У гісторыі здараецца часам так, што падзеі складваюцца такім незвычыйным чынам, у такі незвычайны і цудоўны ланцуг супадзенняў, што не застаецца сказаць нічога іншага, апроч словаў: “Гэта Божы промысел”. Такіх супадзеньняў у гісторыі няшмат, але калі яны здараюцца, то зьдзіўляюць вельмі моцна.

Я хацеў бы зьвярнуць вашую ўвагу на адно такое важнае знаменьне ў нашай найноўшай гісторыі, а менавіта – на спадчыну Эдварда Вайніловіча. У пачатку 20-га стагодзьдзя беларусы былі абдзеленыя сваей інтэлігенцыяй, яе было вельмі мала. Мала было і багатых людзей, здольных ахвяраваць свае грошы на беларускую справу і дзеля будучыні Бацькаўшчыны. Таму ўсіх гэтых людзей мы ведаем пайменна. Адзін такі чалавек - Эдвард Вайніловіч. Большасьць беларусаў ведаюць яго, як чалавека, які фундаваў будаўніцтва Чырвонага Касьцелу ў Менску. Храм, які быў помнікам памерлым дзецям Вайніловіча, стаўся візытнай карткай нашай новай беларускай сталіцы – Менску. Храм, які будаваўся далёка ад цэнтра горада, цяпер стаіць на галоўнай плошчы не толькі места, але і ўсей краіны. Некаторыя кажуць, што Петар Машэраў, вядомы сваім угодніцтвам перад Масквой, задумаў зьнесці гэты Храм, але гэтага ня здарылася – перашкодзіла сьмерць Машэрава. Ці ня быў гэта Божы промысел? Калі гэта так, то я ведаю, дзеля чаго Храм застаўся стаяць. Дзеля таго, каб у помным кастрычніку 1988 года менавіта тут пачалася гісторыя новага беларускага руху – БНФ, які стаўся сапраўдным аўтарам беларускай незалежнай дзяржавы. Гісторыя магла пачацца і ў іншым месцы, напрыклад – у Доме Літаратара, але Богу было ўгодна каб новая Беларусь пачалася з чыстага месца, пабудаванага ахвярай сапраўднага беларуса, які глядзеў у будучыню і, можа, бачыў наш дзень. Я ўпэўнены, што месца падзеяў для Бога – вельмі важная справа. Напрыклад, Дом Божы у Іерусаліме збудаваны на невыпадковым месцы, а менавіта там, дзе Аўрам быў гатовы прынесьці ахвяру сваім сынам. І я веру ў тое, што гэта была воля Божая захаваць гэты касьцел Сымона і Алены, каб тут пачалася новая гісторыя Беларусі. Дарэчы касьцел знаходзіцца ўсяго ў якіх 200-300 метрах ад таго будынка (дарэчы, таксама захаваўся), дзе ў 1918 годзе была абвешчана (пакуль яшчэ ня створана, але ўжо прадэкляраваная) Беларуская дзяржава – БНР.

А цяпер я хацеў бы зрабіць адно “прароцтва”. У новай дэмакратычнай Беларусі з беларускім нацыянальным урадам вуліца Савецкая ў Менску будзе абавязкова перайменаваная. Якое ж яна будзе насіць імя? Ніякага іншага, апроч вуліца Эдварда Вайніловіча, бо тут жа знаходзіцца касьцел, ім пабудаваны. І тут прыходзіць на розум іншая паралель, яшчэ больш цудоўная. Падчас Слуцкага Збройнага чыну беларускі ўрад у Слуцку засядаў у доме Вайніловіча. А цяпер прадстаўце, што сапраўдны беларускі ўрад будзе засядаць ў новай сталіцы – Менску па адрасе вул. Вайніловіча, дом 1. І гэта будзе побач з Храмам, зь якога ўсе пачалося, і зусім недалека ад будынка на вул. Валадарскага (а як будзе названая гэтая вуліца), дзе была крыніца новай дзяржавы Беларусь. Вось тады мы зноў скажам: “Гэта быў Божы промысел, сапраўдны знак Божы”...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?