Сёньня ў Нацыянальным выстаўным цэнтры пачалася XI Міжнародная спэцыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі». На форуме, як і год таму, прадстаўленыя спрэс дзяржаўныя СМІ

Дзеля ўрачыстага адкрыцьця выставы на сцэну запрасілі міністра інфармацыі Ўладзімера Русакевіча, міністра культуры Ўладзімера Матвейчука, начальніка галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Алега Праляскоўскага, старшыню Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага, кіраўнікоў дзяржаўных тэлеканалаў Рыгора Кісяля, Юрыя Казіятку, рэдактараў найбуйнейшых дзяржгазэтаў Паўла Якубовіча ды Анатоля Лемяшонка, а таксама міністра па справах друку ды інфармацыі Маскоўскай вобласьці Сяргея Маісеева. Побач са сцэнай стаяла старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына.

Праляскоўскі зачытаў вітальнае слова ад Лукашэнкі, сэнс якога зводзіцца да таго, што ўсебаковая дапамога дзяржавы робіць беларускія СМІ па‑сапраўднаму свабоднымі і прафэсійнымі. Ніхто з гасьцей не прамаўляў па‑беларуску.

Міністар інфармацыі паведаміў, што на форуме прадстаўленыя больш за 700 удзельнікаў экспазыцыі. Падкрэсьлівалася, што сярод іх прысутнічаюць і замежныя выдавецтвы. Найбольш жа адчувалася прысутнасьць маскоўскай прэсы. Былі заўважаныя выданьні Кітаю, зь якімі можна было азнаёміцца на экспазыцыі, ладжанай дыпляматычным прадстаўніцтвам гэтай краіны. Мінімалізмам вылучалася экспазыцыя Deutsche Welle — аднайменная шыльда і выключаны тэлевізар «Samsung».

Кожная вобласьць прэзэнтавалася асобнымі міні‑пляцоўкамі. Між сабою гэтыя выставы амаль нічым ня розьніліся — аднатыпныя назвы абласных ды раённых газэтаў, шчасьлівыя твары на фотаздымках перадавіцаў, ды пераважна расейская мова. Увогуле, выглядала на тое, што ўсю рэклямную атрыбутыку — балёнікі зь лягатыпамі, газэтаў, тэлеканалаў і радыё, буклеты і каляндарыкі, — замовілі ў аднаго вытворцы. Гэта, мабыць, прымусіла ўдзельнікаў экспазыцыі рабіць пэўныя захады, каб падвысіць наведвальнасьць сваіх выставаў. Сярод абласных пляцовак вылучылася берасьцейская — апранутыя ў фірмовыя бэйсболкі маладыя людзі прапаноўвалі наведнікам выставы сваю прадукцыю пад Луі Армстранга. Рэй у завабліваньні наведнікаў вялі вайсковыя СМІ — каля іхняга ўзброенага кулямётам матацыклу ўвесь час было людна. Вылучаліся таксама апранутыя ў лісіцу і лесавіка супрацоўнікі «Лясной газеты».

Беларуская мова прысутнічала на пляцоўках афіцыйных беларускамоўных выданьняў — «Звязды», «Настаўніцкай газеты», «Бярозкі» ды інш.

Форум працягнецца тры дні. У праграме — правядзеньне другога беларускага інфармацыйнага форуму «Сацыяльная адказнасьць СМИ», а таксама ўрэчэньне прэміі «Золотая литера»

Сямён Печанко

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0