Шмат гадоў беларусы цяжка працуюць у шахтах, здабываюць там соль, прадаюць яе ўсяму свету.
Менавіта гэтыя людзі, а не ўлады прыносяць беларускаму бюджэту мільярды долараў штогод. Таму Лукашэнка не мае права адзінаасобна прымаць рашэнні аб прыватызацыі галоўнага прадпрыемства Беларусі — нацыянальнага багацця.

«Беларуськалій» застаецца адным з найбольш эфектыўных беларускіх прадпрыемстваў. За 2011 год прадпрыемства экспартавала 7,7 млн. т калійных угнаенняў і зарабіла 3,2 млрд. долараў. «Беларуськалій» удала канкуруе на сусветных рынках. І застаецца адным з найбуйнейшых падаткаплацельшчыкаў Беларусі. Сёння прадпрыемства само будуе новыя камбінаты, трымае некалькі прадпрыемстваў і наогул увесь Салігорск.

58,7% беларусаў кажуць, што яны супраць продажу прадпрыемства за любыя грошы, і толькі 7,6% пазітыўна ставяцца да такой угоды (даныя НІСЭПД).

Асабліва супраць людзі з Салігорска, а на «Беларуськаліі» працуе 30 тысяч чалавек. Я размаўляў з імі: яны баяцца, што разам з «Беларуськаліем» прададуць і іх, і горад. Менавіта таму я змагаюся за тое, каб «Беларуськалій» застаўся беларускім прадпрыемствам.

Варта прыватызоўваць прадпрыемствы, якія не даюць людзям годнага заробку, а існуюць толькі за кошт датацыяў. Непрыбытковыя, неэфектыўныя прадпрыемствы трэба аддаць у прыватныя рукі.
Людзі лепш ведаюць, як трэба дбаць пра ўласнае багацце. Улады мусяць даць ім магчымасць быць гаспадарамі на сваёй зямлі.

Працавітасць і інтэлектуальны капітал — вось галоўнае багацце беларускага народа. Калі людзі адчуюць, што яны маюць свабоду, то ў Беларусі паўстануць новыя прыбытковыя прадпрыемствы і без прыродных рэсурсаў.

Беларусам патрэбная свабода, а не продаж «Беларуськалія»: мы не абавязаныя расплачвацца нацыянальным багаццем за дрэнную эканамічную палітыку ўладаў!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?