Нечакана па прайшоўшым Першамаі можна было пабачыць тых, хто ў ранейшыя перыяды нашай гісторыі да гэтага свята наўрад ці спрычыніўся б. Калі выступоўцаў: камуністаў, сацыял‑дэмакратаў, актывістаў прафсаюзнага руху мы на такіх святах бачыць ужо звыклі, то гурты кшталту «Чырвоным па белым», альбо бардаў Зміцера Бартосіка ці Андрэя Хадановіча на такім свяце сустрэць было дзіўна.

Але і ў гэтых людзей ёсць свая грамадзянская пазіцыя. І аб сутыкненні паэзіі, творчасці і грамадзянскай пазіцыі разважае Андрэй Хадановіч.

— Андрэй, як сутыкаецца твая пазіцыя як грамадзяніна і пазіцыя творцы?

— Мая грамадзянская пазіцыя і паэзія сутыкаюцца апасродкава. На шчасце, ува мне ёсць шмат грамадзянскага, якое я стараюся не пускаць у паэзію. Есць і некаторыя паэтычныя рэчы, якія б не зацелася пускаць у грамадзянскую пазіцыю. Але ёсць і вузенькая тэрыторыя, у якой паэзія і грамадская пазіцыя супадае, калі мне гэта баліць аднолькава і неабыякава, і я магу на аднолькавай мове размаўляць з генералам, і дзяўчынкай‑ліцэісткай, у якой я выкладаю літаратуру. На гэтай тэрыторыі і ёсць такая прастора для манёўру. Можна вершыкі парэпаваць. Для кагосці, далёкага ад паэзіі, гэта будуць выгукі нейкіх палітычных лозунгаў, а для мяне гэта будзе свежая паэзія, свежыя для мяне эксперыменты.

— Але ж зараз сама дзяржава прымушае частку паэтаў і пісьменнікаў заняцца палітыкай. Тое ж стварэнне падуладнага Саюза пісьменнікаў на чале з Чаргінцом…

— Пісьменнікам Саюзу беларускіх пісьменнікаў, да якога я, дарэчы, належу, моцна і нечакана пашанцавала. Спадар Чаргінец разам з уладай, мне здаецца, выратаваў беларускіх пісьменнікаў ад стагнацыі.

Што таіць грэху: будынак на Фрунзэ 5 дзе традыцыйна знаходзіліся пісьменнікі — гэта постсавецкая арганізацыя. Яе сябры былі постсавецкімі да мозгу касцей. Гэтыя людзі, я падазраю, асабіста крыўдавалі на калгаснасць і саўхознасць далёкага ад літаратуры Лукашэнку. Ал, мне здаецца, каб ён не адлучыў літаратуру ад дзяржавы, а па‑ранейшаму яе карміў, шмат бы хто даў сябе выкарыстоўваць, ездзіў бы у Дом творчасці на бясплатныя адпачынкі, атрымліваў бы кватэры ад дзяржавы…

А тут — опанькі!, — вялікая магчымасць для літаратуры, каб у ёй засталіся людзі, якім патрэбная яна сама, сама паэзія, само беларускае слова, людзі, найменш скурвленыя… У прынцыпе зараз менавіта таму маладыя, энергічныя людзі, якіх можна паважаць за грамадзянскую пазіцыю, і кіруюць саюзам беларускіх літаратараў.

А Чаргінец, як быў графаманам як генерал міліцыі, так ён застаўся графаманам як чыноўнік. Я думаю, што ён — такі самы бяздарны Лукашэнкаўскі чыноўнік, як і пісьменнік.

— То бок, на твой погляд, фактычна Лукашэнка ўратаваў сапраўдную беларускую літаратуру?

— Лукашэнка даў беларускай літаратуры шанец займацца сваёй адначасова справай, а па другое, як перафразавана з Расіі, «быць больш, чым літаратурай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?