Працягваюцца земляныя працы на плошчы Свабоды ў Віцебску. 12 траўня, нягледзячы на прадпісанне загадчыка аддзела культуры аблвыканкама Ніны Сулецкай спыніць усялякую дзейнасць на месцы, дзе раней стаяў комплекс будынкаў Свята‑Мікалаеўскага сабора, катлаван значна пашырылі — ён сягае каля 7 метраў у даўжыню, 5 метраў у шырыню і мае глыбіню да 2 метраў.

Паводле слоў спадарыні Сулецкай, пракладку камунікацый на тэрыторыі плошчы Свабоды для будучага моладзевага забаўляльнага цэнтра замовіў «Віцебскводаканалу» гарадскі выканаўчы камітэт Віцебска. Аднак, паколькі працы адбываюцца на тэрыторыі, дзе могуць быць рэшткі пабудоў яшчэ з 12 стагодзьдзя, патрэбнае ўзгадненне інстытутам гісторыі Акадэміі навук. Выканаўцы такога дазволу не маюць, аб чым Ніна Сулецкая ды іншыя адказныя асобы склалі пратакол, засведчыўшы факты парушэння закону пра ахову гістарычнай спадчыны.

Парэшткі будынкаў, якія вымаюцца з‑пад зямлі экскаватарамі вывозяцца ў не вядомым накірунку. Такім чынам знішчаюцца артэфакты, якія маюць бясспрэчную археалагічную каштоўнасць, і наносіцца непапраўныя страты гістарычным аб’ектам.

Сяржук Серабро, Народныя навіны Віцебску

***

У Віцебску працягваюць бурыць зямлю на плошчы Свабоды, дзе некалі быў Свята‑Мікалаеўскі сабор і шэраг іншых культавых будынкаў. 13 траўня месца земляных працаў наведаў старшыня гарвыканкама Пётр Драздоў. Ён загадаў сваім падначаленым «дать штраф, а если возобновят работы — опять оштрафовать».

Да прыезду кіраўніка гарадской адміністрацыі працы былі прыпыненыя, аднак пасля абеду яны аднавіліся. Зноў на поўную моц запрацавала буравая ўстаноўка, а на плошчу Свабоды прыгналі ажно тры экскаватары і некалькі самазвалаў ды трактары з прычэпамі.

Пад вечар у цэнтры Віцебска, дзе чыніцца акт вандалізму, сабралася купка моладзі і вернікаў, якія занепакоеныя знішчэннем парэшткаў помніка дойлідства 18 стагоддзя. Стыхійна на агароджу катлавана сталі чапляць чорныя жалобныя стужкі. Прысутная грамада прапанавала такім чынам выказаць свой пратэст усім неабыякавым да лёсу гістарычнай спадчыны горада — прыйсці і прывязаць чорную стужку на плошчы Свабоды.

У гэты ж час пракантраляваць ход пракладкі каналізацыі прыехаў кіраўнік «Віцебскводаканала» Міхаіл Грынберг. На пытанне журналістаў, чым матывавана разбурэнне гістарычных каштоўнасцяў ён даў досыць няўцямны адказ: «В туалет все хотят ходить. А без этой трубы канализацыя работать не может». Застаецца загадкай — ці то раней віцябляне ў прыбіральню хадзілі радзей, ці то гадзіць сталі мацней…

Працы працягваліся і тады, калі на горад апусцілася цёплая травеньская ноч. На буравой устаноўцы запаліліся фары. Аднак вандалы не разлічылі майстэрства нашых продкаў дойлідаў — пад час праходжання мура кляштарнага будынка, які зараз выконвае функцыі апорнай сцяны, зламаўся бур. Таму прыкладна ў 22:30 працы былі спыненыя і частка тэхнікі пакінула плошчу Свабоды.

Сяржук Серабро, Народныя навіны Віцебску

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0