Міністар культуры й нацыянальнай спадчыны заявіў, што з вуліц польскіх гарадоў зьнікнуць сымбалі камуністычнай дыктатуры. Ведамства завяршае працу над падрыхтоўкай закону аб месцах нацыянальнай памяці. У дакумэнце акрэсьлены меры па ахове памятных месцаў, а таксама дзякуючы закону мясцовцым уладам будзе прасьцей пераносіць альбо разбураць помнікі ды сымбалі камунізму й чужой улады — кажа міністар культуры Казімеж Міхал Уяздоўскі.

К.М.Уяздоўскі: Я перакананы, што сымбалі камуністычнай дыктатуры й чужой улады павінны зьнікнуць з вуліц польскіх гарадоў. Закон дае падставу, каб ліквідаваць помнікі ды іншыя знакі адмоўнай дыктатуры. Гэтым зоймуцца мясцовыя ўлады. Гэта справа, якая важная для свабоднай і незалежнай дзяржавы. У нас ёсьць яшчэ каля 200‑300 такіх сымбаляў. Гаворка ідзе толькі пра помнікі ў публічных месцах, не на могілках, бо кожны народ павінен шанаваць магілы. Тут гаворка ідзе толькі пра тыя сымбалі, якія хваляць дыктатуру, старую сыстэму й ідэалёгію, якая была скіраваная супраць польскай незалежнасьці, супраць правоў чалавека.

Міністар культуры, адказваючы на пытаньне пра сытуацыю ў Эстоніі, дзе пачаліся масавыя хваляваньні ў сувязі з дэмантажом помніка савецкім жаўнерам, падкрэсьліў, што Польшча ды Эўразьвяз павінны заступіцца за Эстонію. У Польшчы ніхто не пратэстуе супраць пераносу такіх помнікаў. Гэта выключна ўнутраная справа нашай краіны — мяркуе міністар Уяздоўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?