Пакуль не будуць створаны роўныя ўмовы для суб’ектаў гаспадарання Беларусі і Расіі, падстаў для стварэння валютнага саюза паміж краінамі няма, заявіў сёння журналістам старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч.

Паводле яго слоў, увядзенне расійскага рубля — гэта пытанне не да цэнтральных банкаў, а да ўрадаў краін, і ў першую чаргу, да расійскага, які адышоў ад дамоўленасцей, прадугледжаных у сумесным плане ўрадаў і цэнтрабанкаў дзвюх дзяржаў. Дарэчы, дакументам былі прадугледжаны аднолькавыя цэны на энерганосьбіты для Беларусі і Расіі. Адыход ад гэтых дамоўленасцей адклаў пытанне стварэння манетарнага саюза з Расіяй на нявызначаны час, адзначыў кіраўнік Нацбанка.

Пётр Пракапавіч таксама нагадаў, што ўсе падыходы да стварэння валютнага саюза былі вырашаны яшчэ ў 2003 годзе. Аднак тады Беларусь і Расія не ўзгаднілі пытанні прадастаўлення нашай краіне стабілізацыйнага крэдыту ў суме $2 млрд. тэрмінам на 3 гады для аказання падтрымкі эканоміцы Беларусі ў пераходны перыяд. Такім чынам, паводле слоў Пятра Пракаповіча, «мяч па‑ранейшаму на расійскім баку».

Пры гэтым кіраўнік Нацбанка Беларусі падкрэсліў, што з Цэнтрабанкам Расіі вядзецца актыўная работа, наладжаны прадукцыйныя адносіны — гэта ў цэлым павінна садзейнічаць павелічэнню тавараабароту паміж краінамі.

Ён таксама праінфармаваў, што 24‑26 мая ў Мінску адбудзецца чарговае пасяджэнне Міжбанкаўскага валютнага савета Беларусі і Расіі.

БЕЛТА

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0