04.05.2007 / 20:08

Украіна здала чарговы іспыт у школе дэмакратыі 3

Галоўныя ўдзельнікі палітычнага супрацьстаяньня ўва Ўкраіне — прэзыдэнт Віктар Юшчанка і прэм’ер‑міністар Віктар Януковіч — прыйшлі да згоды наконт правядзеньня датэрміновых выбараў у парлямэнт — Вярхоўную Раду. З аналізам падзеі — наш аглядальнік.

Магчыма, што канчатковую ацэнку даваць яшчэ і рана, у рашэньня, абвешчанага сёньня, могуць узьнікнуць яшчэ нейкія падводныя камяні і розначытаньні. Але так выглядае, што крызыс, які пачаўся 2 красавіка выданьнем указу прэзыдэнта аб роспуску парлямэнту і датэрміновых выбарах, збольшага вырашыўся.

І тое, як менавіта ён вырашыўся, мае надзвычайна вялікае значэньне — у сэнсе руху Ўкраіны па шляху дэмакратыі гэтая падзея ня менш важная, чым сама «аранжавая рэвалюцыя».

Чаму? Ды таму што дэмакратыя — гэта ня толькі справядлівы падлік галасоў і ўжо тым болей не перамога правільнай, лепшай з чыйгосьці пункту гледжаньня сілы. Гэта — працэдура, працэдура кампрамісу.

У гэтым, дарэчы, было заўважнае адрозьненьне хады ўкраінскага крызісу ад разьвіцьця падзеяў, скажам, у Кіргізстане, дзе ўсе палітычныя сілы, узяўшы на ўзбраеньне цудадзейны сродак змаганьня — вуліцу, масу, білі ёй адзін аднаго, спадзеючыся атрымаць усё.

Ва Ўкраіне таксама «бела‑блакітныя» вельмі ўдала засвоілі «памаранчавыя тэхналёгіі». Але было адно прынцыповае адрозьненьне — дыялёг паміж палітычнымі супернікамі не перапыняўся ні на хвіліну, Юшчанка і Януковіч асабіста сустракаліся ледзь ня кожны дзень.

Магчыма, прыхільнікаў аднаго і другога боку, якія стаялі на шматлікіх майданах па ўсёй Украіне апошні месяц, гэта нават раздражняла, маўляў, пра што з тымі, з парушальнікамі закону, размаўляць, даеш перамогу. Зразумець такія пачуцьці можна, але па «даеш перамогу» і па «чаго зь імі размаўляць» — гэта да Лукашэнкі ці да Пуціна. А ва Ўкраіне — дэмакратыя, гэта значыць, так менавіта вось з гэтымі і размаўляць, вочы б на якіх не глядзелі.

У іншых краінах вострыя палітычныя крызысы вырашаюцца пры дапамозе моцных, сталых інстытутаў, гэтак у ЗША ў 2000 годзе вэрдыкт па выніках выбараў вынес паважаны ўсімі Вярхоўны суд, зь якім усе пагадзіліся. Ва Ўкраіне інстытуты слабыя, даверу да іх, прынамсі да Канстытуцыйнага суду, няма. І таму ўся адказнасьць за тое, каб крызыс не абрынуў краіну ў бездань, была на плячах правадыроў палітычных лягераў.

Тут варта адзначыць таксама ролю міжнароднай супольнасьці і ў прыватнасьці Эўразьвязу. Не ўстаючы ні на водзін з бакоў, яны штодзень паўтаралі кіеўскім змагарам — дамаўляйцеся.

Аднак, як паказвае досьвед, такія парады дапамагаюць далёка не заўсёды, так што галоўная заслуга тут — усё ж саміх украінцаў.

Калі аналізаваць канкрэтныя рамкі дамоўленасьці, то пакуль больш бачныя саступкі ўрадавага боку, боку большасьці парлямэнту — датэрміновыя выбары ўсё ж адбудуцца, як таго і хацеў прэзыдэнт. Але насамрэч гэта зусім не азначае поўнай паразы кааліцыі. Да таго ж, магчыма, мы пакуль ведаем ня ўсе дэталі, і хутчэй за ўсё на пэўныя саступкі пайшоў і прэзыдэнт.

Але, паўтаруся, — галоўнае, гэта ня зьмест кампрамісу, а тое, што ён быў дасягнуты, тое, што Ўкраіна здала чарговы іспыт у школе дэмакратыі.

Юры Дракахруст, Радыё Свабода

0
Дз / Адказаць
05.05.2007 / 16:56
"Украіна здала чарговы іспыт у школе дэмакратыі." Прычым тут дэмакратыя і "палітычны крызыс"? Тут не палітычны крызыс, а чарговы этап нацыянальна-вызвольнага паўстаньня. Тут спрачаюцца не палітычныя партыі, а группа судзімых людзей (аплачваемых Расеяй) і украінскі народ. Не трэба тут ніякіх заклікаў браць зь іх прыклад. У гэтых украінскіх дэмакратаў на чале парлямэнту сядзіць двойчы судзімы рэцыдывіст. Калі гэта праява дэмакратыі , дык нам тады ўвогуле дэмакратыя без патрэбы. Лепш тады манархія. Закон і парадак бяз розных выбараў і "працэдуры кампрамісу". Сёньняшня расылка Праўды.орг даслала падобную навіну. У Нямеччыне былая камуністычная тэрарыстка, адсядзеўшая 12 год, стала настаўніцай малодшых клясаў. Ціпа "рэсацыялізавалася і інтэгравалася". Людзі, не верце ў дэмакратыю (улада большасьці).
0
Дз / Адказаць
05.05.2007 / 17:37
Калі б в Украіне на апошніх выбарах Януковіч набраў 51 працэнт, дык, што нам у гэтым выпадку скажа дэмакратыя? Падначаліцца і перайсьці на расейскую мову, як хоча большасть народу. Выбары - гэта ж сьвятое! А тое, што большасьць людзей у любой краіне хоча каб толькі кабельная тэлівізія патаньнела і роўмінг стаў хаця б у 2 разы таньней, дэмакратыю гэта не хвалюе. Бо 51 працэнт! Краінай павінна кіраваць шляхта, а не дэпутаты.
0
Siabruk / Адказаць
06.05.2007 / 19:24
Shche na wmerla Ukraina!!! Dz: Pra shlaxtu, jakaja pawinna kirawac' krainaj, mnie spadabalasia:) Pakul shto nashaj krainaj kiruje syn wolnalubiwaha naroda, prodkami jakoha zjaulajecca wiecier i piesnia. Ex, hitara, plaska pry kastry. Ramantyka. Mozhna budawac' nowy nacyjanalny mit.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру