У Палаце прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь знаходзiцца законапраект «Аб правiлах беларускай арфаграфii i пунктуацыi», распрацаваны Мiнiстэрствам адукацыi i Iнстытутам мовазнаўства Акадэмii навук. У камiсii па адукацыi, культуры, навуцы i навукова‑тэхнiчнаму прагрэсу днямi адбылося першае пасяджэнне, прысвечанае яго абмеркаванню. Як адзначыў старшыня профiльнай камiсii Уладзiмiр Здановіч, нiводзiн дэпутат камiсii не сумняваецца ў тым, што неабходныя змены, звязаныя не толькi з правапiсам, але i са станам беларускай мовы. Паводле яго слоў, «выспяванне змен усведамляецца i большасцю носьбiтаў беларускай мовы. I ў гэтым сэнсе, пакiнуўшы пакуль разважаннi аб спрыяльнасцi моманту для iх увядзення, мы падтрымлiваем некаторыя асноўныя пункты абгрунтавання неабходнасцi ўвядзення новай рэдакцыi гэтых Правiлаў. У прыватнасцi, тыя, дзе гаворыцца аб правапiсе, як рэгламентуючым сродку жывой мовы, што не можа працяглы час заставацца нязменным, бо беларуская мова развiваецца i ўдасканальваецца, таму i правапiс павiнен перыядычна ўдасканальвацца». Сваiмi меркаваннямi Уладзiмiр Здановiч падзялiўся са «Звяздой».

«Спрэчкi аб адзiнай арфаграфiчнай сiстэме не спрыяюць пашырэнню сфераў ужытку беларускай мовы»

— Сёння нiхто ўжо не кажа «пiонэр», «комiтэт» цi «комiсiя», як гэта было ў трыццатыя гады мiнулага стагоддзя. З цягам часу, зменай пакаленняў некаторыя словы не толькi змянiлiся па напiсанню, але наогул знiклi з ужытку разам з iх носьбiтамi. Пасля падзей, звязаных з разбурэннем савецкай дзяржавы, слоўнiкавы склад беларускай мовы яшчэ больш абнавiўся. Адкрыццё заслоны на выезд за межы Беларусi прывяло да папаўнення лексiкi шматлiкiмi запазычаннямi. А павелiчэнне колькасцi перыядычных дзяржаўных i недзяржаўных друкаваных беларускамоўных выданняў адпаведна павялiчыла ўжыванне на iх старонках ненарматыўных арфаграфiчных варыянтаў. Акрамя таго, беларускамоўныя выданнi падзялiлiся на дзяржаўныя i прыватныя. Апошнiя выкарыстоўваюць iншыя правiлы напiсання, часам скажаючы сэнс добра вядомых слоў. За прыкладамi хадзiць далёка не трэба: альфабэт (алфавiт), сылюэт (сiлуэт), фiлязоф (фiлосаф), кляса (клас). Калi б такое адбылося ў Малайзii, то штрафных санкцый рэдактарам i аўтарам было б не пазбегнуць, бо там урадам прынята рашэнне аб накладаннi спагнання за граматычныя i лексiчныя памылкi, дапушчаныя пры напiсаннi малайскiх слоў, а таксама за ўжыванне запазычанняў з англiйскай мовы. На першы раз парушальнiк чысцiнi мовы атрымае папярэджанне, а за паўторную спробу — штраф у памеры каля трохсот долараў ЗША.

Але ж вернемся да нашай краiны.

Спрэчкi аб тым, якой быць адзiнай агульнаўжывальнай арфаграфiчнай сiстэме беларускай мовы, не спрыяюць пашырэнню сфераў ужытку беларускай мовы ў грамадстве i павышэнню яе прэстыжу. У вынiку значна парушылася адзiнства правапiсных нормаў сучаснай беларускай лiтаратурнай мовы i ўзнiк арфаграфiчны разнабой. На шчасце, у нашай краiне друкаванаму слову яшчэ вераць i ставяцца да яго з павагай. Людзi лiчаць, што ў сродках друку пiшуць нарматыўна граматна, без памылак. Але ж у адным выданнi чытаем «парлямант», у другiм — «парлямэнт», а ў трэцiм —»парламент». Спецыяльна падаю iх у такiм парадку, бо больш запамiнаецца са сказанага апошняе, а яно найбольш ужывальнае. Дык якому напiсанню павiнен верыць беларус?.. Што рабiць нашым школьнiкам i студэнтам падчас тэсцiравання цi экзаменаў, калi на працягу вучобы яны чулi i бачылi напiсаным адно i тое ж слова ў розных варыяцыях?.. Тут да месца будуць словы з рамана «Сабачае сэрца» Булгакава: «Чытаю Марыян, далей Андрыян. Закрыю кнiжку, а ў галаве — Мандрыян». Вось каб гэтага не было ў галовах беларусаў, i патрэбна на дзяржаўным узроўнi замацаваць адзiныя арфаграфiчныя i пунктуацыйныя нормы i ў далейшым патрабаваць iх безумоўнага выканання на ўсiх узроўнях, не дапускаючы вольнiцы, якая ў рэшце рэшт вядзе да поўнага разбурэння дзяржаўнай мовы.

«Патрэбна прапанаваць новыя, удасканаленыя правiлы»

— Дарэчы, усе краiны рознымi спосабамi вядуць барацьбу за захаванне чысцiнi роднай мовы: ад прызнання фактаў яе засмечвання да ўвядзення пакаранняў за беспадстаўнае змяненне мовы. Сярод iх не толькi блiжэйшыя да нас Расiя, Украiна, Арменiя, Таджыкiстан, Казахстан, але i Кiтай, Iран i iншыя. Звярнiце ўвагу: у спiсе нават такiя велiзарныя па памерах i колькасцi насельнiцтва краiны, як Расiя i Кiтай, якiм, здавалася б, няма чаго баяцца, бо iх мова здольная паглынуць мовы iншых народаў. Таму акцэнтаванне ўвагi на беларускiм правапiсе, прынятым яшчэ ў 1959 годзе (прайшло амаль паўстагоддзя!), мае сэнс. На мой погляд i погляд маiх калег, магчыма, нам i не патрэбна было б яго змяняць, калi б за скажэннi цi неабгрунтаваныя запазычаннi ў выкарыстаннi беларускай мовы ў свой час прымянялася якое‑небудзь больш‑менш адчувальнае пакаранне. У дзеючым заканадаўстве ёсць прававая норма, якая забараняе СМI дапускаць скажэнне агульнапрынятых нормаў мовы, якая выкарыстоўваецца, але хто растлумачыць, якiя нормы лiчыць агульнапрынятымi?.. I да канстатавання распрацоўшчыкамi законапраекта таго факта, што правiлы, выдадзеныя ў 1959 годзе, даўно сталi недаступнымi для настаўнiкаў i выкладчыкаў беларускай мовы, работнiкаў СМI, i гэта з’яўляецца адной з прычын распрацоўкi новай iх рэдакцыi, мы ставiмся з пэўнай доляй скептыцызму. Iх можна было б проста надрукаваць павялiчаным тыражом, i праблема была б закрытая. Але ж, як кажуць, раней не да мовы было, бо беларуса патрэбна было апрануць, абуць, накармiць, карацей кажучы, краiне патрэбна было элементарна выжыць. Зараз у нас новы этап развiцця рэспублiкi з новымi прыярытэтамi. Беларус павiнен быць не толькi матэрыяльна забяспечаны, не толькi здаровы, але адукаваны i культурны. А культура i мова звязаныя непарыўна. Тым не менш час прайшоў, моўныя змяненнi i запазычаннi трывала замацавалiся, прычым у розных варыянтах. Таму перавыданнем старых Правiл абысцiся ўжо нельга, а патрэбна прапанаваць грамадству новыя, удасканаленыя з пункту гледжання сучасных патрабаванняў. Вось такая задача ў мiнулым годзе i была пастаўлена Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь.

Мяркуецца, што ўвядзенне ў дзеянне новай рэдакцыi «Правiл беларускай арфаграфii i пунктуацыi» з’явiцца сведчаннем дзяржаўнага рэгулявання ў сферы моўнай тэорыi i практыкi, будзе садзейнiчаць стабiлiзацыi арфаграфiчных нормаў беларускай лiтаратурнай мовы, забяспечыць пераемнасць i захаванне адзiнага моўнага рэжыму ў сiстэме адукацыi, у друкаваных беларускамоўных выданнях, што ў вынiку павысiць прэстыж беларускай мовы як дзяржаўнай мовы Рэспублiкi Беларусь. Але для гэтага правiлы павiнны быць зразумелымi i даступнымi, з меншай колькасцю выключэнняў з iх, каб правiламi магло карыстацца шырокае кола людзей, што несумненна паспрыяе пашырэнню беларускамоўнага асяроддзя i павелiчэнню цiкавасцi насельнiцтва да вывучэння i ўжывання беларускай мовы. Наколькi гэта ўдалося распрацоўшчыкам — справа iншая.

«Радыкальная рэформа беларускай арфаграфii не з’яўляецца актуальнай»

— Прызнаюся, што нам, дэпутатам, даволi складана працаваць над дадзеным праектам, бо ў пераважнай большасцi мы не адносiм сябе да навукоўцаў у галiне лiнгвiстыкi i валодаем ведамi аб правапiсе i арфаграфii, шчыра кажучы, на ўзроўнi вучняў сярэдняй школы з не вельмi добрай паспяховасцю. А з другога боку, гэта нават i добра, бо асвойваючы праект, мы бачым, што засвойваецца лёгка, а што даецца з цяжкасцю. I на гэтыя бакi перш за ўсё звяртаем увагу спецыялiстаў.

Змены ж у новай рэдакцыi Правiл прапануюцца наступныя:

– для зручнасцi выкарыстання згрупаваць правiлы па‑новаму i ўдакладнiць iх фармулёўкi;

– абнавiць iлюстрацыйны матэрыял;

– пашырыць прынцып акання ў словах iншамоўнага паходжання;

– змянiць напiсанне некаторых лiчэбнiкаў (дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць замест дзевяты, дзесяты, семнаццаць, васемнаццаць);

– унесцi змяненнi ў напiсанне складанаскарочаных слоў (праф‑кам замест прафком i iнш.);

– пашырыць напiсанне «ў» (у нескладовага) у словах iншамоўнага паходжання;

– у словах iншамоўнага паходжання канцавыя элементы ‑эр, ‑эль перадаваць як ‑ар, ‑аль (катар замест катэр i iнш.);

– спрасцiць правiлы пераносу;

– упарадкаваць напiсанне вялiкай i малой лiтар у некаторых назвах;

– выключыць раздзелы, палажэннi якiх не датычацца правапiсу.

Радыкальная рэформа беларускай арфаграфii на дадзены момант не з’яўляецца актуальнай, i, як бачна, новыя правiлы не рэфармуюць, а карэктуюць правапiс. I гэта правiльна. Кожны настаўнiк ведае, што чым больш змяняюцца правiлы гульнi, тым менш становiцца яе ўдзельнiкаў.

Некаторыя з прапаноў вельмi слушныя. Так, складанаскарочаныя словы, згодна з iснуючым правапiсам, мы павiнны пiсаць адпаведна з iх утварэннем на пачатку мiнулага стагоддзя: гарвыканком, Цэнтрвыбарком, газ‑ пром, але ж апошнiмi словамi ў прыведзеных прыкладах з’яўляюцца: камiтэт, камiсiя, прамысловасць. Таму i пiсаць прапануецца адпаведна гарвыканкам, Цэнтрвыбаркам, газпрам, што, дарэчы, ужо даўно ўвайшло ў моўную практыку.

Даўно варта было абнавiць iлюстрацыйны матэрыял, бо ўжо няма паравозарамонтных арганiзацый, няма селькораў, няма Злучаных Штатаў Бразiлii i iнш.

«Прапануем распрацоўшчыкам не рабiць выключэнняў у напiсаннi вялiкай лiтары»

— Вiтаем i тое, што ўсе словы ў простых i састаўных афiцыйных поўных уласных назвах вышэйшых органаў дзяржаўнай улады Рэспублiкi Беларусь, iншых краiн i вышэйшых сусветных арганiзацый прапануецца пiсаць з вялiкай лiтары. Сапраўды, цяжка звычайнаму чалавеку трымаць у свядомасцi назвы ўсiх органаў улады, арганiзацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама назвы асобаў па пасадах, званнях, тытулах, найменнi дзяржаўных узнагарод i г.д. Напрыклад, мая пасада называецца так: «старшыня Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь па адукацыi, культуры, навуцы i навукова‑тэхнiчнаму прагрэсу». Прачыталi? Тады адлажыце ўбок газету i паспрабуйце напiсаць без памылак...

Але ж, на жаль, у дачыненнi да «Палаты прадстаўнiкоў» i «Нацыянальнага сходу» напiсанне, якое тут прыводзiцца, прапануюць захаваць. Таксама неяк незразумела, чаму ў назвах «Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь», «Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь» i iншых слова «адукацыя» цi «культура» павiнны запiсвацца з малой лiтары. Асабiста, мабыць, як i многiя, успрымаю гэта, як непавагу да адукацыi i культуры. Будуць блытацца людзi i ў напiсаннi знамянальных дат. Сапраўды, паглядзiце: Дзень жанчын, Таццянiн дзень, Дзень Перамогi. Зыходзячы з гэтай пазiцыi i ўлiчваючы пастаўленую мэту зменшыць колькасць выключэнняў з правiл, будзем прапаноўваць распрацоўшчыкам не рабiць нiякiх выключэнняў у напiсаннi вялiкай лiтары i нават iсцi далей, пашыраючы яе выкарыстанне i не звяртаючы ўвагi на папрокi ў iдэалагiзацыi i палiтызацыi.

«Увядзенне «татальнага акання» выклiкае вельмi шмат заўваг»

— Выклiкае таксама вялiкае сумненне неабходнасць пашыраць аканне на канцавыя часткi ‑эль i ‑эр у словах iншамоўнага паходжання, бо могуць узнiкнуць шматлiкiя нязручнасцi i нават недарэчнасцi. Адзiн з такiх прыкладаў прыведзены ўжо вышэй: плавальны сродак катэр стаў хваробаю (катар), а калi гэтым словам будзе пачынацца сказ, то ён ператворыцца ў назву краiны Катар. Пiтэр Пэн, такi любiмы нашымi дзецьмi казачны герой, стане Пiтарам. Тут, як кажуць, каментарый без патрэбы... Усе ведаюць планету Юпiтэр, раку Одэр. Дык навошта ж iх ператвараць у невядомыя Юпiтар, Одар?.. Дарэчы, увядзенне аўтарамi «татальнага акання» пакуль выклiкае ў нас вельмi шмат заўваг, бо могуць адбыцца такiя замены, як: бармашына (бормашына), матабол (мотабол), танканогi (тонканогi), данкiхот (донкiхот), працiдзеянне (процiдзеянне), мавазнаўства (мовазнаўства) i iнш.

Часта аўтары адсылаюць нас да слоўнiкаў. Але сiтуацыя з iмi пакуль не самая лепшая: якаснай прадукцыi амаль няма, у розных слоўнiках назiраюцца неаднолькавыя напiсаннi адных i тых жа слоў, а выдадзеныя дзесяцiгоддзi назад якасныя акадэмiчныя слоўнiкi i даведнiкi да сучасных ужо аднесцi нельга. Ёсць у нас i iншыя заўвагi па зместу прапануемых правiл. Наогул, паколькi мова i народ — словы непадзельныя, то добра было б правесцi больш шырокае абмеркаванне прапануемых зменаў правапiсу, змясцiўшы праект у СМI. Думаю, гэта будзе зроблена пасля яго больш дасканалай рэдакцыйнай аўтарскай дапрацоўкi. Вiдавочна, кола ўдзельнiкаў працэсу павiнна быць значна большым. Выказваннi ж аб шкоднасцi грамадскага абмеркавання з‑за ўнясення ў лiнгвiстыку эмацыянальнасцi i палiтызаванасцi не вытрымлiваюць крытыкi, бо ў дадзеным выпадку навуковыя праблемы становяцца праблемамi ўсяго грамадства.

«Абавязкова ўлiчыць фiнансавыя выдаткi»

— Хочацца звярнуць увагу на iншыя моманты, якiя непасрэдна не звязаныя з унутраным напаўненнем праекта. Мы павiнны прадбачыць, як змененае слова адзавецца ў грамадстве, якiя выклiканыя iм пераўтварэннi адбудуцца ў краiне пасля прыняцця праекта Правiл, а таксама якiя падводныя камянi могуць сустрэцца на iх шляху да грамадства.

Згодна з меркаваннем распрацоўшчыкаў, прыняцце законапраекта не патрабуе дадатковых фiнансавых сродкаў. А вось дэпутаты прытрымлiваюцца iншага меркавання, бо, на наш погляд, спатрэбiцца: перапрацоўка i перавыданне ўсiх беларускамоўных падручнiкаў, вучэбных, вучэбна‑метадычных дапаможнiкаў, слоўнiкаў (у тым лiку беларуска‑рускiх, кiтайска‑беларускiх i iнш.); перапрацоўка i перавыданне вучэбных планаў i праграм па беларускай мове; перападрыхтоўка выкладчыкаў, пачынаючы ад настаўнiкаў пачатковых класаў i заканчваючы прафесарска‑выкладчыцкiм складам ВНУ i iншых устаноў; змена шыльдаў, пячатак, штампаў з надпiсамi назваў устаноў, арганiзацый, населеных пунктаў, вулiц i г.д., у назвах якiх з’явяцца змяненнi, а таксама змяненне зместу статутаў згаданых устаноў i арганiзацый. А гэта вельмi значныя выдаткi, i iх патрэбна абавязкова ўлiчваць у сувязi з прыняццем новага правапiсу. Дарэчы, пакуль мы не атрымаем фiнансавае абгрунтаванне да праекта, узгодненае з кiраўнiком дзяржавы, дакумент наогул не можа быць прыняты да разгляду ў парламенце, а павiнен быць вернуты да яго распрацоўшчыкаў.

«Змяненне правапiсу — выпрабаванне для мовы i краiны»

— Увогуле, змяненне правапiсу — гэта выпрабаванне не толькi для мовы, але i для ўсёй краiны. Уявiм сабе, што праект прыняты i пачаў дзейнiчаць. Тады з 1 студзеня 2009 года ўся краiна павiнна пачаць працаваць згодна з iм. Дзесяткi тысяч выпускнiкоў школ будуць удзельнiчаць у тэсцiраваннi па беларускай мове i адказваць на пытаннi, складзеныя па новых правiлах. А цi будуць яны ведаць адказы на гэтыя пытаннi? Цi паспеюць нашых вучняў навучыць i перавучыць, бо шмат тэмаў беларускай арфаграфii i пунктуацыi пачынаюць вывучаць ужо з чацвёртага i пятага класаў? Наогул, хто будзе перавучваць, калi патрэбна перавучваць самiх настаўнiкаў? Магчыма, без прыняцця неабходных мераў узнiкне перагрузка ў рэгiстрацыйных органах, у якiя звернецца вал прадпрымальнiкаў, афiцыйных асобаў, простых грамадзян за перарэгiстрацыяй дакументаў (паперак, пячатак, штампаў, пасведчанняў, дыпломаў i iнш.). Можа адбыцца блытанiна з адрасамi з‑за змены назваў вулiц i населеных пунктаў. На працягу некалькiх гадоў новы i стары правапiсы будуць выкарыстоўвацца паралельна. Хто падлiчыў, якi ўплыў гэта акажа на адукацыйны ўзровень насельнiцтва ў галiне беларускай мовы?.. Такiм чынам, на нейкi час прагназуецца дэстабiлiзацыя ў грамадстве. Як пазбегнуць яе, якiя меры плануецца прыняць для бязбольнага развiцця краiны? Нарэшце, якiя меры адказнасцi ў адпаведным заканадаўстве будуць вызначаны ў адносiнах да тых грамадзян i службовых асобаў, што не будуць падпарадкоўвацца прынятаму законам правапiсу?.. Зразумела, што без яснага адказу на гэтыя простыя пытаннi прымаць станоўчае рашэнне аб прыняццi законапраекта нельга.

На сённяшнi момант камiсiя яшчэ не прыняла канчатковага рашэння аб далейшым лёсе праекта правiл. Справа яшчэ i ў тым, што Савет Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь прапануе прыняць «Правiлы беларускай арфаграфii i пунктуацыi» ў выглядзе закона. Але наколькi абгрунтаваны выбар менавiта такой формы, бо яна ж выбiраецца толькi ў тым выпадку, калi адпаведныя адносiны нельга рэгламентаваць iншымi нарматыўнымi прававымi актамi?.. Раней падобныя дакументы зацвярджалiся не парламентам у форме закона, а пастановамi Савета Мiнiстраў. Мы таксама схiляемся да апошняга, таму што пастанова Саўмiна — больш гiбкi i аператыўны дакумент. Калi ў ёй выяўляецца нейкая недарэчная памылка, цi на практыцы не спрацоўвае нейкi артыкул, то ўнесцi змяненнi ў пастанову значна прасцей i хутчэй, чым у закон. Прачытаўшы ж праект Правiл, якi прайшоў ужо многа iнстанцый, мы, не навукоўцы, знайшлi ў iм шэраг нестыковак i супярэчнасцяў i нават звычайных граматычных памылак. А колькi iх мы прапусцiлi?...I што будзе, калi незаўважаныя памылкi замацуюцца законам?...Нават жудасна ўявiць. Страшэнны сорам будзе перад продкамi, сучаснiкамi i нашчадкамi за здзек над мовай. Таму пакуль мы вывучаем кожны радок правiл i, не паддаючыся ўплыву зацiкаўленых асобаў i iх меркаванняў, вельмi ўважлiва, асцярожна, з трапяткiм пачуццём ставiмся да гэтага дакумента, усведамляючы, што ад яго залежыць iснасць Беларусi.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?