28.11.2012 / 12:37

Партрэт Меерхольда прадалі за $1,7 млн

На аўкцыёне Sotheby’s у Лондане алоўкавы партрэт знакамітага рускага і савецкага рэжысёра Усевалада Меерхольда сышоў з малатка амаль за два мільёны даляраў.

Першапачатковая цана працы Юрыя Аненкава ацэньвалася ў 50–80 тысяч даляраў. За партрэт Меерхольда, выкананы на паперы, змагаліся 8 пакупнікоў. Яго канчатковая цана больш чым у 20 разоў перасягнула чаканні экспертаў. Карціна, напісаная ў 1922 годзе, была прададзеная за 1,7 мільёна даляраў і стала самым дарагім лотам аўкцыёну.

На таргах таксама былі прадстаўленыя работы такіх знакамітых рускіх мастакоў, як Іван Айвазоўскі, Пётр Верашчагін і Ілля Рэпін. Усяго ж лістападаўскія таргі творамі рускага мастацтва прынеслі Sotheby’s агулам каля 33 мільёнаў даляраў.

Усевалад Меерхольд — рэжысёр, народны артыст РСФСР, адзін з рэфарматараў тэатра. Вядомы як тэарэтык і практык тэатральнага гратэску, аўтар праграмы «Тэатральны кастрычнік» і стваральнік знакамітай акторскай сістэмы «біямеханіка». У 1940 годзе быў расстраляны па абвінавачванні ў тым, што ён быў завербаваны для ўдзелу ў антысавецкай працы. Рэабілітаваны ў 1956 годзе.

У 1991 годзе з ініцыятывы Камісіі па творчай спадчыне рэжысёра і пры падтрымцы Саюза тэатральных дзеячаў Расіі і Саюза архітэктараў Расіі заснаваны Цэнтр імя Усевалада Меерхольда.

Раней на расійскіх таргах Christie’s у Лондане карціна «Рамізнік» Барыса Кустодзіева прададзеная за рэкордныя сем мільёнаў даляраў. Уладальнікам карціны стаў ананімны еўрапейскі калекцыянер, які здзейсніў куплю праз тэлефон. Палатно, напісанае ў 1923 годзе, адносіцца да серыі рускіх народных тыпаў.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру