«Не, нічога да плоту прывязваць не дазваляецца!» – папярэджвае вусаты паліцыянт актывістаў «Міжнароднай Амністыі», якія паспрабавалі былі прымасаваць расьцяжку да агароджы амбасады РБ ў Бэрліне. Паліцыя паводзіцьсабе збольшага карэктна і незласьліва, таму спрэчак не ўзьнікае. Расьцяжку трымаюць у руках.

Пакрысе падцягваюцца людзі – зьбіраецца крыху больш за дваццаць чалавек, беларусаў сярод іх трохі меней за палову. Моладзь дастае з заплечнікаў сьвечкі-таблеткі ды ставіць іх у белыя папяровыя пакецікі. Запальваюць невялікія паходні. Шмат усьмешак, нягучныя размовы. Немцы падрабязна распытваюцца пра Мілінкевіча ды Казуліна, спрабуючы зразумець розьніцу паміж дзьвюма кандыдатамі. З Лукашэнкам жа ўсё і так зразумела, таму ён мала каго цікавіць. Пра існаваньне Гайдукевіча, выглядае, большасьць нават не падазрае.

А 18-й удзельнікі заклейваюць сабе раты крыж-накрыж чорным скотчам. З дворыку амбасады выяжджае аўто з супрацоўнікамі, якія робяць выгляд, што не заўважаюць пікетоўшчыкаў. Раз-пораз праз шчыліну паміж жалюзі ў вакне вілы, дзе месьціцца беларускае дыпрадстаўніцтва, выглядае нейкі чалавек. Пабаўшы, што яму махаюць рукамі з вуліцы, ён хаваецца ў глыбіні пакоя. Адзіным удзячным гледачом з «афіцыйнага боку» застаецца вялікая плястмасавая фігура мядзьведзя. Мішка стаіць на газоне перад амбасадай, пафарбаваны ў белы колер ды ўпрыгожаны васількамі. На ягоным пузе старанна намаляваны чырвона-зялёны сьцяжок, які пераплятаецца з блакітна-зорным сьцягам ЭЗ. Праз краты агароджы ён паглядаена тое, як папяровыя ліхтарыкі крыху абвугольваюцца ўгары, а зьнізу пакрысе набрыняюць вадой: сьнег растае. Сьвятло сьвечак няпэўна трымціцьпад сакавіцкім бэрлінскім ветрам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?