Прафесiя дэльтапланерыста, магчыма, з'явiцца сёлета ў гаспадарках Верхнядзвiнскага раёна. Тут, паводле iнiцыятывы начальнiка ўпраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання райвыканкама Уладзiмiра Яраховiча, плануецца весцi хiмiчную апрацоўку пасеваў не трактарнымi апырсквальнiкамi, а з вышынi птушынага палёту — мотадэльтапланамi.

Варта прыгадаць, што пiянерам гэтай справы на Вiцебшчыне яшчэ каля 20 гадоў таму быў неўтаймаваны наватар, тадышнi старшыня калгаса iмя Суворава Пастаўскага раёна Адольф Валодзька. Гэта ён асабiста распачаў хiмпраполку з дапамогай мотадэльтаплана. Праўда, зламаў нагу, але пачатак быў пакладзены. Час даказаў, што Валодзька меў рацыю: адзiн дэльтаплан здольны замянiць па вынiковасцi 20 колавых апырсквальнiкаў i апрацаваць 600 гектараў палеткаў, эканомячы палiва i гербiцыды.

Ужо напрыканцы вясны мяркуецца даставiць у раён з Украiны, дзе робяць мотадэльтапланы, два лятальных апараты. Спярша iх будуць абслугоўваць запрошаныя спецыялiсты, але потым плануецца наладзiць падрыхтоўку механiкаў i пiлотаў на месцы.

Паводле: «Народная Воля»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0