Прачытаў у «Блакітным агеньчыку» артыкул «Ці варта апраўдваць сексотаў?», і надта ж ён падаўся актуальным. Бо акурат дзён за дзесяць перад тым давялося размаўляць з жанчынай, якая ў 1940‑м нарадзілася ў ГУЛАГу ад бацькоў, рэпрэсаваных з ласкі суседа‑сексота. Маці яе, занятая з 5 раніцы да 12 ночы працаю на лесапавале, каб ня даць немаўляці загінуць (двух сыноў‑немаўлят яна ўжо перад гэтым страціла), мусіла сушыць пялюшкі дачкі, абгарнуўшы іх вакол уласнага цела. Жанчына распавядала пра жыцьцё‑быцьцё, а мне чамусьці ўвесь час паўставалі перад вачыма тыя мокрыя пялюшкі і той сексот‑даносчык. Які ён быў? Чэрствы? Жорсткі? Бесчалавечны? Ці, можа, наадварот, валодаў такой тонкай ды датклівай душою, што яна не дазволіла яму ўрэшце застацца чалавекам?

Вось і дбай тут пра тое, «каб не параніць душу» згаданага ў артыкуле маладога сексота. Ды ня проста сексота, а, як вынікае са зьместу артыкула, — не слабога цыніка. З генэрацыі тых, відаць, найноўшых, што гэтак лёгка выяўляюць цынізм у дачыненьні да іншых, але праявы якога (а то і куды меншага зла) так балюча ўспрымаюць у дачыненьні да сябе. А калі гэта яшчэ і ўсьвядомлены выбар маладога чалавека?

Канечне, галіць пад адзін грэбень усіх нельга. Ведаю аднаго былога сексота, прыкладна равесьніка героя артыкула, які зрабіў па маладосьці аблудны выбар, але знайшоў у сабе сілы адпрэчыць яго, не зрабіць справаю жыцьця. Дык тут і язык наўрад павернецца штосьці маладзёну закідаць.

Кожны наш учынак на некім адбіваецца. Здараецца, што і ламае каго, і калечыць. Са згаданаю на пачатку гэтага допісу жанчынаю мы дамаўляліся па тэлефоне пра сустрэчу дзесьці праз тыдзень. А сталася так, што спаткаліся выпадкова на наступны дзень пасьля дамовы. Якое было маё зьдзіўленьне, калі яна дастала з тэчкі, нібыта каб спраўдзіць асобу, хоць я пра тое й не прасіў, выдадзенае аж у 1948 годзе пасьведчаньне аб рэабілітацыі сям’і. «Вы што, заўсёды яго з сабою носіце?» — спытаў я. — «Заўсёды, вось ужо на працягу больш як 50 гадоў, — адказала мая суразмоўніца і амаль шэптам дадала: — Ведаеце, ці мала што можа здарыцца…»

Гадоў пятнаццаць таму давялося разам выступаць падчас літаратурных чытаньняў з цудоўным чалавекам, цяпер ужо нябожчыкам, паэтам Паўлам Пруднікавым. На добры раман, пэўна, хапіла б таго, што распавядаў сп. Павал у прыватных размовах у перапынках паміж выступамі пра лягернае жыцьцё. А заходзіў у аўдыторыю — і быццам падмянялі чалавека: скупа, сьцісла, мінімум фактуры. «Чаму так, Павал Іванавіч?» — запытаўся ў яго аднаго разу. — «Ды я й рады быў бы больш распавесьці, — адказаў, — але ж дзеці просяць: глядзі, бацька, надта не вымыкайся, мала як можа стацца…» І распавёў пра першае спатканьне з сынам ад першага шлюбу, перарванага ў выніку арышту й высылкі ў ГУЛАГ. Як сядзелі ўдваіх — ні свае, ні чужыя — за сталом ды шукалі таго, што хаця б крыху магло зрадніць пасьля 40 гадоў адсутнасьці ў жыцьці адно аднаго.

Вось такія раны душаў, загнаных на паўстагодзьдзя ў рэзэрвацыю страху шчыраванкамі завербаваных ды добраахвотных сексотаў. То каго найперш будзем шкадаваць?

Закранула ж тэма яшчэ й таму, што на пачатку году самому давялося з даносчыкам блізка, так бы мовіць, ушчыльную сутыкнуцца. Калі паплылі‑паляцелі ў інстанцыі лісты з патрабаваньнямі «принять меры» ў сувязі з публікацыямі ў «Нашай Ніве». І калі аднае радасьці з усяго таго заставалася, што ня нехта мітычна‑староньні, а які‑ніякі знаёмы паэт гэныя гнюсныя даносы выдаў «на‑гара». Ды яшчэ — што часы, маўляў, ня тыя. Часы, можа, і ня тыя. А мы? Тым больш, што гадзіньнік, у адрозьненьне ад часу, як ні круці — рэч рукатворная.

Франц Сіўко, пісьменьнік.
Газэта «Свабода»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0