені разыгрываць чэмпіянат Садружнасці і краін Балтыі. Аднак ідэя скончылася пшыкам. Цікавасць да турніру трывала некалькі год, але з цягам часу на Кубак Садружнасці краіны пачалі дэлегаваць або не чэмпіёнаў, або дублюючыя склады, і інтарэс да Кубка ўпаў у тых жа беларусаў на ўзровень нашай цікавасці да чэмпіянату Казахстана.

Галоўнае пытанне — якое прадстаўніцтва краін будзе ў чэмпіянаце СНД.

Так, у чэмпіянаце СССР у 1989 г. бралі ўдзел 6 расійскіх клубаў, 5 украінскіх, 1 беларускі, 1 літоўскі, 1 армянскі, 1 грузінскі, 1 таджыцкі. Расія паступіцца сваёй квотай, дзеля ўкраінскіх, закаўказскіх і сярэднеазіяцкіх клубаў?
Ад Беларусі максімум будзе выступаць БАТЭ, якому відавочна сумна ва ўнутрыбеларускім першынстве.
Але гэта не азначае, што БАТЭ з радасцю далучыцца да тэарэтычнага чэмпіянату СНД.

Не зразумелыя таксама будуць узаемаадносіны з УЕФА і прадстаўніцтвам нацыянальных федэрацый у еўракубках. Бо, каб праводзіць паўнаварты чэмпіянат, трэба матчы праводзіць рэгулярна, штотыдня: каб была інтрыга і інтарэс публікі. Але тады ставіцца пад пагрозу ідэя паўнавартага правядзення нацыянальных чэмпіянатаў, а значыць крытэр адбору ў еўракубкі. Плаціні за газ не купіш.

Былы форвард «Зеніта» Уладзімір Казачонак заўважыў, што гэтае пытанне ўжо неаднаразова ўздымалася, але справа пакуль так і не зрушылася з мёртвага пункту.

«Ідэя стварэння чэмпіянату СНД не новая і належыць яна не Аляксею Барысавічу. Пра гэта неаднаразова казалі, узнімалі гэтае пытанне, але пакуль нічога не зрушылася.

Калі б Мілер кожны дзень выказваўся па гэтай нагоды, то можа нейкія зрухі б і пачаліся», — сказаў Казачонак.

«А то ўздымаюць гэтую тэму раз у год, а потым забываюць. … Але пытанні аб працягу чэмпіянату вырашае не Мілер, а зусім іншыя людзі. Я магу вас запэўніць, што турнір [чэмпіянат Расіі] будзе працягнуты і, думаю, „Зеніт“ будзе ў ім гуляць», — заўважыў Казачонак.

Вядомы футбольны спецыяліст Анатоль Бышавец выказаўся наступным чынам: «Вядома, з’яўленне такіх каманд, як кіеўскае „Дынама“, БАТЭ, „Металіст“, „Дняпро“ і іншых зробіць чэмпіянат нашмат больш напружаным, і яго ўзровень будзе нашмат вышэйшы. Але для гэтага трэба правесці вялікую працу.

А потым жаданне Мілера, гэта не жаданне ўкраінскай ці беларускай футбольнай федэрацый. У цэлым калі казаць пра СНД, то па-сапраўднаму канкурэнтаздольнымі выглядаюць пакуль толькі клубы Украіны, а скажам, каманды з Прыбалтыкі і Закаўказзя пакуль да патрэбнага ўзроўню не дацягваюць».

Журналіст Аляксандр Ткач ясна патлумачыў, чаму ідэя чэмпіянату не ажыццяўляльная:

«Па-добраму, размовам пра пашыраны турнір варта было б спыніцца на пару-тройку гадоў. Тады хоць бы можна будзе зрабіць выгляд, што ідэя „футбольнай КХЛ“ не мае прамога дачынення да „Зеніта“ і „Газпрама“ — проста вось такая ўдалая думка лунала ў паветры, і давайце яе ажыццявім.

На сённяшні дзень у турніра цалкам непрэзэнтабельны імідж — і зацягнуць туды клубы можна будзе толькі цэнамі на славуты газ.

Што цяпер ведаюць каманды, здольныя ўступіць у „лігу былога СССР“? Што яе ініцыятар і фундатар — адна з найбольш палітычна ангажаваных дзяржкарпарацый Расіі. Што яна ж валодае адным з клубаў, які прэтэндуе на перамогу ў турніры, і бюджэт яго нічым не абмежаваны. Што дзяржкарпарацыя і яе падшэфны клуб няздольныя трываць нявыгадныя для іх рашэнні — і таму, уласна, арганізавалі свой уласны чэмпіянат, дзе ім ніхто не зможа пярэчыць.

Каму хочацца граць ролю світы караля — а то і роля дэкарацый для балю?»

Такі чэмпіянат не патрэбны Украіне, мяркуе Ткач, а без яе турнір будзе нецікавы

«Першае, што прыходзіць у галаву пры слове «чэмпіянат былога СССР» — адраджэнне дэрбі «Спартака» і кіеўскага «Дынама» і бітвы прагрэсіўных нуварышаў «Зеніта» з «Шахцёрам».

Без украінскіх клубаў ўся гэтая задума губляе сэнс і прывабнасць, нават калі мінскае «Дынама» будзе спансараваць беларуская «дачка» «Газпрама»,
грошы на новы «Арарат» збярэ ўся армянская дыяспара, а «Нефтчы» падпіша Неймара і старэючага Джона Тэры за ўласныя нафтадаляры.

Інфармацыю аб магчымым пераездзе «Зеніта» ў Севастопаль ва Украіне ўспрынялі з усмешкай. Па-першае, гучыць і праўда дзіка, а па-другое — ну, а чаму б і не. Галоўнае, як жартуюць мясцовыя заўзятары, хай пачынаюць з 4-га дывізіёна і цану на газ зніжаюць да «кучмаўскіх» 50 даляраў.

А вось кідаць уласны чэмпіянат дзеля праекта «Газпрама» (а ў украінцаў асацыяцыі з гэтай назвай ідуць дзесьці побач з татара-мангольскім ігам і Галадаморам) — зусім іншая гісторыя.

«Не выключана, што свой футбол Расіі не аддадуць нават больш лаяльныя і менш амбіцыйныя суседзі. Хакей, баскетбол, валейбол — гэта калі ласка, іх там усё роўна амаль не засталося.

Горш не будзе, а агульнымі намаганнямі, можа, хоць прыпадымуць злёгку. Калі альтэрнатыва — павольная смерць, быць малодшым братам і залежным бокам не сорамна.
Гісторыя з футболам — зусім іншая. Футбол для ўсіх гэтых краін — гэта ўжо палітыка, орган на сутыку міністэрства спорту і міністэрства замежных спраў.
Наўрад ці „Газпрам“ гатовы плаціць за яго 50 далярамі за барэль, а гуляць у роўнага напэўна не захоча», — мяркуе Ткач.

* * *

Заўважым, што пытанне пра чэмпіянат СНД зараз у Расіі зусім не актуальнае.
У сённяшнім нумары «Спорт-Экспресса» — галоўная навіна, адстаўка галоўнага трэнера «Спартака» Уная Эмеры, пасля разгрому ад «Дынама» 1:5.

У Мілера і «Зеніта» ёсць адзін плюс: вялікія грошы. Шалёныя грошы ў жніўні за Халка і Вітцэля. Але далейшыя падзеі паказалі, што нават у Расіі грошы не галоўнае.

Правал «Зеніта» і «Спартака» ў групавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў — таму паказчык.

Што тычыць Беларусі, то дэлегаванне БАТЭ у чэмпіянат СНД канчаткова знішчыць узровень беларускага футбола і, галоўнае, не зразумела, ці дазволіць УЕФА прадстаўляць барысаўскаму клубу беларускі футбол у Еўропе.

Так мы ўжо пяты год маем беларускі клуб у Лізе чэмпіёнаў і Лізе Еўропы,
маем магчымасць бачыць «Барселону», «Баварыю», «Мілан», «Эвертан», "Валенсію", урэшце.

Ці трэба беларусам замена ў выглядзе маскоўскага і кіеўскага «Дынама», «Лакаматываў» і «Амкараў»?

Словы Мілера падаюцца маларэалістычнымі. Дарэчы, цяпер у «Зеніце» моцна незадаволеныя рэакцыяй Расійскага футбольнага саюза на інцыдэнт 17 лістапада:
падчас матча чэмпіянату Расіі «Дынама» Масква — «Зеніт» у Хімках заўзятарка пецярбургскага клуба кінула на поле петарду, у выніку моцна пацярпеў галкіпер «Дынама» Антон Шунін — ён атрымаў апёк рагавіцы вачэй.
РФС пакараў «Зеніт» тэхнічнай паразай 0:3, два матч клуб мусіць правесці без гледачоў. Піцерцы прыгразілі зняцца з чэмпіянату.
А як Вы ставіцеся да ідэі стварэння чэмпіянату СНД?
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?