«Дарагія грошы мы браць не будзем. У нас у 2013-м ёсць праблемы ў тым, што трэба вялікія сумы пагашаць.
Таму калі роўд-шоу будзе станоўчым, то мы будзем выпускаць аблігацыі», — заявіла Ермакова ў інтэрв’ю Ройтэрз.
«Хоць бы 7,5%», — ўстанавіла яна прымальны для Беларусі максімальны ўзровень прыбытковасці.

Як паведамлялася, Беларусь шукае магчымасці размяшчэння еўрабондаў аб’ёмам 500–600 млн даляраў на рынках Паўднёва-Усходняй Азіі (Сінгапур, Ганконг). Для гэтага 27–30 лістапада прадстаўнікі Мінэканомікі, Мінфіна і Нацбанка Беларусі бяруць удзел у non-dealроўд-шоу беларускіх аблігацый. Арганізатарамі прэзентацыі выступілі расійскія дзяржбанкі — ВТБ і Сбербанк. Варта адзначыць, што абодва яны блізкія да пуцінцаў.

7,5% — гэта многа ці мала? Да прыкладу, Нямеччына размяшчае аблігацыі, пазычае грошы пад 2–2,5%, Польшча — пад 3,5–4%, Літва — пад 4–4,5%.

Прыбытковасць 7,5% — гэта працэнт, пад які займала грошы Грэцыя напярэдадні свайго крызісу, увесну 2010 года. Гэта вялікі, нявыгадны працэнт. Відаць, Ермакова невысока ацэньвае шанцы Беларусі атрымаць новы крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду і не чакае значных надыходжанняў ад прыватызацыі, раз агучвае такія высокія стаўкі.

Праўда, у 2010 годзе Беларусь пазычала праз еўрабонды па яшчэ вышэйшых стаўках, аж пад 8,25–8,75%. Тады краіне патрабаваліся грошы для перадвыбарных тратаў. Але ў параўнанні з 2010 годам цяпер фінансавая статыстыка краіны лепшая, а золатавалютныя рэзервы выраслі ў выніку продажу «Белтрансгаза».

У 2010 годзе арганізатарамі выпуску еўрааблігацый Беларусі выступалі французскі BNP Paribas, нямецкі Deutsche Bank, брытанскі The Royal Bank of Scotland і «Сбербанк» з Расіі. Пасля падзей снежня 2010 года і ўвядзення еўрапейскіх санкцый еўрапейскія банкі адракліся супрацоўніцтва з беларускім урадам.

У часе дэбютнага размяшчэння еўрабондаў на 600 млн долараў тэрмінам на пяць гадоў міністр фінансаў Андрэй Харкавец казаў: «Купон 8,75% адпавядае ацэнцы ўсяго рынку. І важна разумець, што тут не мы дыктуем умовы, а інвестары», — падкрэсліў ён.

Еўрабонды (еўрааблігацыі) — гэта від доўгатэрміновых каштоўных папер. Асноўныя іх купцы — інстытуцыйныя інвестары: страхавыя і пенсійныя фонды, інвестыцыйныя кампаніі.

У 2013 годзе Беларусі належыць сплаціць не менш за 3 млрд даляраў па ранейшых пазыках. Такія ж высокія замежныя забавязанні прыпадаюць таксама на 2014 і 2015 гады.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?