Лукашэнка паляцеў ў Баку. Ён мае наведаць магілу былога лідэра краіны Гэйдара Аліева і правесьці перамовы зь ягоным сынам Ільгамам, цяперашнім прэзыдэнтам. Пакуль што беларускі гандаль з Азэрбайджанам мізэрны — летась было $37,2 млн. Ці стане рухавіком абвешчаная дывэрсіфікацыя паставак энэрганосьбітаў? Зразумела ж, Азэрбайджан — гэта найперш "чорнае золата".

Ну а ў сэнсе палітычным Азэрбайджан стаў хрэстаматыйным прыкладам спадчыннай ўлады на постсавецкім абсягу. Аляксандар Лукашэнка кажа, што са сваімі сынамі такі сцэнар нават не абмяркоўвае. У прыватнасьці таму, што, на бацькаў погляд, ягоны Віктар "сёньня і заўтра яшчэ будзе слабейшы за цяперашняга прэзыдэнта. Дык нашто слабейшага падтрымліваць і прасоўваць?".

Калі Гэйдар Аліеў быў ужо ў кепскім стане і стаў вымалёўвацца варыянт постсавецкай спадчыннай манархіі, назіральнікі таксама цьвердзілі: у Аліева-малодшага няма бацькавай харызмы, так што доўга ён не пратрымаецца. Дый увогуле сярод палітолягаў распаўсюджанае меркаваньне, што аўтарытарныя рэжымы звычайна хутка рассыпаюцца пасьля сьмерці харызматычнага кіраўніка, бо ўсё, маўляў, трымаецца на моцнай асобе.

Пакуль што Ільгам Аліеў пэсымістаў абвяргае. У 2005 годзе ён жорстка здушыў выступы апазыцыі ў зьвязку са сфальшаванымі, на яе думку, парлямэнцкімі выбарамі. Прычым Вашынгтон надта наракаць ня стаў, за што сам падпаў пад крытыку як з боку ўнутраных апанэнтаў Аліева-малодшага ("ЗША адправілі азэрбайджанскую дэмакратыю на памыйку"), так і з боку Эўропы.

Для Амэрыкі афіцыйны Баку — стратэгічны партнэр. І рэч ня толькі ў нафтавым інтарэсе. Азэрбайджан мяжуе зь Іранам, рэжым якога ёсьць першым ворагам ЗША. Між тым у Баку да Тэгэрану свае прэтэнзіі: ніяк не падзеляць нафтаносны Касьпій.

Дарэчы, у Іране жыве, паводле розных падлікаў, ад 25 да 35 мільёнаў этнічных азэрбайджанцаў — утрая болей, чым у самім Азэрбайджане! Ашалець можна. Уяўляеце, якая гэта парахавая бочка для Ахмадынэджада?

Што да Эўропы, дык яна хоць і ўшчувае Ільгама Аліева за брак дэмакратыі, але таксама зважае на чыньнік энэргетычнага партнэрства. Параўнайце: калі Беларусь выпампоўвае са сваіх нетраў 1,8 мільёну тонаў нафты за год, то Азэрбайджан летась здабыў 32 мільёны, а сёлета нацэліўся на 43. Адных толькі ўжо даказаных запасаў "чорнага золата" (сем мільярдаў барэляў!), як падлічылі скрупулёзныя адмыслоўцы, хопіць на 61 год спажываньня. І чаму так шанцуе гэтым мусульманам? :-)

Зрэшты, у Беларусі свой козыр — транзыт. Бадай, і ў афіцыйнага Менску адразу пасьля нафтагазавай вайны з Масквою была ілюзія, што Захад у двухбаковых стасунках аддасьць перавагу меркаваньням энэргетычнае бясьпекі, чым як эфэмэрным прынцыпам дэмакратыі ды правам чалавека. Таму і гучала ў інтэрвію Рару ды "Ройтэрз" рыторыка датычна імавернай прагматычнай супрацы. Не атрымалася. Ну што з гэтых заходнікаў возьмеш: скрозь падвойныя стандарты!

Кладучы руку на сэрца, Захад сапраўды робіць зьніжку на ўсходнюю спэцыфіку. Нядаўна намесьнік дзяржсакратара ЗША у пытаньнях Эўропы і Эўразіі Мэт'ю Брайза з нагоды суду над апазыцыйным рэдактарам Фатулаевым (дарэчы, упяклі за краты на два з паловай гады!) зазначыў: "Мы ня думаем, што дэмакратычныя інстытуты ў Азэрбайджане мусяць быць такімі ж, як у ЗША ці ў Швайцарыі. Але мы лічым, што неабходна спыніць крымінальны перасьлед за паклёп".

Афіцыйны Менск падобнай паблажлівасьці наўрад ці дачакаецца. Самі ж хвалімся, што цэнтар Эўропы! Так што noblesse oblige!

Зрэшты, у пытаньня ёсьць і другі бок. Наколькі эўрапейскай пачуваецца наша грамада?

P.S. Вось тут — даволі калярытны артыкул пра азэрбайджанскія рэаліі з ангельскага часопісу "Эконаміст". Аўтар падае бяз рэтушы як партрэт улады, так і стан апазыцыі, наведаўшы яе "прапахлую мачой" штаб-кватэру.

P.P.S. Неяк давялося ў Брусэлі слухаць выступ аднаго зь лідэраў азэрбайджанскай апазыцыі перад эўрапарлямэнтарамі. Закіды на адрас рэжыму гучалі да болю знаёма. Неўзабаве я даведаўся, што на чарговыя выбары іхняя апазыцыя зноў пайшла рознымі калёнамі...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?