29.11.2012 / 18:25

Два наркаманы — кіроўца і пасажыр — заснулі ў машыне пры перавозцы ўкрадзеных аўтазапчастак

Незвычайным чынам былі затрыманы на днях у Мінску двое аўтазлодзеяў з Гомельскай вобласці.

Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, увагу інспектараў ДПС аддзела ДАІ Першамайскага РУУС сталіцы, якія дзяжурылі ў раёне скрыжавання праспекта Незалежнасці і Заслаўскай шашы, прыцягнула дзіўная «Мазда».

Аўтамабіль рухаўся па раздзяляльнай паласе і на патрабаванні супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі спыніцца не рэагаваў, а затым раптам упёрся ў бардзюрны камень.
Інспектары агледзелі аўтамабіль і пабачылі за рулём спячага вадзіцеля, побач — пасажыра ў аналагічным стане.
На заднім сядзенні знаходзіліся магнітолы, акумулятары, DVD-плэеры, відэарэгістратары, навігатары, радыёстанцыі. З багажніка бачныя былі колы.

Вадзіцеля і пасажыра затрымалі і даставілі ў раённае УУС для разбору. Там пасля правядзення адпаведных працэдур высветлілася: затрыманыя — раней судзімыя 36-гадовы і 32-гадовы жыхары Гомельскай вобласці — знаходзіліся ў стане наркатычнага ап’янення, чым і тлумачыліся іх дзіўныя паводзіны на дарозе. Было таксама ўстаноўлена, што гамяльчане маюць дачыненне да крадзяжоў з аўтатранспарту на тэрыторыі Жодзіна, а выкрадзенае везлі прадаваць на сталічны аўтарынак.

Цяпер па гэтым факце праводзіцца расследаванне.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру