У Бешанковіцкам раёне на Віцебшчыне другі раз за паўтара месяца здарылася аварыя прадуктаправоду Унеча‑Вэнтспілс. У суботу раніцай прарвала трубу каля вёскі Бабаедава.

Ціск у сыстэме пачаў падаць дзесьці на пачатку сёмай гадзіны, перакачку дызпаліва перапынілі, і адмысловыя брыгады кінуліся на пошукі прарыву, месца якога знайсьці на шматкілямэтровых абшарах нялёгка. Дапамог былы абходчык трубаправоду, а зараз пэнсіянэр зь вёскі Бабаедава Мікалай Тыркіч. Але ён ня лічыць, што ягоныя дзеяньні былі вырашальнымі: «Ну, ехалі яны — выявілі самі. А я толькі выявіў салярку ды адразу патэлефанаваў».

Сумны досьвед папярэдняй аварыі, якая здарылася на Бешанкоўшчыне прыкладна на 10 кілямэтраў па трубаправоду далей, дазволіў спрацаваць больш апэратыўна. Кіраўнік раённай інспэкцыі аховы прыроды Зьміцер Таўсты адразу падкрэсьліў гэтую акалічнасьць: «Дзеля таго, каб выключыць пападаньне нафтапрадуктаў, узьняты ўвесь раён, абсалютна ўсе службы. Мы не забыліся на мінулую аварыю, таму штаб працуе поўнасьцю, у поўным сваім складзе й на ўсю магутнасьць».

Дызпаліва, якое трапіла спачатку ў равок, а потым у мэліяратыўны канал, які ў сваю чаргу ўпадае ў прыток Вулы рэчку Сьвячанку, быццам бы атрымалася «перахапіць». Гэта падкрэсьліў і кіраўнік абласнога ўпраўленьня Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Васіль Чэкан, і Зьміцер Таўсты: «Месца аварыі мы ўжо там перакрылі, каб было магчыма спраўляцца па частках ліквідаваць аварыю. Вось гэта галоўнае (месца — РР.), дзе мы перакрылі. Аналізы пакажуць, але, візуальна, далей не пайшло».

Пагадзіўся зь кіраўнікамі і Мікалай Тыркіч: «Ня трапіла ў рэчку. Толькі канава — і ўсё. Шчасьце, што нікуды ня трапіла».

Але ці будзе так насамрэч, пакажа час. Падчас папярэдняй аварыі афіцыйныя асобы таксама запэўнівалі, што ўсё добра, што вялікай шкоды ня будзе, што Заходняя Дзьвіна застанецца чыстай. Аднак нават жыхары вёсак, якія знаходзяцца за кілямэтры ад Дзьвіны, адчувалі ўстойлівы смурод саляркі, ня кажучы ўжо пра тых, хто жыве каля берагу. А пра шкоду нагадваюць тыя матэрыяльныя прэтэнзіі латвійскага боку да нашай дзяржавы.

Тым больш, паводле таго ж Васіля Чэкана, усяго ў глебу ды канал трапіла каля 500 кубічных мэтраў шкоднага рэчыва, а іншыя афіцыйныя асобы згадвалі лічбу 1.000 ды болей.

Камэнтуючы расповед пра тое, як месьцічы прызапашваліся з каналу дармовым палівам, пэнсіянэр Мікалай Тыркіч казаў: «Вады было ў канаве — во! (апускае далонь амаль да зямлі), а паліва — во! (падняў руку на мэтар)».

Што праўда, ніжэй па цячэньню забруджваньня ня бачна.

Дапамаглі тэрміновае перакрыцьцё каналу 9‑цю запрудамі, мабілізацыя ня толькі тэхнікі выратавальнікаў, але й мясцовых сельгаспрадпрыемстваў.

Ліквідацыяй наступстваў аварыі займаецца расейская кампанія «Транснафтапрадукт», якая толькі‑толькі пасьпела разьлічыцца зь беларускім бокам за шкоду ад папярэдняга прарыву. Пра тое, што ў бліжэйшы час на трубаправодзе можна чакаць чарговай непрыемнасьці, сьведчаць вынікі праверкі беларускага ўчастку магістралі, падчас якой выявілі каля трох з паловай тысячаў толькі тых дэфэктаў, якія патрэбна ліквадаваць як мага хутчэй.

Пра гэта сьведчаць і сеньненскія рабочыя‑зваршчыкі, якія пасьля замены кавалка трубы падчас папярэдняй аварыі пераехалі працаваць на праблемныя кавалкі трубаправоду на Гомельшчыне. Дарэчы, дамоў з камандзіроўкі, паводле рабочых, яны так і не пасьпелі патрапіць: адразу аказаліся каля Бабаедава. На пытаньне, ці не баяцца, што расейская кампанія пасьля гэткіх падзеяў зачыніць ветку трубаправоду й яны застануцца бяз працы, рабочыя выказалі ўпэўненасьць, што гэтага ня здарыцца. Бо ў прадуктаправодзе зацікаўленыя і расейцы, і беларусы, і латышы.

Размова ішла побач з разарванай трубой, зь якой у адмысловую пасудзіну ліліся ручаі саляркі. Было зразумела, што ліквідацыя наступстваў ёсьць справай доўгай. Пра гэта, камэнтуючы хаду працы й тэрміны ліквідацыі наступстваў папярэдняй аварыі, казаў і Зьміцер Таўсты: «Досьвед даводзіць па папярэдняй аварыі, што ня гэтак будзе ўсё хутка. Мы яшчэ тую аварыю не ліквідавалі цалкам. Адназначна нельга сказаць сёньня пра тэрміны: маўляў, сасьпеў ураджай і яго трэба сабраць сёньня, напрыклад».

За новай аварыяй уважліва сочаць нашыя суседзі ў Латвіі, якія, паводле іхных словаў, амаль ня маюць ніякай дакладнай інфармацыі.

Алена Грынявіцкая, Радыё Рацыя

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0