У Варшаве ў пятніцу сустрэліся прэзыдэнты Польшчы й Украіны — Лех Качыньскі й Віктар Юшчанка. Візыт украінскага кіраўніка супаў з 60‑мі ўгодкамі правядзеньня ў Польшчы акцыі «Вісла», якая заключалася ў высяленьні ўкраінскага насельніцтва з паўднёва‑ўсходніх рэгіёнаў Польшчы. З гэтай нагоды прэзыдэнты падпісалі супольную заяву. У ёй гаворыцца, што ў гісторыі сучаснай Польшчы акцыя «Вісла» зьяўляецца прыкладам несправядлівасьці, якая стала вынікам дзеяньняў камуністычных уладаў. Акрамя гэтага, кіраўнікі суседніх краін падпісалі гэтак званую «дарожную мапу» пра польска‑ўкраінскае супрацоўніцтва ў пэрыядзе 2007‑2008 гадоў.

Лех Качыньскі сказаў, што першая дэклярацыя датычыць мінулага, а другая — будучыні:

Л.Качыньскі: Заява датычыць жудасных рэчаў, якія адбываліся ў мінулым, а «дарожная мапа» датычыць будучыні. Пагадненьне падпісанае з мэтай замацаваць ўзаемадачыненьні паміж Польшчай і Ўкраінай, да чаго імкнуцца абодва бакі. Я думаю, што гэта крок у правільным напрамку.

У сваю чаргу Віктар Юшчанка зазначыў, што Польшча й Украіна глядзяць разам ня толькі ў мінулае, але і ў будучыню.

В.Юшчанка: На жаль, гісторыя пакінула нам шмат пытаньняў. Сёньняшняя сустрэча з Лехам Качыньскім і сумесны ўдзел ва ўрачыстасьці сьведчаць аб тым, што мы робім усё, каб рэалізаваць гістарычнае сяброўства й прымірэньне.

Сёньня ў капліцы прэзыдэнцкага палацу ў Варшаве каталіцкі кардынал Юзэф Глемп і грэка‑каталіцкі кардынал Любомыр Гузар адслужылі экумэнічную імшу ў памяць ахвяраў акцыі «Вісла». У набажэнстве ўдзельнічалі абодва прэзыдэнты.

У рамках акцыі «Вісла» былі выселены 150 тыс. украінцаў. Ім загадалі пераехаць на гтз. вернутыя землі ў заходняй і паўночнай Польшчы. Акцыя пачалася 28 красавіка 1947 году й працягвалася тры месяцы. Мэтай высяленьня было пазбавіць украінскіх паўстанцаў падтрымкі на гэтай тэрыторыі, якая на доўгі час засталася незаселенай.

Ад пятніцы да панядзелку ў Пярэмышлі заплянаваныя мерапрыемствы, якія ўшаноўваюць памяць тых падзей. Цяпер у Пярэмыскім рэгіёне сярод 74 тыс. насельніцтва 3‑4 тыс. складаюць украінцы, якія вяртаюцца на радзіму сваіх продкаў — тлумачыць Марыя Дрозд зь мясцовага аддзяленьня Саюзу ўкраінцаў у Польшчы.

М.Дрозд: Большая частка людзей, якія знаходзяцца ў гэтай лічбе, гэта сем’і, якія сюды вярнуліся. У нашым рэгіёне такім выключэньнем падчас акцыі «Вісла» зьяўляецца мясцовасьць Кальнікуў, дзе большая частка насельніцтва — 95% — не была выселена. Усе астатнія мясцовасьці, так бы мовіць, былі вычышчаны. Дзяды, прадзеды тут нарадзіліся й жылі. Наступнае пакаленьне нарадзілася на «вернутых» землях. І цяпер яны вяртаюцца разам з новымі чальцамі сем’яў.

Украінцаў, ахопленых акцыяй «Вісла», улады ПНР пазбавілі маёмасьці.

У студзені гэтага году Міжнародная асацыяцыя ўкраінцаў запатрабавала ад польскага ўраду кампэнсацыяў, — гаворыць Пэтро Тыма — старшыня Саюзу ўкраінцаў у Польшчы.

П.Тыма: Ад 1956 году, ад часу палітычнай адлігі, украінская грамадзкасьць ставіць нязьменныя пастуляты. Перш за ўсё пастулят асуджэньня дэпартацыі. Па‑другое, ліквідацыі наступстваў акцыі «Вісла». Гэта два дэкрэты, згодна зь якімі, дзяржава пераняла прыватную маёмасьць, уласнасьць арганізацыяў і царкоўную маёмасьць. Некаторыя патрабаваньні на сёньняшні дзень часткова вырашаныя, у прыватнасьці, калі казаць пра маёмасьць Праваслаўнай і Ўніяцкай цэркваў.

У 1990 годзе акцыю «Вісла» асудзіў Сэнат Польшчы, а ў 2002 прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскі выказаў шкадаваньне з прычыны яе правядзеньня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?