Некалькі дзён таму я ставіў перад сабой пытаньне: ці адважыцца нехта з расейскай інтэлігенцыі пайсьці супраць шавіністычнай плыні, справакаванай падзеямі вакол бронзавага жаўнера ў Таліне?

На той момант ці не адзіным ратавальнікам гонару расейскай інтэлігенцыі аказаўся Віктар Шандаровіч. Зрэшты, і на сёньня таксама. Бадай, толькі ён, кранаючы вострую тэму, абышоўся без кіданьня камянёў у гарачых эстонскіх хлопцаў, а параіў выкрывальнікам прыбалтыйскага "нэанацызму" зірнуць у люстэрка.

Тым часам Расея ачомалася пасьля чарговых зацяжных сьвятаў. І на палітычных сайтах зьявілася чарада камэнтароў тамтэйшых лібэральных мысьляроў на тэму вакханаліі, што ўсчалася пасьля пераносу бронзавага ваяра.

Дык вось, кожны маскоўскі лібэрал найперш сьпяшаецца засьведчыць патрыятызм зачынам кшталту: эстонцы, канешне, добрыя цацы, але разам з тым...

А ўжо далей выказваюцца засьцярогі з нагоды ванханаліі, учыненай — не, ня ў Таліне, а ў самой Маскве маладзёнамі з праўрадавых арганізацыяў. Адзін з аўтараў назваў іх "пуцінскімі хунвэйбінамі". Натуральна, адукаваныя расейскія аўтары добра памятаюць, на каго скіроўваў агрэсіўных маладзёнаў таварыш Мао. Правільна, на айчынных яйкагаловых акулярнікаў, у мазгах якіх заводзяцца ідэі, не адпаведныя генэральнаму курсу.

Маскоўскім інтэлектуалам становіцца страшна. Іх апякла здагадка, што "антыэстонскія свавольствы — проста лёгкая разьмінка перад галоўнай справай". "І як вам, шаноўныя суграмадзяне, — рытарычна пытаецца публіцыст, — такая пэрспэктыва, каб па вуліцах расейскіх гарадоў разгульвалі маладзёвыя банды ў пошуках тых, хто зь нечым ня згодны? А міліцыя будзе сарамліва хавацца ў падваротні?".

Паказальна, што вандалізм у сталіцы сувэрэннай Эстоніі публіцыстаў зь белакаменнай надта не крануў. Страшна стала толькі тады, калі саміх сябе ўявілі ахвярамі нацкаванага натоўпу .

Зрэшты, добра, што хоць нехта ў Маскве асэнсоўвае тое, што даўно бачыць навакольны сьвет (хіба што акрамя аўтараў "маніфэсту яднаньня":). А менавіта: ад абвешчанай Крамлём "сувэрэннай дэмакратыі" рукой падаць да дыктатуры з карычняватым адценьнем. І працэс ідзе менавіта ў гэтым кірунку (на лібэральным маскоўскім сайце ej.ru ужо зьявіўся тэрмін "пуцінюгенд").

Што да расейскіх кіраўнікоў, то да іх абсалютна дапасуецца знакамітае выказваньне пра Бурбонаў: яны нічога не зразумелі і нічому не навучыліся. Адраджаецца стары шавіністычны дух.

Гэтая эвалюцыя расейскага рэжыму будзе непазьбежна генэраваць новыя канфлікты з суседзямі, і ня толькі. Фактычна кінутая пальчатка Захаду, які пад уражаньнем барбарскага карнавалу перад эстонскай амбасадай у Маскве моўчкі салідарызуецца з маленькай балтыйскай краінай.

Як ні сумна, Беларусі яшчэ наканавана трываць, і мо не аднойчы, цунамі сьляпой лютасьці, шавіністычнага шалу, што зьведалі прыбалты.

Цалкам мае рацыю палітоляг Віталь Сіліцкі: імпэрскія інстынкты Расеі трэба ўспрымаць без эмоцыяў, як дадзенасьць. І спакойна, упарта выбудоўваць незалежнасьць, мацуючы кожны зь ейных складнікаў.

P.S. Тым часам у Менску капіююць пікеты паводле маскоўскага шаблёну. Айчынныя ідэолягі — проста тытаны думкі! :-)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0