Аляксандр Лукашэнка сёння на нарадзе па пытаннях развіцця жыллёвага будаўніцтва ў Мінску выказаў шэраг крытычных заўваг у дачыненні да тэмпаў і прадукцыйнасці працы ў будаўнічай сферы Беларусі.

«Я катэгарычна незадаволены тэмпамі будаўніцтва жылля і наогул будаўніцтва ў нашай краіне. Да гэтага мы яшчэ вернемся. І вельмі шкада, што пры гэтым мы можам страціць вельмі шмат як чыноўнікаў, так і будаўнікоў», — заявіў ён.

Лукашэнка адзначыў, што, як яго інфармуюць, колькасць будаўнікоў зменшылася прыкладна на 8% у параўнанні з лепшымі часамі. Гэтым, у тым ліку, тлумачыцца зацягванне тэрмінаў будаўніцтва.

«У нас у 3–5 разоў прадукцыйнасць працы ў будаўніцтве ніжэйшая, чым у Еўропе. Гэта сведчыць пра тое, што ў нас лішнія людзі на будоўлях, якія вядуцца.
Таму трэба паглядзець, як мы будуем, якая там арганізацыя, якая заработная плата, — заўважыў ён. — Па маіх назіраннях, калі будуе заможны прыватнік, там дзень і ноч працуюць людзі, бо яны арганізавалі нармальна працу і плацяць добрую зарплату. І лішніх людзей, бязладнасці там няма».

Лукашэнка таксама сказаў, што дзяржава дапаможа вырашыць жыллёвае пытанне толькі асобным катэгорыям насельніцтва, а астатнія павінны пра гэта паклапаціцца самі.

«Спадзявацца, што дзяржава ўсім пабудуе жыллё, кватэры, дамы, як і спадзявацца на тое, што дзяржава дасць усім льготны крэдыт пад 5% — гэтыя надзеі трэба адкінуць», — сказаў ён.

«Дзяржава дапаможа тым, хто не можа гэтага зрабіць, а астатнія павінны зарабляць грошы і іх укладваць, у тым ліку ў будаўніцтва», — падкрэсліў ён.

Паводле яго слоў, дзяржава, па аб’ектыўных прычынах, не можа ў ранейшых аб’ёмах фінансаваць жыллёвае будаўніцтва. У сувязі з гэтым, адзначыў А.Лукашэнка, «неабходна шукааць альтэрнатыўныя крыніцы, больш шырока прыцягваць прыватны бізнэс».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?