Заўтра Вярхоўны суд вырашыць лёс «Беллітфонду». Сёньня, 3 траўня, адбылася пасьпешлівае судовае разьбіральніцтва паводле пазову Міністэрства юстыцыі без удзелу прадстаўнікоў фонду, якім суд адмовіў у хадайніцтве аб пераносе справы. Кіраўніцтва грамадзкага аб’яднаньня атрымала позву ў суд толькі ўчора і проста ня мела часу падрыхтавацца.

2 траўня кіраўніцтва грамадзкага аб’яднаньня «Беларускі літаратурны фонд» атрымала афіцыйны ліст зь Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь. Гэта была позва на судовае разьбіральніцтва грамадзянскай справы па зыску Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі «Беллітфонду». Разьбіральніцтва было прызначанае на 3 траўня ў 14:30.

Як распавёў дырэктар ГА «Беллітфонд» Алесь Данільчык, кіраўніцтва арганізацыі даслала ў суд хадайніцтва з просьбай перанесьці разьбіральніцтва на больш позьні тэрмін. «Мы апэлявалі да 143 артыкула Грамадзянска‑працэсуальнага кодэксу, які гарантуе бакам судовага разьбіральніцтва прадстаўленьне ў неабходнай колькасьці часу на падрыхтоўку да працэсу» — патлумачыў сп. Данільчык. Падрыхтавацца да судовага разьбіральніцтва цягам 24 гадзінаў (улічваючы начны час сутак) па‑просту немагчыма, аднак суд адхіліў хадайніцтва фонду. Разьбіральніцтва адбылася ў адсутнасьць упаўнаважанага прадстаўніка «Беллітфонду». Па словах А. Данільчыка, на судзе тройчы зачыталі тэкст зыску Мін’юсту — спачатку прадстаўнік гэтай арганізацыі, затым супрацоўнік пракуратуры, які пагадзіўся з прэтэнзіямі Мін’юсту, а таксама судзьдзя Самалюк В.І. Заўтра аб 11:00 будзе вынесены вырак.

Нагадаем, што ў 2003 годзе Міністэрсва юстыцыі накіравала ў «Беллітфонд» ліст з прапановай унесьці эмблему сваёй арганізацыі ў Дзяржаўны геральдычны рэгістр. У 2006 г. арганізацыя атрымала папярэджаньне за невыкананьне той прапановы. У тым жа годзе Мін’юст вынес чарговае папярэджаньне фонду: на адным са сходаў пры галасаваньні па павестцы дня былі ўлічаны галасы сяброў арганізацыі, якія не змаглі трапіць на сход, але сваімі даверанасьцямі ўпаўнаважылі некаторых членаў «Беллітфонду» галасаваць ад іх імя.

Саюзу пісьменьнікаў удалося сарваць спробу Мінюсту ліквідаваць арганізацыю, дзякуючы масавай мабілізацыі творцаў у абарону. Судзьдзя не наважыўся вынесьці зьнішчальнае рашэньне ў прысутнасьці Бураўкіна, Арлова ды Іпатавай. Праўда, Бураўкіну той працэс каштаваў інфаркту. У гэтым разе Мінюст дзейнічае спрытней.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?