Штраф памерам ад 20 да 50 базавых велічыняў (базавая велічыня – 31 000 рублёў) будуць выплачваць кіраўнікі арганізацыяў і ўстановаў, калі яны парушаць заканадаўства аб занятасьці насельніцтва. Такое рашэньне прыняла сёньня Палата Прадстаўнікоў.
Паводле дэпутата Ларысы Вершаловіч, цяпер існуюць вялікія складанасьці пры спробах уладкавацца на працу асобам з абмежаванымі фізычнымі функцыямі. Кіраўнікі розных установаў усялякімі спосабамі адмаўляюцца ад паслугаў інвалідаў. Міністра працы і сацыяльнай абароны Уладзімер Патупчык пагадзіўся, што такая праблема існуе. Ён спадзяецца, што зьмены ў заканадаўстве прымусяць чыноўнікаў больш уважліва ставіцца да інвалідаў.