10.05.2007 / 09:57

Гарадзенскае піва выпадае ў асадак 3

На гарадзенскім піўзаводзе значна зьнізілася вытворчасьць. Канчатковага рашэньня ўласьніка — «Аблхарчпраму» — яшчэ няма, але для ўладаў пытаньне практычна вырашана: стары піўзавод закрыюць.

На гарадзенскім піўзаводзе значна зьнізілася вытворчасьць. Канчатковага рашэньня ўласьніка — «Аблхарчпраму» — яшчэ няма, але для ўладаў пытаньне практычна вырашана: стары піўзавод закрыюць, а ў свабоднай эканамічнай зоне «Гродна-інвэст» зьявіцца новы, і замест уласна гарадзенскага будуць выпускаць замежнае піва. Інвэстар пакуль ня вызначаны, тым больш, што павінен будзе адбыцца тэндэр. Але пад новую вытворчасьць ужо выдзелены чатыры гектары зямлі.

Плюсы і мінусы гарадзенскага піва

У цэнтры гораду я зь цяжкасьцю адшукаў у краме дзьве плястыкавыя бутлі зь мясцовым півам, а яшчэ нядаўна ўлады стваралі ў Горадні перашкоды нават для «лідзкага», і цэлыя халадзільныя шафы былі наладаваныя гарадзенскім півам. Яно, уласна кажучы, ня вытрымала канкурэнцыі, хаця завод існуе з 1877 году. Мы пацікавіліся ў яго дырэктара Андрэя Лосева: ці выпускаецца сёньня піва, ці не?

«Пакуль не магу сказаць ні так, ні не, — адказвае Лосеў. — Таму што скажуць выпускаць — выпускаю, а скажуць не выпускаць — не выпускаю. Так што гэта невялікая камэрцыйная нават, можа быць, таямніца».

У чым жа мінусы гарадзенскага піва? Андрэй Лосеў прызнаецца:

«У кожнага свае традыцыі, у кожнага свае плюсы і мінусы — у кожнага тавару. Мы выпускаем абсалютна натуральны прадукт, без кансэрвантаў. Адзіны мінус, вельмі вялікі мінус, што робіць для гандлю нявыгадным наш прадукт — тэрміны рэалізацыі. Наш прадукт трэба цягам месяцу прадаць, празь месяц піва выпадае ў асадак».

Ці праўда, што ў Горадні магчымы выраб чэскага піва?

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі СЭЗ «Гродна-інвэст» Аляксандар Панамароў паведаміў, што адбываецца пошук новых сучасных тэхналёгій і абсталяваньня, каб прадукаваць на будучым заводзе два мільёны дэкалітраў піва за год.

«Разглядаюцца тры варыянты: поўнасьцю зь бюджэту будзе пабудаваны новы завод і мы купім новыя тэхналёгіі, другі варыянт — сумеснае прадпрыемства, трэці варыянт разглядаецца таксама, паводле яго будзе замежнае прадпрыемства», — расказвае Панамароў.

«Ці праўда, што ў Горадні магчымы выраб чэскага піва?» — пацікавіліся мы ў спадара Панамарова.

Панамароў: «Можа быць чэскага, можа быць германскага, мы размаўляем і з чэскімі, і з германскімі, нават швэдзкія, дацкія фірмы ёсьць ужо. Нам трэба ня проста вырабляць піва, а піва добрай якасьці, якое будзе прадавацца, будзе рэнтабэльным».

Што датычыць працаўнікоў цяперашняга піўзаводу, а іх каля ста чалавек, дык яны атрымаюць працу на новым прадпрыемстве, запэўніў намесьнік кіраўніка адміністрацыі СЭЗ «Гродна-інвэст» Аляксандар Панамароў.

Гарадзенскія ўлады засьпяшаліся з закрыцьцём піўзаводу таму, што ён стаіць на беразе Нёмана каля самага Старога мосту, які яны зьбіраюцца закрыць на рэканструкцыю. Асноўны будынак піўзаводу знаходзіцца ў былым палацы Сапегаў, які на палац даўно не падобны. У сьпісе помнікаў яго няма, і што зь ім будзе — пакуль невядома.

Сяргей Астраўцоў, Радыё Свабода

0
omu / Адказаць
10.05.2007 / 12:31
Пачнуць вырабляць тыповы пастэрызаваны напой пад вядомым iмём, якiм завалены ўсе крамы, хоць сапраўды жывое пiва карыстаецца сярод аматараў добрай славай i знайшло бы пакупнiка i ў Беларусi, i ў Эўропе, i ў Расеi... Да, гандляваць складаней, але зараз гэта тавар вышэйшага гатунку, кошт якога павiнен быць у разы больш за нейкi Holsten. Шкада.
0
виталий / Адказаць
10.05.2007 / 18:24
..и до беларуси докатились.. повезет, если будет сп, но если все скупят - не останется нармального пива.. кто живет в россии, меня поймет.. тут все захапали 4 компании. марки, бывшие ранее ну хотя бы нормальными (нет, наше белорусское вкуснее.. даже москвичи бывает собираются дегустировать по 5 чел на бутыль..эх), очень испортились.. и это еще не все.. я уже боюсь в палатках покупать.. и даже в магазинах..- после пива вроде как известных мне марок с вроде как не истекшим сроком годности болит живот.. от литра!!! для сравнения: от не самого поганого белорусского в худшем случае заболит голова, литров так после 4-5..
0
michal.on / Адказаць
11.05.2007 / 01:59
Ну і хай закрываюць! Самае паганае беларускае піва!
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру