Хуткі эканамічны рост, мільярдныя інвэстыцыі i дзясяткі тысячаў маладых палякаў, якія працуюць у краінах старога Эўразьвязу — так выглядае Польшча праз тры гады пасьля ўваходу ў Эўразьвяз. У 2004 годзе 62% палякаў падтрымлівала ўступ у ЭС. На сёньня такіх ужо 87%.

За гэтыя тры гады нават эўраскептыкі зразумелі, што ЭЗ можа прынесьці сапраўды шмат карысьці. Нават зацяты эўракрытык з радыё «Марыя» айцец Тадэвуш Рыдзык хоча атрымаць у межах праграмы «Інавацыйная эканоміка» 23 млн эўра на разьвіцьцё заснаванай ім навучальнай установы — Вышэйшай школы сацыяльнай і мэдыйнай культуры. У тым, што грошы з ЭЗ у парадку, ня трэба нікога пераконваць: за эўра палякі рэалізуюць сёньня больш за 56 тысячаў праектаў: будуюць дарогі, рамантуюць чыгунку, адкрываюць школы і ачышчальныя збудаваньні. У цэлым да канца першага кварталу 2007 г. з Брусэлю ў Польшчу паступіла больш за 13,02 млрд злотых — каля 39% усіх грошай, якія меліся паступіць для наладжваньня гаспадаркі ў пэрыяд 2004—2006 (іх можна выкарыстоўваць да канца 2008 г.).

Між іншым і дзякуючы ім польская эканоміка разьвіваецца найбольш хутка за апошнія амаль дзесяць год — у 2006 г. эканамічны рост склаў 6,1%, у гэтым годзе ён, магчыма, будзе нават і яшчэ больш хуткім.

Аднак у момант уваходу Польшчы ў ЭЗ усё было ня так радасна.

Рэкорды прадпрыемстваў

Перад самым далучэньнем палякі моцна нэрваваліся — шмат хто чакаў росту цэнаў, між іншым, і беручы пад увагу тое, што неабходна было выраўнаваць узровень ставак ПДВ. Такім чынам з паліцаў зьнікала арматура i кафля, будаўнічыя матэрыялы і цукар. Закупкі палякаў прывялі ў рух эканоміку, якая ў I i II квартале 2004 г. разьвівалася з хуткасьцю 6—7%. Гэта, аднак, выклікала ў наступных месяцах рост інфляцыі больш як да 4%. Сытуацыю вымушана была ратаваць Рада грашовай палітыкі, павышаючы працэнтныя стаўкі i ахалоджваючы такім чынам эканоміку.

Аднак з пачатку 2005 г. эканамічны лякаматыў зноў пачаў прысьпешваць галоўным чынам дзякуючы імкліваму росту экспарту. «Пасьля ўваходу ў ЭЗ надышла экспартная экспансія польскіх фірмаў, фірмы, што дзейнічаюць у Польшчы, змаглі павялічыць аб’ём продажаў за мяжой, нягледзячы на тое, што эўрапейская эканоміка не знаходзілася тады ў стадыі буму», — кажа Пётар Каліш, эканаміст Гандлёвага Citibank’у. І менавіта экспарт, асноўным чынам у краіны ЭЗ, доўгі час быў галоўным маторам польскай эканомікі — ён рос з хуткасьцю нават большай за 20% у год. «Уваход у ЭЗ значна спрасьціў вядзеньне эканамічнай дзейнасьці польскімі фірмамі за мяжой, прадпрымальнікі маюць цяпер таксама большы ўплыў на фармаваньне правілаў, між іншым, пры дапамозе галіновых арганізацыяў, што дзейнічаюць у Брусэлі», — кажа Аркадыюш Протас, віцэстаршыня «Business Centre Club».

У мінулым годзе фірмы, што дзейнічаюць у Польшчы, адзначылі рэкордныя фінансавыя вынікі. Даходы нефінансавых прадпрыемстваў, дзе працуе 50 і болей чалавек, вырасьлі да ўзроўню амаль 1,5 млрд злотых, a фінансавы вынік нэта склаў амаль 70 млрд злотых! Цэлых 50,4% з гэтых фірмаў прадавалі свае тавары на экспарт.

Рост спажываньня ў Польшчы i попыт на польскія тавары за мяжой прывялі да таго, што фірмы працавалі на ўсю моц. На шчасьце, у мінулым годзе нарэшце моцна вырасьлі інвэстыцыі, якія сталіся чарговым рухавіком, што штурхае эканоміку наперад. Прадпрыемствы карысталіся пры гэтым эўразьвязаўскімі сродкамі, хоць дастаць грошы з Брусэлю было зусім нялёгка. Тое, што польскім прадпрымальнікам патрэбны капітал, было бачна голым вокам: яны падалі заявак на нашмат большую колькасьць грошай, чым можна было ўзяць!

Аказалася таксама, што выкарыстаньне эўразьвязаўскіх датацыяў найлепш атрымліваецца акурат у прадпрымальнікаў і муніцыпалітэтаў. Менавіта яны кінуліся на датацыі: дарогі, масты, рамонты школаў, навучаньне — гэта ўсё зьяўляецца ў рэгіёнах менавіта дзякуючы рашучасьці муніцыпалітэтаў.

Але мінулы год быў таксама рэкордным з улікам наплыву непасрэдных замежных інвэстыцыяў (14,7 млрд даляраў). Эканамісты падкрэсьліваюць, што калі б Польшча не была ў Эўразьвязе, то хутчэй за ўсё яна не дасягнула б такога выніку.

Для японскіх ці карэйскіх інвэстараў знаходжаньне Польшчы ў ЭЗ азначае ў першую чаргу большую бясьпеку інвэстыцыяў пры адносна нізкіх коштах працы, a па‑другое — неабмежаваны доступ да больш як 400‑мільённага эўразьвязаўскага рынку. Між іншым, таму канцэрны з усяго сьвету будуюць у Польшчы новыя фабрыкі электраабсталяваньня і разьмяшчаюць свае сэрвіс‑цэнтры.

Ёсьць i выдаткі

Аднак тры гады знаходжаньня ў Эўразьвязе маюць таксама і мінусы. «Вельмі сур’ёзны мінус — адплыў працаўнікоў за мяжу, часьцей за ўсё маладых і адукаваных», — кажа Аркадыюш Протас. Паводле розных ацэнак, з Польшчы ў апошнія гады выяжджалі на працу ад некалькі соцень тысячаў да нават 2 млн людзей. Шмат хто зь іх застаўся за мяжой. «З пункту гледжаньня працадаўцы гэта значна пагоршыла сытуацыю на рынку працы, аднак з пункту гледжаньня працаўніка цяпер лепш», — лічыць Пётар Каліш.

Многія палякі аддавалі перавагу працы ў Ірляндыі ці ў Вялікабрытаніі, бо там можна зарабіць нават у 5 разоў болей, чым у Польшчы. Ярэк з Бранева толькі сёлета зьехаў у Эдынбург на працу ў роварную краму, аднак працу ён знайшоў без асаблівых праблемаў. «Тут мэханік — самая важная асоба ў краме, зусім інакш, чым у Польшчы», — кажа ён.

У Польшчы на працягу трох год ступень беспрацоўя ўпала з 19,5% у траўні 2004 г. да 14,4% у сакавіку гэтага году. На думку эканамістаў, з аднаго боку, гэта вынік добрай каньюнктуры i ўсё большай патрэбы ў працаўніках з боку прадпрыемстваў, зь іншага боку — заробкавай эміграцыі палякаў. Недахоп спэцыялістаў у некаторых галінах польскай гаспадаркі ўжо выклікаў моцны рост заробкаў, між іншым, у будаўніцтве. Працаўнікі, якіх у Польшчы гадамі недаацэньвалі і якім мала плацілі, зрабіліся цяпер на вагу золата.

Далучэньне Польшчы да ЭЗ супала па часе зь вялізным бумам на будаўнічым рынку. Палякі масава кінуліся набываць жытло, карыстаючыся нізкімі працэнтнымі стаўкамі і ўсё больш даступнымі крэдытамі. Аднак зноў жа свой унёсак у гэтую гістэрыю зрабіла далучэньне да ЭЗ і адкрыцьцё замежнаму капіталу. Бо немалую частку кватэраў купляюць інвэстары з Ірляндыі ці Гішпаніі, уздымаючы такім чынам кошты на жытло. На працягу трох гадоў сярэднія кошты на жытло ў сталіцы вырасьлі ў два разы з 4 да 8 тыс. злотых за кв.м.! Падобны рост адбыўся і ў іншых буйных польскіх гарадах.

Што далей?

Тое, што першыя тры гады знаходжаньня ў ЭЗ атрымалася някепска выкарыстаць, ёсьць толькі ўступам да ўдзелу ў клюбе найбольш разьвітых дзяржаваў. Бо, насамрэч, пра тое, ці стане Польшча сучаснай, вырашаць наступныя сем гадоў.

Менавіта на 2007—2013 гады для Польшчы заплянаваны найбуйнейшы шанец на разьвіцьцё, пра які іншыя краіны ў стадыі разьвіцьця могуць толькі марыць. Гэта сродкі Эўразьвязу, якіх у Польшчу трапіць больш за 67 млрд эўра. Гэтых грошай палякі здолелі дабіцца падчас абмеркаваньняў бюджэту ў Брусэлі. Сёньня Польшча вядзе перамовы з Эўракамісіяй пра тое, як іх дакладна патраціць — калі скончыць, то можна будзе пачаць выдаткоўваць.

Большасьць — звыш 21 млрд эўра — Польшча хоча інвэставаць у інфраструктуру: дарогі, чыгунку, аэрапорты, газавыя трубы і г.д. За эўра, якіх ніколі раней ня бачылі, палякі мусяць зьдзейсьніць цывілізацыйны скачок. Ня толькі ў сфэры інфраструктуры — але таксама і робячы стаўкі на інавацыйныя фірмы, інвэстуючы ў найноўшыя тэхналёгіі.

Лешэк Бай, Мацей Кузьміч

Пераклад Вольгі Данішэвіч, паводле gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0