Вясна. Першая зеляніна, кветкі, галасы птушак, лёгкі ветрык. Усё гэта так цешыць вочы, хочацца як найбольш і найдаўжэй знаходзіцца сярод такога хараства, быць у ім, датыкацца, на поўню насычацца ласкамі прыроды. Так як і сёньня, так заўсёды і 20 год таму ўзьнікалі такія пачуцьці. На вялікі жаль, тады ніхто не папярэдзіў людзей, што гэтага рабіць ня трэба. Першым хто паведаміў пра выбух на Чарнобыльскай станцыі была украінская рэдакцыя голасу Амэрыкі. Але жыхары тых раёнаў, якія знаходзіліся даволі блізка да месца выбуху ня ўспрымалі ўсурыёз такой навіны, бо ня ўсе мелі магчымасьць слухаць голас Амэрыкі, а ўлады замоўчвалі і настройвалі так, што нібы нічога не адбылося.

Але ў хуткім часе ўзьніклі праблемы з жывёламі і птушкамі — нешта незвыкла і дзіўна яны сябе паводзілі, а праз тыдзень пачалі паміраць немаўляты. Вялікая колькасьць радыяцыі асела ў бліжэйшых лясах у радыюсе 10‑15 кілямэтраў. Загадана было спаліць шмат гэктараў лясоў. Не памагло — радыяцыя разам з дымам перамясьцілася на досыць вялікія адлегласьці. Нават у такім горадзе як Маладэчна ( ён знаходзіцца прыкладна ў 100 км. ад Вільні) у той час быў зафіkсаваны такі ж высокі радыяцыйны фон як і ў блізкіх да ачагу раёнах. Там пабудавалі вялікую спартыўную школу, у якой дзеці часта падалі і трацілі прытомнасьць. Відаць ня ведалі, што пры вялікай радыяцыі фізычнымі практыкаваньнямі займацца нельга. З пачатку 90‑х гадоў жыхары пачалі пераяжджаць у больш чыстыя раёны, але многія зь іх ужо мелі сурьёзныя праблемы са здароўем і не маглі прыстасавацца да новых умоваў. З таго часу шмат вёсак вымерла, ды каб месца ня было пустым улады засяляюць гэтыя тэрыторыі іншамоўным насельніцтвам.

Ад радыяцыі там усё незвычайна расьце, чаго не было да аварыі. Тыя хто жыве на тых абшарах зьяўляюцца абьектамі вопытаў. Над імі негалосна праводзяцца экспэрыментальныя дасьледаваньні.

Пра ўсё гэта распавёў на імпрэзе ТБК 28 красавіка , прысьвечанай Чарнобыльскай аварыі, журналіст Андрусь Старавойтаў, які сам у той час быў сьведкам гэтых падзей.

У залі панаваў адпаведны настрой, які перадавало аздабленьне залі: на ярка зялёным фоне, які так блізкі да веснавой зеляніны, раскіданы разнакаляровыя кветкі — сярод якіх некалькі чорных (мастачка Крыстына Балаховіч). Падобны настрой ахоплівае часта на могілках, дзе якія вясёлыя вянкі кветак , але раптам сум — чорныя стужкі і крыжы.

У другой частцы імпрэзы, прысьвечанай паэтычнай творчасьці сяброў ТБК, прысутныя пазнаёміліся з творамі Веры Хамянюк. Аўтарка прачытала яшчэ нідзе не друкаваныя вершы, у тым ліку і пра Чарнобыль. Дарэчы, ТБК працуе над праектам выданьня кнігі твораў сяброў ТБК.

Як заўсёды, зьмястоўна і цікава выступіў Алесь Адамковіч (журналіст). Ён расказаў пра сьвятара Ідэльфонса Бобіча, які ў 20‑я гады працаваў у Kатэдральным касьцёле ў Вільні, а службу праводзіў па беларуску. Але, нажаль, уладам гэта не падабалося і доўга працаваць яму не далі.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Юры Гіль прадэклямаваў некалькі сваіх вершаў і паведаміў прысутным, што дзякуючы яго намаганьням , бібліятэцы ў Савічунах, што каля Вільні , нададзена імя класіка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча. Такім чынам у Літве ушанавана памяць віднага беларускага асьветніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?