26.11.2012 / 13:15

Заднім днём уведзены збор за экспарт мінеральных або хімічных калійных угнаенняў

У Беларусі ў 2012 годзе ўведзены збор за рэалізацыю выключнага права знешняга гандлю мінеральнымі або хімічнымі калійнымі ўгнаеннямі. Гэта прадугледжана ўказам прэзідэнта № 530 ад 22 лістапада 2012 года, афіцыйна апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Згодна з дакументам, плацельшчыкамі з’яўляюцца арганізацыі, што рэалізуюць выключнае права знешняга гандлю (у частцы экспарту) мінеральнымі або хімічнымі калійнымі ўгнаеннямі і ажыццяўляюць іх вываз за межы тэрыторыі дзяржаў — членаў Еўразійскай эканамічнай супольнасці, за выключэннем вывазу ў дзяржавы, з якімі Беларуссю заключаны міжнародныя дагаворы аб свабодным гандлі.

Базай для вылічэння збору з’яўляецца аб’ём мінеральных або хімічных калійных угнаенняў у натуральным выражэнні, вывезеных з 1 студзеня па 31 ліпеня 2012 года.

Збор выплачваецца па стаўцы 279.800 рублёў за 1.000 кілаграмаў мінеральных або хімічных калійных угнаенняў.

Збор выплачваецца плацельшчыкамі ў рэспубліканскі бюджэт за кошт уласных сродкаў пасля вылічэння іншых падаткаў, збораў (пошлін) штомесячна роўнымі далямі да канца бягучага года.

Указ увайшоў у сілу пасля афіцыйнага апублікавання і распаўсюджвае сваё дзеянне на адносіны, што ўзніклі з 1 студзеня 2012 года.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру