Ня дзеля щласнага гонару будзе сказана, але як адзіны беларускамоўны жаўнер на ўсю брыгаду, я выклікаю ўвагу сярод усяго вайсковага грамадзтва, а пры знаёмстве з новымі людзьмі я амаль што заўсёды сутыкаюся з адзіным шэрагам лягічныях пытаньняў:

— Пэўна, ты зь вёскі?

— Так, зь вёскі! — адказваю, разумеючы, што суразмоўцу зачапіла мая незвычайная гаворка.

— А адкуль? А ў вас там усе па‑беларуску гавораць? Не? Дык, пэўна, ты навучаўся ў беларускамоўнай школе? А бацькі? Размаўляюць па‑расейску?

Першае ўражаньне: хлопец зь вёскі, які гаворыць па‑вясковаму і проста ня ведае райсейскай мовы. А потым зьдзіўленьне!

— Як? З вышэйшай адукацыяй і размаўляеш па‑беларуску ўсяго паўтара году? А чаму пачаў?! — надыходзіць новы шэраг пытаньняў.

Даводзіцца грунтоўна тлумачыць, што размаўляць па‑беларуску зусім ня лёгка, і ішоў я да гэтага яшчэ са школьных гадоў, а чаму — дык на гэта пытаньне даўно выпрацаваўся канкрэтны адказ: «Лічу беларускую мову роднай. Ці я не магу размаўляць на роднай для сябе мове? Каб яна жыла і разьвівалася, патрэбныя беларускамоўныя людзі!»

«Выбачайце! — кажу тым, хто настойліва ўпрошвае перайсьці на расейскую. — Значыць, будзем маўчаць!» Можа, гэта і няправільна, але ісьці на кампраміс у гэтым пытаньні я магу толькі з тымі, хто сапраўды не разумее маёй гаворкі, а такіх аказваецца вельмі мала, што ня можа ня радаваць.

Сярод усяго камуфляжнага грамадзтва, зь якім мне давялося пазнаёміцца, толькі адзінкі пакінулі непрыемныя пачуцьці. Астатнія ці падтрымлівалі мяне, ці, лічачы сьцёбным размаўляць па‑беларуску, усё ж такі задумваліся над пытаньнем важнасьці мовы, на якой размаўляеш. На жаль, не паболела беларускамоўных жаўнераў, бо, насамрэч, гэта цяжка размаўляць па‑беларуску сярод цалкам расейскамоўнага грамадзтва, нават для мяне, бо сам часам пераходжу на трасянку.

Але радуе тое, што беларуская мова жыве. Хоць і сьпіць, але жыве! Жыве сярод вясковых пустак, пакідаючы ў галовах вяскоўцаў асобныя словы ды выразы, якія дзе‑нідзе ды самвавольна ўскочаць у гутарку. А таму ў нас яшчэ шмат працы, каб паказаць, наколькі мілагучная і звонкая нашая мова. А на пачатку варта размаўляць па‑беларуску паўсюль і не баяцца, што цябе не зразумеюць. (Не разумеюць — паўтары яшчэ раз, ужо па‑расейску, бо ня іх віна, што мовы ня ведаюць). Быць талерантным і не ісьці на канфлікт — гэта цяжка, але колькі прыемных момантаў можна спаткаць на сваім нялёгкім шляху.

Зусім іншая сытуацыя з маёй палітычнай пазыцыяй. Падтрымкі тут значна меней: цяжка зразумець простаму вясковаму хлопцу, чым я не задаволены. А мне цяжка ўжо і растлумачыць, бо для мяне з кожным днём становіцца ўсё больш віртуальным маё звычайнае жыцьцё (так званая «гражданка»), а я ўсё больш станаўлюся «віртуальным» для сваіх сяброў.

Слова «апазыцыянер» у большасьці асацыюецца з БНФ і «адмарозкамі, якія выходзяць на плошчы». А праз тое, што я быццам бы да адмарозкаў не падыходжу, мяне адносяць да БНФ.

Ды і пазыўны мне доўга не давялося прыдумляць. «БНФ» дык «БНФ». Што ж, хоць я не адношуся да гэтай партыі, мне прыемна. Прыемна адчуваць гонар за Пазьняка, які ў адначасьсе стаў «ворагам народу» і ўтварыў самую пазнаваемую народам партыю нават цяпер, калі ўплыў БНФ у апазыцыі адносна невялікі. Большасьць жа жаўнераў, якім цікава размаўляць са мною на палітычный тэмы, проста баяцца, што пры зьмене ўлады будзе горш. І я не магу зь імі не пагадзіцца. Будзе крызіс, як палітычны, так і эканамічны, але мы стаім пад пагрозай страты незалежнасьці. І лепей цяпер зламаць руку (зьмяніць уладу, выклікаўшы крызіс), чым празь некалькі гадоў перабіць хрыбет (крызіс сам паглыне краіну і ня будзе бачна іншага выхаду, як увайсьці ў склад Расеі).

Яшчэ шмат розных момантаў (прыемных і непрыемных) падаравала мне войска, але пакуль аб іх лепей маўчаць. ДМБ не за гарамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?