04.05.2007 / 13:07

«Фашиствующие руководители, уймитесь!» 90

Пэнсіянеры і БРСМ распачалі штодзённыя акцыіі ля Генэральнага консульства Эстоніі ў Менску. Артыкул Зьмітра Панкаўца і фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч.

У пятніцу быў другі дзень пікетаваньне Генэральнага консульства Эстоніі ў Менску. У першы дзень да будынку на 2-м завулку Кальцова прыйшло чалавек 40‑50. Пэнсіянэры і моладзь. Трымалі ў руках транспаранты, дзяржаўныя сьцягі, сьцягі СССР.

Падыходжу да аднаго маладзёна, які трымае ў руках савецкі штандар, пытаюся, ці за аднаўленьне ён СССР? «Ня ведаю, я там практычна ня жыў», ‑‑ кажа ён. «Дык а сьцяг тады для чаго?» «Дзядуля папрасіў патрымаць». У гэты самы момант падлятае той самы дзядуля, які пачынае расказваць, што абсалютна ва ўсіх былых краінах Саюзу выступаюць яго ўзьяднаньне. Пазыцыя дзеда мне ясная, а вось маладзёна не да канца. «Дык ты таксама хочаш, каб у нас быў Савецкі Саюз?» — не здаюся я. «Старэйшыя кажуць, што там добра жылося, таму можа і «за». Пасьля хлопец пачынае казаць, што кепска, канечне, што ў нас ня будзе сваёй хакейнай каманды і такое падобнае. Праз пару хвілінаў ён аддае сьцяг назад дзядулю, а сам ідзе ўбок.

Нейкі вэтэран вайны паказвае хлопцам і дзеўкам выразкі са старых газэт, тлумачыць, які менавіта помнік зьнесьлі, расказвае пра Эстонію. Адзін пацан урэшце не вытрымлівае і пытаецца ў вэтэрана: «А Эстонія мяжуе зь Беларусьсю»?

Падаецца, што ў акцыі мала драйву, ня так як пазалетась ля польскага пасольства, калі штодня пілавалі бервяно. Усё млява і безыніцыятыўна.

Пакуль адна частка трымае пікет, іншыя адпачываюць на траве, паляць цыгарэты, жартуюць. Праз пэўны прамежак часу мяняюцца. Моладзь — навучэнцы індустрыяльна‑пэдагагічнага каледжу. З раніцы яны пікетуюць, пасьля абеду ідуць на практыку. Пераконваюць мяне, што ўсе прыйшлі па сваёй волі.

Пытаюся ў дзяўчыны, якая трымае транспарант «Фашиствующие руководители Эстонии уймитесь!», што яна разумее пад фашызмам. Кажа тое, што адбываецца ў Эстоніі. Ізноў пытаюся, а што там адбываецца. Фашызм, кажа.

Пэнсіянэры пачынаюць крычаць на маладых, каб не размаўлялі з «бээнэфаўскім» журналістам. Падскокваюць кіраўнікі ячэек БРСМ, на любыя мае пытаньні адказваюць самі, не даючы выказацца іншым. Пытаюся, якую арганізацыю прадстаўляюць. Адказваюць, што ніякую, проста прыйшлі выказаць свае меркаваньні. А на працу ці вучобу моладзі ня трэба? Кажуць, што калі моладзі трэба выказаць свае погляды, то можна і прапусьціць заняткі.

Акцыі арганізоўваюць КПБ, пытаюся ў аднаго з камуністаў, а ці нармальна, што ўчора былі партрэты Сталіна? Маўчыць, а пасьля гаворыць, што не пагонім жа мы іх, калі яны сюды прыйшлі. Хачу высьветліць іхнюю пазыцыю адносна Сталіна. Нічога не адказваюць, бо ўжо пачынаюць згортвацца.

Дзесьці а 12:30 пікетоўцы пачынаюць вельмі нерашуча і млява скандзіраваць: «Ганьба». Потым разыходзяцца. Да 10 траўня абяцаюць прыходзіць штодня.

Зьміцер Панкавец







Здымкі Юліі Дарашкевіч

0
Федзя / Адказаць
04.05.2007 / 13:31
Ха-ха-ха
0
Актывіст / Адказаць
04.05.2007 / 13:37
На першай і чацвёртай фотакартке, калі я не памыляюсь, стаіць дзяўчына са значыкам. Раней я думаў, што такія значыкі носяць толькі адэкватныя людзі, а тут такое....
0
Актывіст / Адказаць
04.05.2007 / 13:40
А яны за два тыдні да гэтай акцыі падавалі запыт на дазвол правядзення акцыі?
Паказаць усе каментары/ 90 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру