Украіна і Беларусь мусяць агулам закупіць усе эстонскія шпроты на пяць гадоў уперад. З удзячнасьці. Піша Аляксандар Фядута.

Я сьвядома не выказваў свайго стаўленьня да таго, што адбылося ў Таліне вакол захаваньня рэшткаў савецкіх салдатаў. Я чакаў 8 траўня.

Таму што менавіта на 8 траўня — на дзень заканчэньня Вялікай Айчыннай вайны — было прызначана адкрыцьцё новага захаваньня са старым помнікам — тым самым «бронзавым салдатам».

Гэтага моманту я і чакаў. Мне было цікава, як сябе будзе паводзіць эстонская палітычная эліта.

Яна павялі сябе прыстойна. Прэм’ер‑міністар Эстоніі ўсклаў да магілы вянок ад імя ўраду, цудоўна ведаючы, што гэта выкліча ў апанэнта яшчэ большае раздражненьне.

Апанэнт — Расея.

Я не магу падтрымаць тыя матывы, якімі, на мой пагляд, кіраваўся эстонскі ўрад, пастанаўляючы пра гэта самае няшчаснае перазахаваньне парэшткаў салдатаў. Адпачатку было зразумела, як менавіта расейскамоўнае насельніцтва Эстоніі, а таксама расейскія мэдыі, чыімі вуснамі вяшчала да пэўнага моманту расейскае кіраўніцтва, будуць трактаваць гэныя падзеі. Але прыняўшы гэтае няслушнае, нясвоечасовае, палітычна выбуховае рашэньне, далей урад Эстоніі паводзіў сябе карэктна.

Помнік перанесьлі на могілкі без пашкоджаньняў.

Прах эксгумавалі ў строгай адпаведнасьці заканадаўству і перанесьлі безь якога‑кольвек ганьбаваньня.

8 траўня, як і абяцалі, галава ўраду ўсклаў да манумэнта вянок.

Я маю прэтэнзіі да матываў, але ня маю прэтэнзіяў да дзеяньняў.

Палітычнае глупства было выканана абсалютна культурна. Калі не лічыць пагромаў крамаў, пабітых дэманстрантаў (беларускага АМАПу на іх не было), паралізаванага эстонскага пасольства ў Маскве. І трупа расейца.

Апошняе — падзея выключная. Як распавядаюць — зноў‑такі, расейскія — сродкі масавай інфармацыі, ён браў удзел у акцыях пратэсту і загінуў. Эстонскія сродкі масавай інфармацыі, верагодна, нешта і кажуць, але мы ня ведаем іхнай мовы, ня чулі, у большасьці выпадкаў, пра іхнае існаваньне, а сама Эстонія займае ў нашай сьвядомасьці настолькі нязначнае месца, што калі нешта і чулі, дык — забыліся.

Але ж пра забітага забыцца трудна. Немагчыма. І Расея, вуснамі сваіх дыпляматаў і журналістаў, працягвае пра гэта нагадваць.

Вядома ж, яна тут дае рады нашмат лепей, чым Эстонія. Як той казаў, хто на што вучыўся. І хто чаго вучыўся.

Расея вывучылася асноваў прапаганды і агітацыі.

Эстонія — асноваў эканомікі.

Таму эстонскі ўрад адказаў проста. У той самы дзень, 8 траўня 2007 г., прэм’ер‑міністар Эстоніі адмовіўся сустрэцца з былым канцлерам Нямеччыны Гергардам Шродэрам. Вельмі моцны ўдар.

Не па Нямеччыне ўдар. Па Расеі. Таму што сп.Шродэр ужо даўно ня сябар «сусьветнага Палітбюро», затое значыцца на службе ў расейска‑нямецкім газатранспартным прадпрыемстве.

Абмяркоўваць расейскі службоўца сп.Шродэр, трэба меркаваць, меўся пытаньні будаўніцтва газаправоду па тэрытарыяльных водах, што кантралююцца Эстоніяй. Зь ім не захацелі размаўляць.

Не таму, што Шродэр — чалавек непрыемны. Не. Наадварот, прыемны ва ўсіх адносінах, як праславутая гогалеўская дама. Але ён значыцца на службе ў расейскім СП (такі ў яго статус цяпер). А з Расеяй гутарка асаблівая. Вы, спадарове, патрабавалі байкоту эстонскіх шпротаў? Байкатуйце. Адказ мае закрануць вашыя эканамічныя інтарэсы.

Асабістыя інтарэсы сп.Пуціна. Таму што мала хто меў сумневы, што ён сыдзе ў той самы кансорцыюм, што і ягоны нямецкі сябра і недзе нават паплечнік — адразу па заканчэньні прэзыдэнцкага тэрміну. І ў гэтай якасьці яны будуць па‑ранейшаму кіраваць Эўропай — праз вэнтыль на газавай трубе.

Абодвух паставілі на месца. Ідэалягічнай вайне проціпаставілі вайну эканамічную. Давайце, пахаваем усіх салдатаў, а потым і будзем размаўляць.

У расейска‑эстонскай вайне загінуў усяго адзін чалавек — гэты самы Дзьмітры Г.? Дзякаваць Богу, што толькі адзін. Вось, давайце, яго пахаваем. Выясьнім, ці быў ён палітычнай ахвярай вар’яцкай нэафашыстоўскай палітыкі эстонскага ўраду ці валанцёрам, які вырашыў пад шумок паўдзельнічаць у пагроме крамаў. А з Гергардам Шродэрам сустрэнемся пазьней — няма куды сьпяшацца.

Украіна і Беларусь мусяць агулам закупіць усе эстонскія шпроты на пяць гадоў уперад. З пачуцьця ўдзячнасьці. Чым болей ня будзе працаваць паўночнаэўрапекйскі газаправод, тым прасьцей жыць гэтым манапалістам транзытнага бізнэсу. Ёсьць чым таргавацца з Расеяй.

Сама ж Расея ў такой сытуацыі выглядае як мала годны пераемнік Савецкага Саюзу. Ва ўмовах, калі ў СССР існаваў ідэалягічны стрыжань сыстэмы — тая самая камуністычная ідэалёгія — усе контрапрапагандысцкія войны мелі сэнс. Цяпер камуністычны Саюз распаўся. Расею прынялі — дзякаваць Гарбачову і Ельцыну — у шэрагі цывілізаваных звышдзяржаваў. Яна ж паводзіць сябе ня проста недарэчна — на шкоду ўласным фінансавым і геапалітычным інтарэсам. Ці вы можаце ўявіць слана, які брэша на моську? Вось гэта Расея перад Эстоніяй. Мабыць, яны гэтага не хацелі, але — так выйшла.

Выйшла таму, што самі расейскія кіраўнікі вырашылі перанесьці ўсю накопленую стому ад адносінаў з заходнімі пратнэрамі на маленькую балтыйскую краіну. Цяжка паводзіць сябе ўвесь час прыстойна, трэба ўжо і ногі на стол выцягнуць. Маўляў, каб не сварыцца з Амэрыкай ці Вялікабрытаніяй, адцягнемся на Эстоніі! «Не пачулі» аднаго «нюансу»: гаворка адпачатна ішла не пра ЗНОС помніка загіблым савецкім салдатам, а пра ягоны ПЕРАНОС. Пра цывілізаваную працэдуру.

Дык і паводзьце сябе цывілізавана.

Не захацелі. Сьвядома — не захацелі.

Вось вам.

Але ж ніякі Брусэль не прымусіць галаву ўраду сувэрэннай Эстоніі сустракацца са службоўцамі расейска‑нямецкіх СП. Нават калі іх будзе легіён. Нават калі кожнага зь іх будуць зваць ня тое што Шродэрам — Пуціным! Нават калі ўся Эўропа будзе пакутаваць на нястачу расейскага газу. Нічога — адпакутуюць! Не ў Сібіры, бадай, жывуць!

Уся гэтая расейская гістэрыя выглядала нягегла і нават сьмешна. Першы віцэ‑прэм’ер, міністар замежных справаў, мэр сталіцы, сьпікеры абедзьвюх палат парлямэнту выступаюць па тэлевізіі — пра што?!

Цяпер не загаворыш пра інтарэсы «Газпрому». Гэтага ўжо псыхіка сярэднестатыстычнага расейца не перанясе. Гэта будзе выглядаць як спроба наладзіць дыялёг з тымі, каго «нашысты» менавалі «фашыстамі» і чыю кільку адмаўляецца спажываць Юры Лужкоў з прынцыповых меркаваньняў. То бок, самі ж сабе на хвось змушаныя будуць наступіць.

Вой, веліка Федора, да дура...

Не, пэўне, Лукашэнка мусіць запрасіць свайго эстонскага калегу на кубачак гарбаты з кілішкам «Старога Таліна». Хоць гэтага Расея і зусім не стрывае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?