13.01.2013 / 11:21

Аўтары ідэі філіі ЕГУ ў Германіі: Паралельны ўніверсітэт для расейскамоўных Еўропы 34

Незвычайны ход зрабілі дрэздэнцы Міхаэль Бехтэр і Максім Асёма, якія спрабуюць стварыць у сталіцы Саксоніі ўніверсітэт, выкладанне ў якім будзе весціся выключна на расійскай мове. Бехтэр і Асёма вырашылі не пачынаць з нуля, а «прынесці» на ўсходнегерманскія землі ЕГУ, «беларускі ўніверсітэт у выгнанні».

Майкл Бэхтэр і Максім Асёма

Маладыя людзі зарэгістравалі арганізацыю пад назвай «EHU-Förderinitiative e. V.». На сайце «EHU-Förderinitiative e. V.», які дызайнам вельмі нагадвае сайт самога ЕГУ, гаворыцца, што ініцыятыва была распачатая для «фінансавай і маральнай» падтрымкі ЕГУ. «EHU-Förderinitiative e. V." ставіць мэтамі: вылучэнне стыпендыяў студэнтам, якія не могуць навучацца «дома» (то бок у Беларусі) і могуць стаць аб’ектам палітычных рэпрэсіяў; аплату адукацыйных матэрыялаў і працы лектараў — каб пашырыць спіс навучальных дысцыплінаў. Таксама арганізацыя абяцае прыцягваць увагу немцаў да ЕГУ, напрыклад, праз арганізацыю канферэнцыяў.

«Ідэя нарадзілася, калі я быў на моладзевай канферэнцыі ў Вільні. Там я дазнаўся пра ЕГУ, пагутарыў з рэктарам Анатолем Міхайлавым. Тады я зацікавіўся магчымасцю падтрымкі ЕГУ» , — сказаў Міхаэль Бехтэр у інтэрв’ю «НН».

«Я ведаю, што ў ЕГУ каля 500 чалавек вывучае нямецкую мову. Ім патрэбная практыка, уцягненне, але не кожны можа дазволіць сабе паездку ў Германію. Наша ініцыятыва ўжо арганізавала канферэнцыю ў Саксоніі, у якой бралі ўдзел студэнты ЕГУ.», — паведаміў «НН» калега Бехтэра па арганізацыі Максім Асёма. На наступны год «EHU-Förderinitiative e. V.» ужо запланавала канферэнцыі, трэнінгі, летнюю школу, у якой змогуць узяць удзел «егэушнікі».

Ініцыятыва «EHU-Förderinitiative e. V.» фінансуецца за кошт сяброўскіх унёскаў і асабістых ахвяраванняў. Арганізацыя ўжо налічвае 40 сябраў па ўсёй Германіі, але «гэтага занадта мала, каб пасунуць горы».

Але ў інтэрв’ю нямецкай газеце «Dresdner Neueste Nachrichten» пад назвай «Сістэма Лукашэнкі будзе падкапаная звонку» Майкл Бехтэр і Максім Асёма паведамляюць пра іншую мэту, не згаданую на сайце «EHU-Förderinitiative e. V.« — пра стварэнне аддзялення ЕГУ ў Дрэздэне.

«Першасная задача арганізацыі — усё ж дапамога ЕГУ ў Вільні,« — кажа Бехтэр. «Тым часам у мяне шмат расійскамоўных знаёмых, якія жывуць у Германіі, але хацелі б атрымліваць вышэйшую адукацыю на расійскай. Каб дапамагчы такім людзям, мы з Максімам вырашылі стварыць філіял ЕГУ ў Дрэздэне. Гэта нашая ўласная ініцыятыва ў межах „EHU-Förderinitiative e. V.“.

ЕГУ быў абраны менавіта таму, што гэта ўніверсітэт, які выдае еўрапейскі дыплом, але навучацца ў ім можна па-расійску. У Германіі жыве шмат расійскамоўных грамадзянаў. І калі хто-небудзь з іх мае дыплом расійскай ВНУ, яго наўрад ці прызнаюць тут, а калі і прызнаюць, то могуць даць чалавеку, што правучыўся 5 гадоў, ступень бакалаўра. Вы толькі не падумайце, што гэтыя людзі не ведаюць нямецкай. Але, напрыклад, вывучаць гуманітарныя дысцыпліны на нямецкай для тых, чыя родная мова — расійская, вельмі цяжка. ЕГУ можа стаць для іх выйсцем.

Мы плануем стварыць цэнтр дыстанцыйнага навучання. Гэта вельмі зручна, бо лётаць у Вільню на сесіі — нятанная і нялёгкая справа. А студэнты дыстанцыйных курсаў ЕГУ змогуць навучацца на адлегласці і здаваць экзамены на месцы, у Дрэздэне» — гаворыць Майкл Бехтэр.

«У стварэнні такога цэнтра дыстанцыйнага навучання ёсць яшчэ адзін пазітыўны бок для ЕГУ. Нямецкія студэнты дыстанцыйных курсаў маглі б плаціць значна больш, чым плацяць беларускія студэнты ЕГУ, і гэта не будзе значна абцяжарваць першых. А грошы маглі б ісці у фонд падтрымкі беларусаў. Такім чынам, адзін немец мог бы аплачваць навучанне аднаго беларуса», кажа Максім Асёма.

Цэнтр дыстанцыйнага навучання ў Дрэздэне можа пачаць працаваць ужо ў кастрычніку 2013 года. Першы набор — ад 20 да 40 чалавек. «Студэнтаў будзе няшмат, бо трэба паглядзець, як пойдуць справы», — кажа Майкл.

Самі прадстаўнікі ЕГУ бачаць у незалежнай ініцыятыве немцаў патэнцыял да развіцця ўніверсітэта і ўхваляюць пачынанні «EHU-Förderinitiative e. V.». Бехтэр і Асёма пацвердзілі, што адміністрацыя ЕГУ актыўна дапамагае «EHU-Förderinitiative e. V." , бо без яе згоды немагчыма было б вырашыць некаторыя афіцыйныя пытанні.

Дарус Удрыс, прарэктар ЕГУ па развіцці і камунікацыях, патлумачыў беларускаму парталу Generation.by (які першым паведаміў пра ініцыятыву маладых немцаў) што, «калі такі падыход [стварэнне расійскамоўнага кампуса ЕГУ ў Дрэздэне] будзе паспяховым, ён падтрымае ЕГУ фінансава, пашырыўшы магчымасці беларусаў па атрыманні адукацыі ў Літве, Беларусі і Германіі. Можа быць, у будучыні у Германіі паўстане навучальны цэнтр, а ўніверсітэт заўважыць большая колькасць фундатараў».

«Любы сучасны ўніверсітэт імкнецца да актыўнага міжкультурнага абмену. ЕГУ тут не выключэнне, таму спрабуе рэалізоўваць такія абмены не толькі праз праграмы Erasmus і Campus, але і праз ініцыятывы накшталт „EHU-Förderinitiative e. V.“. Калі ўсё атрымаецца, гэта дасць добрую глебу для рэпрэзентацыі на Захадзе не толькі ЕГУ, але і беларускага акадэмічнага асяродку, які, скажам шчыра, досыць замкнёны на сваім рэгіёне і слаба прадстаўлены ў краінах Заходняй Еўропы», — сказаў «Нашай Ніве» Кірыл Атаманчык, каардынатар па камунікацыі Студэнцкай службы ЕГУ.

Праўда, ёсць і тыя, хто ставіцца да ініцыятывы крытычна. На іх думку, місія ЕГУ — быць універсітэтам для Беларусі, а не для расейскамоўных увогуле. І што рэалізацыя ідэй, падобных нямецкай, можа прывесці да размывання ідэнтычнасці незалежнага ўнівера.

Кірыла Хілько

0
Санча Панса / Адказаць
13.01.2013 / 11:45
"Ра-ра-ра, цы-цы-цы, Питерс, Такер - молодцы".
0
Сяргей / Адказаць
13.01.2013 / 12:29
Добрая ініцыятыва
0
беларус / Адказаць
13.01.2013 / 12:54
Ну, хто там гнаў на Шушкевіча? ЕГУ - беларускі??? універсітэт??? На нашых праблемах зараз будуць распілоўваць грошы, а беларускай вышэйшай адукацыі як не было, так і не будзе. Прапаную стварыць Беларускі падземны гуманітарны універсітэт тут у Беларусі на грамадскіх пачатках, па беларуску і для беларусаў. Калі яны яшчэ засталіся...
Паказаць усе каментары/ 34 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру