Курская карпарацыя «ГриНН» плянуе збудаваць у абласных цэнтарах Беларусі чатыры гіпэрмаркеты «Лінія». Кожная крама абыдзецца кампаніі ў $16,3 млн. Экспэрты папярэджваюць курскую кампанію аб непазьбежных праблемах, паведамляе «Коммерсант»

У Гомелі «ГриНН» ужо атрымаў пляцоўку ў 3 га пад першую краму, выйграўшы конкурс на доўгатэрміновую арэнду (99 гадоў) зямельнага надзелу больш чым за $1 млн. Крама разьмесьціцца на вуліцы Хатаевіча і будзе пабудаваная за адзін год. У Гомелі маюць збудаваць два гіпэрмаркеты, а таксама па адным у Віцебску і Магілёве. Паводле уладальніка карпарацыі «ГриНН» Мікалая Грашылава, у Беларусь кампанія патрапіла дзякуючы падтрымцы губэрнатара Курскай вобласьці Аляксандра Міхайлава, які мае сяброўскія адносіны зь беларускім кіраўніцтвам.

Канкурэнты ды экспэрты не падзяляюць аптымізм кіраўніка курскай кампаніі. Так, дырэктар па разьвіцьці групы кампаніяў «Вестер» Міхаіл Раманенка паведаміў пра пляны замацавацца на беларускім рынку. Але ўжо ў якасьці арандатара, у адрозьненьне ад «ГриНН». Сп. Міхайлаў падкрэсьліў, што плянуючы разьвіцьцё бізнэсу ў Беларусі, варта ўлічваць асаблівасьці мясцовага палітычнага ладу. На яго думку, складанасьці з узгадненьнем дакумэнтацыі могуць расьцягнуць будаўніцтва на гады. Ня варта таксама забывацца на магчымасьць дзяржкантролю ў сфэры цэнаўтварэньня. У сваю чаргу дырэктарка гомельскай фірмы «Кантакт» Ірына Кудраўцава, што валодае супэрмаркетам «Аркада», лічыць пазытыўнай навіной пабудову гандлёвага аб’екту такіх маштабаў: «На сёньня ў горадзе найбуйнейшая гандлёвая пляцоўка не перавышае 1 тыс. кв. м., таму пабудову гандлёвага цэнтру памерам 16 тыс. кв. м. варта толькі вітаць». Спн. Кудраўцава пры гэтым перасьцерагае кіраўніцтва курскай кампаніі, што ад пачатку будаўніцтва на плечы «ГриНН» гарадзкія ўлады ўскладуць абавязак па папаўненьні мясцовага фонду разьвіцьця і ўладкаваньня прылягаючых тэрыторыяў.

Карпарацыя «ГриНН» — шматпрофільнае прадпрыемства, якое займаецца будаўнічым, гадлёвым, рэстаранным, гульнявым бізнэсам, аўтаперавозкамі. Гіпэрмаркеты «Линия» адчыненыя ў сямі гарадах Расеі. Раздробавы зварот у мінулым склаў $290 млн.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?