У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы пачаліся рэпетыцыі спектакля "Сны аб Беларусі". Пра гэта паведаміла БелаПАН вядучы рэдактар літаратурна-драматычнай часткі тэатра Лавінія Шарыпкіна.

Спектакль пастаўлены паводле твораў Янкі Купалы і Уладзіміра Караткевіча і прымеркаваны да 125-годдзя народнага паэта Беларусі. У пастаноўцы выкарыстаны вершы, урыўкі з паэмаў Я.Купалы і п'есы У.Караткевіча "Калыска чатырох чараўніц". У аснове сюжэтнай лініі спектакля - менавіта гэтая п'еса, у якой аўтар прапануе прасачыць за працэсам станаўлення паэта, нараджэння генія. У выглядзе сноў галоўнага героя перад гледачом паўстаюць разважанні аб адносінах творцы і народа, часу, улады.

Аўтар пастаноўкі - беларускі рэжысёр Уладзімір Савіцкі, які вядомы такімі спектаклямі, як "Вечны Фама" паводле Фёдара Дастаеўскага, "Балада пра каханне" паводле Васіля Быкава, "Дзікае паляванне караля Стаха" паводле Уладзіміра Караткевіча і іншымі. У пастаноўцы занята большая частка трупы Купалаўскага тэатра.

Прэм'ера спектакля "Сны аб Беларусі" плануецца пры канцы ліпеня. Таксама да юбілею беларускага паэта пройдуць паказы спектакляў паводле п'есаў Я.Купалы, якія ёсць ў рэпертуары тэатра. Напярэдадні святкавання юбілею ў тэатры будзе размешчана выстава, створаная на аснове архіўных матэрыялаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра ім. Я.Купалы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?