Намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч абяцае, што ЛДП з часам прыйдзе да ўлады. Пра гэта ён заявіў 26 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

«Пакуль іншыя мараць пра народны бунт, мы займаемся рэальнай барацьбой за ўладу. І мы даб’емся гэтага. Абяцаю, ЛДП будзе ва ўладзе», — сказаў ён.

Паводле слоў Гайдукевіча, партыя возьме актыўны ўдзел у чарговых мясцовых выбарах.

«Мы разумеем, што апошнія парламенцкія выбары прайшлі не зусім дэмакратычна. Але мы зноў пойдзем на выбары, будзем змагацца за выбаршчыкаў. Урэшце мы даб’ёмся таго, што трапім у парламент», — упэўнены палітык.

Гайдукевіч адзначыў, што мясцовыя выбары стануць адным з этапаў падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх. «Новыя асобы да наступных прэзідэнцкіх выбараў ужо наўрад ці з’явяцца. На сёння адзіныя рэальныя кандыдаты на іх — ад улады і ЛДП. Іншых сур’ёзных кандыдатаў мы пакуль не бачым», — сказаў ён.

Пры гэтым Гайдукевіч ставіць пад сумненне тое, што апазіцыя абярэ адзінага кандыдата.
«Гэта стане магчымым толькі ў тым выпадку, калі Еўропа дасць грошы аднаму чалавеку, усе астатнія да яго адразу самі прыбягуць», — лічыць ён.

Паводле слоў намесніка старшыні ЛДП, шматлікія апазіцыйныя палітыкі выбралі дэструктыўны шлях змяненняў у краіне. «Яго прыхільнікі спрабуюць справакаваць бунт. Нічога добрага з гэтага не атрымаецца: будзе хаос, эканамічныя праблемы і нестабільнасць. Заклікаць да эканамічных санкцый — гэта здрада ў адносінах да сваёй дзяржавы, якімі б добрымі намерамі гэта не тлумачылася. Санкцыі б’юць па ўсіх», — сказаў ён.

Гайдукевіч таксама заявіў, што для ЛДП ёсць толькі адзін прымальны спосаб змяніць сітуацыю ў краіне — праз выбары.

«Так, мы не трапілі ў парламент, але прайшлі ўсю кампанію, атрымалі неацэнны вопыт. Трэба рыхтаваць партыйны актыў, іншага шляху няма», — лічыць палітык.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?