Адміністрацыя бабруйскай калоніі № 2 імкнецца ізаляваць асуджанага віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага ад астатніх зняволеных.
Пра гэта паведаміў 26 лістапада калега Бяляцкага Валянцін Стэфановіч.

З кастрычніка ён не атрымліваў ад Бяляцкага лістоў. «Адзін з вялікіх лістоў ад Бяляцкага я атрымаў пасля яго дня нараджэння, і мяне непакоіць тое, што ён апошнім часам не піша. Магчыма, ён адказвае на тыя сотні віншаванняў з юбілеем, якія прыйшлі да яго ў калонію», — зазначыў Стэфановіч.

Праваабаронца сказаў, што лісты ад Бяляцкага заўсёды аптымістычныя.

«Аднак тая інфармацыя, якую мы пра яго ведаем, аптымізму не садзейнічае. Адміністрацыя калоніі імкнецца ізаляваць Бяляцкага. Кіраўніцтва калоніі цісне на тых зняволеных, якія сустракаюцца з Бяляцкім, і тым, хто заўважаны з ім у камунікацыях, у размовах, пагражае пазбаўленнем умоўна-датэрміновага вызвалення або нейкіх рэчаў. Таму атмасфера для Бяляцкага ў калоніі вельмі цяжкая», — сказаў Стэфановіч.
Ён нагадаў, што Бяляцкі з’яўляецца «злосным парушальнікам рэжыму адбыцця пакарання».
«Мы ведаем пра сем дысцыплінарных спагнанняў, якія на яго былі накладзены. У сувязі з гэтым ён пазбаўлены ўсіх прадуктовых перадач і ўсіх спатканняў — як кароткатэрміновых, гэтак і доўгатэрміновых. Гэта значыць ён знаходзіцца ў поўнай ізаляцыі», — падкрэсліў праваабаронца.

Стэфановіча турбуе стан здароўя Бяляцкага: «Ён пісаў, што ў яго праблемы са спінай».

Пры гэтым Стэфановіч зазначыў, што ўзмацнілася тэндэнцыя асуджэння палітычных зняволеных на падставе артыкула 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі). Стэфановіч выказаў асцярогі, што гэты артыкул можа быць прыменены да Бяляцкага.

***

Алесь Бяляцкі адбывае пакаранне паводле прыгавору суда Першамайскага раёна Мінска. Ён прызнаны вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала наяўнасць у яго замежных рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не ўлічыў, што грошы, якія на іх паступалі, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці. Не быў прыняты да ўвагі і той факт, што ўрон, нібыта нанесены Бяляцкім дзяржаве, быў поўнасцю пагашаны за кошт добраахвотных ахвяраванняў грамадзян.

Асуджаны 50-гадовы праваабаронца адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 Бабруйска, дзе працуе ўпакоўшчыкам швейных вырабаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?