Арганізатары першамайскага шэсьця вырашылі не адмаўляцца ад папярэдняга пляну й будуць зьбіраць удзельнікаў акцыі каля будынку Акадэміі навук аб 11.30, заявіў сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларускай Валер Ухналёў. «Адтуль пойдзем на Бангалор, там а палове першай адбудзецца мітынг з удзелам творчых калектываў».

В.Ухналёў дадаў, што прадстаўнікі іншых палітычных партыяў пацьвердзілі свой намер прыняць удзел у акцыі 1 траўня.

«Асноўны лёзунг будзе — салідарнасьць у барацьбе за свае правы, за свабоду, за адмену прымусовай кантрактнай сыстэмы. Салідарнасьць з палітвязьнямі, якія знаходзяцца за кратамі, якія арыштаваныя й чакаюць суду. Салідарнасьць з нашымі агульнымі ідэяламі, за дэмакратыю і правы чалавека».

На першамайскім канцэрце выступяць «Чырвоным па белым», «Таварыш Маўзэр», «Крама», «Плян», Кася Камоцкая і Андрэй Хадановіч.

Кася Камоцкая кажа, што для яе гэта рэдкая магчымасьць выступіць перад беларускімі слухачамі. «Канцэрты забароненыя ужо на працягу дзесяці гадоў. Таму выкарыстоўваецца любая магчымасьць, нават 1 траўня».

Пасьля заканчэньня мітынгу на плошчы Бангалор адбудзецца ўстаноўчы сход ініцыятыўнай групы па зьмяненьні заканадаўства ў частцы адмены прымусовай кантрактнай сыстэмы. Да гэтай ініцыятывы зможа далучыцца кожны з удзельнікаў акцыі. Арганізатары лічаць, што ў ініцыятыўную групу ўвойдуць да 500 чалавек. Згодна з заканадаўствам, цягам месяца ім трэба назьбіраць 50 тыс. подпісаў.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?