27 лістапада 1942 года нарадзіўся Джымі Хэндрыкс — адзін з важнейшых гітарыстаў у гісторыі музыкі, чыя манера іграць на гітары змяніла аблічча тагачаснага рока.

Пачынаў Джымі Хэндрыкс гітарыстам у іншай легенды — Літл Рычарда, які дагэтуль трымае крыўду на музыку: маўляў, гэта я адкрыў Хэндрыкса свету, а ён пра мяне ніколі не ўзгадвае. Прэзентаваўшы Хэндрыкса свету, Літл Рычард пагнаў яго з гурту — надта ўжо прыцягваў увагу гледачоў.

Сапраўдная слава прыйшла да Хэндрыкса ў Брытаніі, дзе ягоныя гітарныя эксперыменты зрабіліся сапраўднай сенсацыяй: ніхто з англічан не бачыў, каб на гітары гралі так, і гэта пры тым, што ў той час галоўным гітарыстам Брытаніі быў Эрык Клэптан.

Лепей за ўсё адлюстроўваюць творчасць Хэндрыкса прыжыццёвыя альбомы — за час, які прайшоў пасля смерці Хэндрыкса, ягоных «новых альбомаў», склееных з кавалкаў студыйных сесій, разагнаных, запаволеных, скамячаных, выйшла з тузін. Апошні — у мінулым годзе. Колькасць канцэртнікаў таксама зашкальвае.

Аднак стварыць той новы музычны сусвет, пра які апошні год свайго жыцця ўвесь час казаў Хэндрыкс, так і не атрымалася. Тым не менш, першыя альбомы Are You Experienced?, Axis: Bold as Love і Electric Ladyland гэта сапраўдныя шэдэўры на ўсе часы.

Памёр Хэндрыкс у 27 год, стаўшы «чальцом клуба 27» — менавіта ў гэтым узросце памерлі некалькі значных музыкаў: бацька блюза Роберт Джонсан, гітарыст The Rolling Stones Браян Джонс, Джаніс Джоплін, Джым Морысан, Курт Кабэйн і Эмі Уайнхаўз. У адным са сваіх інтэрв’ю Хэндрыкс сказаў «калі я памру, проста працягвайце слухаць мае кружэлкі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?