Вось і на адкрыцьці бюста Жукава ў Менску прагучаў звыклы набор міталягемаў пра тую вайну. На сьвята мы пачуем яшчэ багата падобнай казённай патэтыкі, дарэшты зашмальцаванай, а часта і далёкай ад ісьціны.

У прыватнасьці, зноў падкрэсьлілі, што маршал Жукаў прыняў капітуляцыю фашыстоўскай Нямеччыны. Але ж фактычна гэта быў, кажучы мовай кіношнікаў, дубль два. Дасюль у нас ня надта ведаюць, што насамрэч Райх капітуляваў у францускім Рэймсе днём раней. Таму, дарэчы, на Захадзе дзень перамогі над нацыстамі сьвяткуюць 8 траўня, а не 9-га, як заведзена ў нас.

Сапраўды, хіба ж мог Сталін зьмірыцца з тым, што гітлерцы здаліся нейкім янкі? Таму Масква дамаглася, каб тую капітуляцыю лічылі "папярэдняй". А ў ноч на 9 траўня ў Бэрліне зладзілі імпрэзу ўжо з удзелам савецкага маршала. Заходнія саюзьнікі дыпляматычна назвалі яе "ратыфікацыяй". Пра гэта нам і круцілі кіно ў дзяцінстве.

А вось роля Жукава ў апэрацыі "Багратыён" болей сьціплая, чым заведзена маляваць. Зь ліпеня 44-га ён кіраваў апэрацыяй на Ўкраіне, а тут вялі рэй іншыя сталінскія палкаводцы. Зрэшты, гарматнага мяса не шкадавалі гэтак сама. Асабліва тых беларусаў, якіх забралі ў Чырвоную Армію пасьля вызваленьня. Як жа, пад акупацыяй былі! Кепска падрыхтаваныя часткі бяз роздуму кідалі ў пекла.

У адным зь першых баёў загінуў і мой дзед Ёсіф. Ведаю яго па гэтым вось даваенным яшчэ здымку, зробленым падчас вайсковых збораў. У 44-м дзеда мабілізавалі, далі кулямёт. Другім нумарам прызначылі сваяка з суседняй вёскі — дзядзьку Юзю. Тому пашэнціла вярнуцца з фронту. Распавядаў: Ёсіф упаў як падкошаны, калі, адбіўшы атаку, перабягалі на запасную пазыцыю. Але пасьля бою цела так і не знайшлі. Дый ці надта камандзёрам быў клопат? Пазначылі ў паперах стандартнае "прапаў бязь вестак".

Вось так: маршалам — зоркі ды манумэнты, а мільёнам простых салдатаў, чыёй крывёю здабываліся перамогі, нават радка на абеліску не дасталося.

Канешне, на вайне як на вайне. Але ці былі непазьбежнымі ўсе тыя шматмільённыя ахвяры? Ці не кашчунна называць дальнабачнай палітыкай перадваенныя гулі зь фюрэрам, уключна з пактам Молатава — Рыбэнтропа ды савецка-нацысцкім парадам у Берасьці? Зрэшты, паводле бесчалавечнасьці дзьве таталітарныя сыстэмы стаялі побач. Мой прадзед Вацлаў, напрыклад, трапіў у Сібір за неасьцярожнае выказваньне пра калгасны лад... Савецкая ўлада і без усялякай вайны мільёнамі сьцірала ў пыл насельнікаў ўласнай краіны. У тым ліку, як вядома, была вынішчана і кадравая эліта Чырвонай Арміі.

Між тым і сёньня айчыннае начальства ўпарта чапляецца за міталёгію. І прымнажае яе рознымі "лініямі Сталіна".

Дарэчы, я сам родам з тых мясьцінаў на ўсход ад Радашкавічаў, дзе праходзіла паласа ўмацаваньняў, пабудаваная на былой мяжы з Польшчай. Дзецьмі гулялі ў вайну, шастаючы па тых дотах. Старэйшыя вяскоўцы распавядалі, што немцы прайшлі скрозь УР ("умацаваны раён") як нож скрозь масла. Трохі далей, пад Астрашыцкім Гарадком, 100-я дывізія Русіянава сапраўды дала гітлерцам дыхту. Але гэта ўжо зь іншай опэры. Ва ўсякім разе, гэта было зусім ня там, дзе летась бегаў са сьцягам імпульсіўны Уга Чавэс. І ў любым выпадку факт тое, што ўжо 26 чэрвеня 1941 году немцы дапялі да Менску.

За нязручную, жорсткую праўду пра вайну так не любілі ў важных кабінэтах Васіля Быкава. Маўляў, ня трэба ачарняць подзьвіг салдата! Але ад поўнай праўды пра вайну подзьвіг простага салдата зусім ня гасьне. Блякнуць міты пра мудрага генэралісімуса ды ягоных палкаводцаў.

Так што цяперашнія начальнікі зь іхнымі ідэалягічнымі рэфрэнамі ("не дамо рабіць замах на гісторыю!") бароняць ня столькі салдацкую славу, колькі свайго вусатага куміра-генэралісімуса ды ягоны бесчалавечны лад. Бароняць фальшывую індульгенцыю: маўляў, няма чаго нам правамі чалавека тыцкаць, бо мы Захад ад карычневай чумы вызвалілі! Можна падумаць, гэтыя дзеячы з партфэлямі і мажнымі каркамі самі штурмавалі рэйхстаг!

Фота з архіву аўтара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?