Сёньня спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэньня Уладзіслава Галубка, беларускага драматурга, тэатральнага рэжысэра, актора, мастака-дэкаратара, пэйзажыста. Галубок быў першым Народным артыстам БССР.

Уладзіслаў Галубок (сапр. Голуб) нарадзіўся 15 траўня 1882 г. на станцыі Лясная (сёньня вёска ў Баранавіцкім раёне). Працаваў грузчыкам на чыгунцы, прыказчыкам у краме, слесарам у дэпо. «У 1896 г. за грошы, заробленыя на выгрузцы дроў, я набыў білет на галёрку мінскага тэатра. Там і ўзьнікла ў мяне думка стаць артыстам...».

У 1917—1920 гадах — Уладзіслаў Галубок — актор і рэжысэр Першага таварыства беларускае драмы і камедыі, з 1920 г. — кіраўнік Драматычнай сэкцыі культурна-асьветнай арганізацыі «Папараць?кветка» ў Слуцку. У 1920 г. стварыў і быў мастацкім кіраўніком Трупы беларускіх артыстаў У. Галубка пры Беларускім рабочым клюбе ў Менску (потым Трэці Беларускі дзяржаўны тэатар). Гэта быў вандроўны тэатар, зь якім Галубок зьездзіў усю Беларусь. Тэтар Галубка карыстаўся вялікай папулярнасьцю ў гледачоў.

Сам Уладзіслаў Галубок напісаў каля 40 п’есаў на розныя тэмы.

Пры канцы 1920-х Галубка зьвінавацілі ў нацыяналістычным ухіле, а ў 1931 г. Галубка адхілілі ад мастацкага кіраўніцтва БДТ-3. У 1937 г. Уладзіслаў Галубок быў рэпрэсаваны. Паводле афіцыйнай вэрсіі У. Галубок памёр ад гіпэранічнай хваробы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0