Толькі што прачытаў інтэрвію з палітолягам і вэтэранам трэцяга сэктару Уладзімерам Роўдам. З аднаго боку, ён дэманструе зайздросны аптымізм: "Уладам рана ці позна давядзецца здацца". Разам з тым, ягоныя меркаваньні пра каго-кольвек з апазыцыйных правадыроў гучаць вельмі жорстка.

Вось гэты пасаж, напрыклад: "У нас жа атрымалася, што трэці сэктар ня проста займаецца палітыкай — з кастрычніка 2005 году ён манапаліст у палітычнай сфэры. Я лічу: гэта надта дрэнна. Тыя людзі, што прыйшлі ў палітыку з трэцяга сэктару, далёкія ад разуменьня таго, што такое палітычная барацьба і як яе весьці. Яны прызвычаіліся жыць паводле законаў трэцяга сэктару, калі ёсьць праект і гэты праект трэба адпрацаваць, напісаць добрую справаздачу і, галоўнае, ня трапіць пад гарачую руку ўладам".

Няцяжка здагадацца, у чый гарод каменьчык. Натуральна, прыхільнікі былога адзінага кандыдата пакрыўдзяцца. На мой жа погляд, гэтую выснову ("далёкія ад разуменьня..." і г.д.), як ні сумна, можна экстрапаляваць ці не на ўсю так званую аб'яднаную апазыцыю. "Пасяджэньне сельскага савету ў лепшыя саўдэпаўскія часы", — так знішчальна ахарактарызаваў менскую канфэрэнцыю дэлегатаў кангрэсу Барыс Гарэцкі. Сапраўды, апатэоз мышынай валтузьні ў зьвязку з падрыхтоўкай да чарговага "гістарычнага форуму" зьнішчае рэшткі аўтарытэту партыйных правадыроў у вачах тых, каго яны клічуць "прыхільнікамі пераменаў".

Так, шмат хто марыць пра перамены, але быць масоўкай у танных спэктаклях дурняў няма. Нават калі ўявіць сабе, што на чарговым форуме зацьвердзяць геніяльную стратэгію перамогі, то ў гэтых палкаводцаў, без сумневу, будуць праблемы з наборам у войска.

Зрэшты, я хацеў сказаць пра іншае. Паколькі ў выходныя болей часу, то пераараў нарэшце як след зьмесьціва рубрыкі "1991 — 2006: вынікі" — гэтага, на жаль, ня надта раскручанага "праекту "Салідарнасьці". Прачытаў цэлы шэраг цікавых інтэрвію, да якіх не даходзілі рукі.

Напрыклад, са Зьмітром Саўкам. Вось ён заяўляе: "Нават калі б мяне выклікаў Радзькоў і прапанаваў: "А давай, Саўка, заўтра ўвядзём у школе тваю "тарашкевіцу", давай мы гэтую кніжку зробім падручнікам!", я б сказаў: "Не...".

Хіба не інтрыгоўна? То чытайце! А яшчэ там гутаркі з Івонкай Сурвілай, Міхасём Скоблам, Валянцінам Акудовічам, Артурам Клінавым, Лявонам Вольскім, Станіславам Шушкевічам, Аляксандрам Вайтовічам, Юр'ем Зісэрам, Алегам Манаевым, Жанай Літвіной...

Адно што рубрыцы, на мой густ, ня шкодзіла б болей беларускай мовы. І Шушкевіч, і Вайтовіч, і той самы Роўда выдатна ёю валодаюць і ў расейскім варыянце ўспрымаюцца трохі штучна.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?