У пятніцу‑суботу прайшлі матчы трэцяга туру чэмпіянату Беларусі па футболе. Пасьля гэтых сустрэч у першынстве зьявіўся аднаасобны лідэр. Ім стаў леташні чэмпіён БАТЭ. Барысаўцы ў Віцебску мінімальна перамаглі мясцовы клюб. Адзіны гол у другім тайме забіў найлепшы бамбардзір чэмпіянату Генадзь Блізьнюк. «Віцебск» жа пасьля гэтай паразы скаціўся на апошні радок турнірнай табліцы. Адразу пасьля гульні з чэмпіёнам у адстаўку быў адпраўлены галоўны трэнэр «Віцебску» расеец Андрэй Чарнышоў. Яго месца зойме найлепшы футбаліст Беларусі мінулага стагодзьдзя Сяргей Алейнікаў, які апошнія гады жыў у Італіі.

Як і «Віцебск», пунктаў у табліцы пакуль ня мае наваполацкі «Нафтан». Каманда Вячаслава Акшаева у суботу дома не змагла справіцца з салігорскім «Шахцёрам» – 0:2. Абодва галы забіў Аляксандар Кліменка.

Надзвычай прынцыповы матч праходзіў у Кунцаўшчыне, дзе «Дарыда» прымала менскае «Дынама». Папросту пасьля двух тураў абедзьве каманды разьмяшчаліся ўнізе табліцы і перамога ў гэтым матчы была вельмі неабходная і тым, і тым. «Дарыдзе» пашанцавала болей – 1:0 на яе карысьць, пры гэтым «дынамаўцы» забілі гол самі сабе. Пасьля чарговай паразы пазыцыі галоўнага трэнэра «Дынама» Аляксандра Хацкевіча падаюцца вельмі хісткімі.

У цэнтральным матчы туру сышліся «Гомель» і МТЗ‑РІПА. Гамельчукі пасьля першага тайму выйгравалі 2:0, але перамогу ўтрымаць не змаглі. За хвіліну да перапынку нічыю вырваў Вячаслаў Глеб – 2:2.

Жодзінскія «тарпэдаўцы», прайграючы па ходу матча, змаглі перайграць «Менск» – 2:1.

Астатнія матчы туру прынесьлі нічыйныя вынікі: «Смургоні» – «Нёман» 0:0, «Дынама» (Берасьце) – «Дняпро» 1:1.

Турнірная табліца выглядае наступным чынам: БАТЭ – 9 пунктаў, «Шахцёр», МТЗ‑РІПА – па 7, «Гомель», «Тарпэда», «Дняпро» – па 5, «Нёман», «Смургоні», «Дынама» (Берасьце) – па 4, «Менск», «Дарыда» – па 3, «Дынама» (Менск) – 1, «Нафтан» і «Віцебск» – 0.

Найлепшым бамбардзірам зьяўляецца Генадзь Блізьнюк (БАТЭ) – 4 галы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?